Гарачым сэрцам клуб не ацяпліць…

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Блуканні па "t°эмпературных" пакутах
Мы ехалі па гомельскай зямлі, міналі шматлікія лясы (спрэс — сосны ды пясок) і разважалі над тым, што ўсе папярэднія дні аўтаваяжу па Магілёўшчыне ды Гомельшчыне не далі абсалютна ніякіх падстаў сцвярджаць, што ў нейкай установе культуры парушаецца працоўны распарадак дня. Паўсюль у адпаведнасці з шыльдамі-абвесткамі былі адчынены дзверы, паўсюль у бібліятэках былі наведвальнікі, а ў кожным клубе, які сустракаўся на маршруце, мы пастаянна знаходзілі для сябе штосьці нестандартнае, а значыць — цікавае. Выпадковасць? Напэўна, не. Хутчэй за ўсё — заканамернасць. У Асіповіцкім, Бабруйскім, Глускім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Нараўлянскім раёнах цудоўна адчуваюцца і прафесійнае стаўленне да справы, і творчая самадастатковасць большасці пабачаных намі ўстаноў культуры. На другую палову нашай экспедыцыі запланавалі наведаць яшчэ хоць адну вёску Нараўляншчыны і сам райцэнтр, а таксама праехацца да Турава праз Лельчыцкі і Жыткавіцкі раёны.

Ідэя — старшыні райсавета

Знаёмства з Нараўляншчынай прадоўжылі ў аграгарадку “Вербавічы”. Вёска размясцілася на самай мяжы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У свой час яе абмінуў лёс высялення… Яшчэ раз просім прабачэння ў мясцовай бібліятэкаркі Галіны Кавальчук: пабачыўшы нас, яна, бядачка, так напалохалася, што не на жартачкі напалохала і нас. У чарговы раз давялося даводзіць, што мы — не правяраючыя, а журналісты, шукаем вясковыя брэнды, інавацыйныя праекты, каб распіярыць крэатыўную працу (калі яна сапраўды крэатыўная) сельскіх работнікаў культуры.

/i/content/pi/cult/451/9484/10-1.jpeg /i/content/pi/cult/451/9484/10-2.jpeg

/i/content/pi/cult/451/9484/10-3.jpeg /i/content/pi/cult/451/9484/10-4.jpeg

/i/content/pi/cult/451/9484/10-5.jpeg

/i/content/pi/cult/451/9484/10-6.jpeg

У чым асаблівасць мясцовай бібліятэкі? Галіна Кавальчук патлумачыць не здолела: хвалявалася. Мы заўважылі тую асаблівасць самі. На самым бачным стэлажы выстаўлена, бадай, галоўная для мясцовых жыхароў літаратура: пра тое, як жыць, харчавацца і весці гаспадарку на землях, забруджаных радыёнуклідамі. Прынамсі, у іншых бібліятэках такой карыснай падборкі кніг не заўважалі…

А вось старшыня мясцовага сельсавета Валерый Рагуля нас не напалохаўся. Наадварот: з самым строгім выглядам праверыў пасведчанні, даведаўся, што мы — з “Культуры”, і памякчэў. Выснову пасля такога знаёмства мы зрабілі наступную: мясціны гэтыя журналісцкімі візітамі ніяк не разбэшчаны. А Валерыю Рагулю было што нам распавесці. І ў першую чаргу — пра будучы мясцовы брэнд, ідэю якога падказала старшыня Нараўлянскага райсавета народных дэпутатаў Ала Навуменка.

Аказалася, толькі другі дзень (на момант нашага прыезду) як пачалася праца па добраўпарадкаванні будынка будучага музея, які мае размясціцца ў старадаўняй драўлянай хаце якраз насупраць Дома культуры. Яго спецыфіка — краязнаўчая. Справа ў тым, што ў мясцовым СДК назапасілася шмат этнаграфічных матэрыялаў: жыхары самі прыносяць музейныя прадметы, ратуючы іх ад знішчэння. Канцэпцыя музея таксама ўжо распрацавана: сваімі сіламі. Па словах Валерыя Рагулі, не прадбачыцца і дадатковай штатнай адзінкі для музея: ім будуць апекавацца мясцовыя СДК і бібліятэка. Ды і сродкі на ажыццяўленне ідэі — мінімальныя. Але ж галоўнае, можа, і не ў багатым фінансаванні, а — ва ўсведамленні людзьмі каштоўнасці мясцовай традыцыйнай культуры, жаданні зрабіць свой родны куток больш прывабным…

Палацавыя таямніцы

Пра неабходнасць адраджэння палацава-паркавага комплексу ў Нароўлі “К” пісала-перапісала. Да прыкладу, у 2009 годзе запаветная мара старшыні Нараўлянскага райвыканкама Валерыя Шлягі і начальніка мясцовага аддзела культуры Віктара Захаранкі, можна сказаць, ушчыльную падышла да ажыццяўлення. Як паведамляла наша газета, была зроблена тады праектна-каштарысная дакументацыя коштам у 220 мільёнаў рублёў на адраджэнне парку з узнаўленнем ягонага першапачатковага дэндралагічнага і архітэктурна-ландшафтнага складу. Варта дадаць, што дакументацыя гэтая рыхтавалася па архіўных першакрыніцах, адшуканых аж у Польшчы. Але садоўніка ў штат аддзела наймаць яшчэ рана. У тым жа 2009-м складанне праектна-каштарыснай дакументацыі на сам палац спынілася з-за адсутнасці фінансавання. Не з’явілася яно і па сёння. На аднаўленне і парку, і палаца тады патрэбна было, па падліках “Праектрэстаўрацыі”, не менш чым 30 мільярдаў рублёў. Уявіце, наколькі павялічылася гэтая сума за чатыры гады! Словам, мара так і засталася марай…

Не, сапраўды, за палац ды нараўлянцаў крыўдна. У якія толькі дзяржпраграмы ні ўключалі яны сядзібу Эдварда Горвата! Але па невядомай логіцы адзін з самых прыгожых ды маляўнічых райцэнтраў чарнобыльскага краю так і застаецца без архітэктурнай цікавосткі, што вабіла б турыста на “Залатым кольцы Гомельшчыны”…

І гэтым разам мы агледзелі і парк, і палац. Першы, хоць і страціў старасвецкую веліч, па-ранейшаму застаецца самым папулярным месцам адпачынку. Другі — паступова разбураецца... На тарцы будынка з’явіўся надпіс: “Вы забілі гонар горада!”. Да каго звернута гэтае сцвярджэнне? Пытанне рытарычнае. Як ні хочацца гэтага прызнаваць, звернута яно і да нас, журналістаў “К”. Не ў поўны голас узнімалі праблему, не да ўсіх, ад каго вынік справы залежыць, звярнуліся. Дык няўжо сітуацыя — невырашальная?

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктар Захаранка кажа, што “палацавыя” грошы планавалася атрымаць у чацвёртым квартале бягучага года. Але і гэтае фінансаванне было знята. Словам, з усяго комплексу прыстойна на сёння выглядае хіба толькі маяк. І глядзіць ён з прыпяцкага берага нямым дакорам…

Нароўлю наведваю з заўсёднай радасцю. Мо таму, што сам родам з Веткі, якая таксама пацярпела ад чарнобыльскай навалы? Мо таму, што Нароўля стараннямі раённага кіраўніцтва выглядае ў сацыяльным плане нашмат лепш за Ветку? У Нароўлі нядаўна адрэканструявалі РДК. У Ветцы ж да гэтага толькі падступаюцца: рамантуюць глядзельную залу. Дарэчы, і ў Ветцы калісьці быў палацавы комплекс. Праўда, захаваліся ад яго толькі адзін драўляны будынак ды напаўссечаны парк, а імя ягонага пана-ўладальніка цяпер нават і спецыялісты не ўзгадаюць. Няўжо такі лёс напаткае і сядзібу Горвата ў Нароўлі?..

Музей над Прыпяццю

Нараўлянскі музей этнаграфіі і народных рамёстваў, відавочна, мае вялікі турыстычны патэнцыял. Установа месціцца ў цікавым з архітэктурнага пункта гледжання драўляным будынку пачатку ХХ стагоддзя, унесеным, да слова, у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Не менш цікавыя — і экспазіцыйныя залы музея, дзе можна пазнаёміцца і з адметнай калекцыяй прасаў, і са зборам унікальных ручнікоў Нараўлянскага раёна. Пераканаліся, што музей апраўдвае сваю назву: народныя рамёствы ва ўстанове займаюць пачэснае месца. Таксама, як і майстры. Да прыкладу, прадстаўлены цяслярскія вырабы Юрыя Каробскага, змешчана інфармацыя пра іх аўтара. Ёсць у музеі і ўзоры бондарскага, даўбёжнага рамяства — можна атрымаць поўнае ўяўленне адносна драўлянага посуду, якім карысталіся нашы продкі, — узноўлены і інтэр’ер сялянскай хаты.

Нельга не адзначыць і такую важную працу музея, як штогадовыя экспедыцыі па зборы этнаграфічнага матэрыялу ў адселеных вёсках. Такім чынам па кавалачках збіраецца агульная карціна народнай культуры раёна.

Здавалася б, калі Нараўлянскі край багаты на народных рамеснікаў, то і будзе што набыць на памяць у музейнай краме. На жаль, прадстаўленыя нешматлікія сувеніры, відавочна, арыентаваны на заможных турыстаў. Гледзячы на маленькія гліняныя вырабы, якія каштуюць звыш ста тысяч, з’яўляецца такое адчуванне, што прадстаўлены яны хутчэй для “птушачкі”. А дзе той жа набор драўляных лыжак, бондарскія вырабы? А танныя паштоўкі ды магніцікі для тых жа школьнікаў? Не трэба быць маркетолагам, каб ведаць, што з сувенірнай прадукцыі будзе карыстацца попытам, а што — не…

Шчыра прызнаюся, пабываць у Нароўлі хацелася даўно. З-за двух прычын: старадаўняга палаца і кандытарскай фабрыкі, якая выпускае надта ўжо смачныя пасцілу, зефір і мармелад ды непаўторныя па смаку цукеркі “Птушынае малако”.

А чаму б не сумясціць прыемнае з карысным: да прыкладу, арганізаваць зефірнае свята ля сцен адроджанага палаца ці пакуль хаця б у парку? Упэўнены, аматары пекцінавых вырабаў з усёй Беларусі, а мо і з замежжа, наведалі б такі фэст.

Поўны клуб праблем

Наступным раёнам у нашым маршруце стаў ЛЕЛЬЧЫЦКІ — цікавы сваімі ўнікальнымі і вартымі ўнясення ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO абрадамі, палескімі краявідамі, але нават у большай ступені за Нараўлянскі раён абдзелены ўвагай сталічнай прэсы, у тым ліку і “Культуры”. Што ж, будзем выпраўляць сітуацыю!

Першым пунктам Лельчыцкага раёна вырашылі абраць вёску Буда-Сафіеўку. Прызнаемся, заінтрыгавала, найперш, назва. Ды і абмінуць драўляную сядзібу мясцовай сельскай бібліятэкі-клуба, размешчанай ля трасы, мы не маглі. Магчыма, у іншым выпадку, сустрэўшы абвестку пра абедзенны перапынак ва ўстанове, мы рушылі б далей, але не гэтым разам. Нейкае пачуццё падказвала: трэба пазнаёміцца з клубам і яго кіраўніком.

Пачакаць пару гадзін да адкрыцця клуба вырашылі ў бліжэйшай краме, балазе яна размяшчалася за якую сотню метраў. Прыемна здзівіла магчымасць не толькі купіць тое-сёе з прадуктаў (гэтым, вядома ж, нікога сёння не здзівіш), але і пакаштаваць кавы з печывам, седзячы пад музыку за ўтульным столікам ды пазіраючы на мясцовыя краявіды. Не менш прыемнымі аказаліся і супрацоўніцы крамы (так сталася, што ў час нашага падарожжа асноўнымі інфарматарамі былі менавіта прадаўшчыцы), якія расказалі пра клубнае жыццё ў вёсцы, а таксама параілі абавязкова дачакацца загадчыцы клуба, альбо нават завітаць да яе ў госці, што мы і зрабілі.

Ужо з першых хвілін знаходжання ва ўтульнай хаце Ніны Шышканавай пераканаліся: такога неабыякавага да сваёй працы чалавека трэба яшчэ пашукаць! Не паспелі мы пераступіць ганак, як Ніна Іванаўна пачала ўводзіць нас у курс клубных спраў, пры гэтым расказваючы ўсё як на духу. Як высветлілася, за вонкава прывабнай будынінай бібліятэкі-клуба з навюткімі шклопакетамі хаваецца да мяжы праблемная ўстанова.

Але пра ўсё — па парадку. Будынак установы — драўляная хаціна — быў перавезены ў Буда-Сафіеўку на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. На жаль, прафесіяналізму будаўнікам не хапіла: магчыма, з-за эканоміі для хаціны не быў зроблены падмурак. У выніку — у маразы ў бібліятэцы-клубе зімна, колькі ні палі печ, а абагравальнікам асабліва не пакарыстаешся: ліміты на электраэнергію не ўлічваюць пралікаў будаўнікоў. А мерзнуць, вядома ж, не жадаюць ні патэнцыйныя чытачы, ні ўдзельнікі гурткоў ды самадзейнасці.

Вядома, грамада можа пагрэцца пад рытмічныя гукі музыкі пад час дыскатэк. Але і такі варыянт цяжка ажыццявіць без неабходнай тэхнікі (што і казаць, калі загадчык бібліятэкі-клуба вымушаны карыстацца ўласным DVD-прайгравальнікам, а акампаніятар прыносіць свой ноўтбук ды мікрафон…). Пры гэтым на ўсе заяўкі на апаратуру, у тым ліку святламузыку, праектары, з раёна прыходзілі толькі адмовы. А ці ж нармальная сітуацыя, калі на выязныя канцэрты ў суседнія вёскі супрацоўнікі СБК вымушаны за свае грошы наймаць транспарт?..

Тым не менш, як мы пабачылі, Ніна Шышканава прыкладае ўсе намаганні, каб мясцовым жыхарам было цікава завітваць у бібліятэку-клуб. Кніжныя зборы пастаянна папаўняюцца, ажыццяўляецца і папулярны сёння буккросінг. 250 чытачоў — да слова, не толькі мясцовых жыхароў, але і прыезджых дачнікаў. З апошніх праектаў: гісторыка-пазнаваўчая віктарына, экалагічныя гульні для школьнікаў, кніжная выстаўка, прысвечаная асветнікам зямлі беларускай.

Ведае загадчыца бібліятэкі-клуба і пра "Каменных дзевачак" — беларускі абрад, звязаны з шанаваннем старажытных каменных крыжоў антрапаморфнай формы, якія захаваліся ў Лельчыцкім раёне. Нам прапанавалі паглядзець дакументальную стужку пра гэтую ўнікальную з’яву, а таксама падказалі дарогу да адметных камянёў. А вось экскурсіі ў вёску Данілевічы, дзе захаваўся абрад, на жаль, не арганізоўваюцца. Шкада, бо хто ж найперш будзе шанаваць старажытныя традыцыі, як не мясцовыя жыхары?

Вяртаючыся да побытавых момантаў, нельга не звярнуць увагу на такі прыкры момант, як адсутнасць прыстойнай прыбіральні. Не заўважылі мы і навесу для дроў. Думаецца, вырашэннем гэтых пытанняў павінен займацца не толькі загадчык клуба-бібліятэкі, а мясцовыя ўлады. Без іх падтрымкі — аніяк.

Па словах Ніны Іванаўны, колішні начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў наведваў гэты аб’ект і застаўся неабыякавым да яго лёсу. Ён і прапанаваў разгледзець магчымасць пераезду бібліятэкі-клуба ў цагляны будынак мясцовай школы, большая частка якога пустуе. Праўда, і тут ёсць свае “але”. Да прыкладу, чаму гэтая ідэя не з’явілася перад тым, як ставіць нятанныя шклопакеты? Хапае і іншых пытанняў.

У цэлым, сітуацыя зразумелая: непадалёк ад Буда-Сафіеўкі размяшчаюцца аграгарадок з шыкоўным СДК, філіял Дзіцячай школы мастацтваў. Але ж ці гэта нагода забывацца на існуючыя вясковыя клубы, якія, відавочна, не страцілі сваёй актуальнасці сярод мясцовага насельніцтва? Як тут не пагадзіцца з думкай Ніны Іванаўны, што вёска — унікальны соцыум, страціць які проста сорамна…

Карацей, сурочылі. У пачатку аўтавандроўкі з праблемамі амаль не сутыкаліся, а напрыканцы яе ўсё ж давялося падсапсаваць сабе настрой. Удвая горш, што праблемы гэтыя тычацца палескіх земляў, пацярпелых ад чарнобыльскай бяды, што, як падаецца, павінна аб’ядноўваць людзей на сумесны пошук канструктыўнага выйсця. Але нешта не бачна таго пошуку…

Мінск — Магілёўская вобласць — Гомельская вобласць — Мінск

Фота аўтараў

 

 

Першыя артыкулы аўтапрабега па Магілёўшчыне і Гомельшчыне чытайце тут ды тут.

Матэрыялы ранейшых аўтапраектаў "К" чытайце тут:

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына;

Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"