Мінск: праз прызму часу

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Мінск — сталіца суверэннай еўрапейскай дзяржавы, і гэтая акалічнасць вымагае іншага погляду на гісторыю горада. І насамрэч, сённяшняя даведачная, папулярная і асветніцкая літаратура пра сталіцу ахоплівае ўсю тысячагадовую гісторыю апошняй — ад заснавання горада да нашых дзён. У гэтым рэчышчы напісана і кніга журналіста Віктара Корбута “Минск. Лучший вид на этот город”.

/i/content/pi/cult/450/9442/6-2.jpeg

Кніга вартая таго, каб яе пачытаць ці хаця б пагартаць. Аўтар выступае як даследчык, але перадусім застаецца журналістам, для якога вельмі важна з першых радкоў, а лепш — ад загалоўка, завалодаць увагай чытача. Загалоўкі ж раздзелаў гучаць, як назвы дэтэктыўных аповедаў: “Визиты” из прошлого”, “Перстень с чёрным вороном”, “Родословное древо на Голгофе”, “Зубчатое колесо истории в лучах солнца”, “Фолианты под сапогами”…

Пачынаецца кніга развагамі пра месца нараджэння горада (навукоўцы дасюль спрачаюцца па гэтым пытанні), а завяршаецца інтэрв’ю з народным мастаком Беларусі Маем Данцыгам, які першым з жывапісцаў адчуў і геніяльна ўвасобіў у карцінах сталічны маштаб Мінска. Аўтар вядзе чытача па адроджаным Верхнім горадзе ды зруйнаванай Нямізе; распавядае, як Мінск набываў сталічны шарм і страчваў сентыментальную правінцыйную ўтульнасць; спыняецца ля мемарыяльных шыльдаў на фасадах і згадвае тых, каго шыльдай з розных прычын не ўшанавалі, між тым, як сусветнай вядомасці горада яны паспрыялі…

У кантэксце кнігі аўтар звяртаецца да тых старонак гарадской гісторыі, што раней у літаратуру, разлічаную на масавага чытача, не траплялі, былі вядомыя хіба даволі вузкаму колу спецыялістаў. Гэта аповеды пра драматычны лёс мінскіх храмаў, пра побытавыя ды палітычныя рэаліі сталінскага часу, пра тое, як горад жыў пад нямецкай акупацыяй… Выданне змяшчае шмат фатаграфій, якія адлюстроўваюць мінскую даўніну з нечаканага для шырокай грамады боку…

Найбольшая каштоўнасць кнігі ў тым, што яе напісаў чалавек дасведчаны, уніклівы і… закаханы ў Мінск. З многіх фактаў, якія на першы погляд могуць падацца нязначнымі, аўтарам выбудоўваецца канцэпцыя, паводле якой Мінску ад нараджэння быў наканаваны вялікі лёс. А апошнюю старонку кнігі закрываеш з думкай, што галоўныя падзеі мінскай гісторыі — яшчэ наперадзе…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"