Пра мастачку па тэкстылі Маргарыту Шчамялёву можна сказаць, што яна даволі гарманічна спалучае ў сваёй творчасці абодва падыходы. Не ігнаруе новых павеваў і новых тэхнічных магчымасцей, з разуменнем ставіцца да эстэтычных стэрэатыпаў, пануючых у асяродку людзей, неабыякавых да мастацтва, не замыкаецца ў коле аднойчы знойдзеных вобразаў, але пры гэтым застанецца сама сабой. А стылёвая трансфармацыя, што назіраецца ў ейнай творчасці апошніх гадоў, абумоўлена не вонкавымі абставінамі, але мае ўнутраную матывацыю.
Маргарыта Шчамялёва — не толькі мастак, але і педагог. У сферы мастацкай адукацыі яна працуе з 1981 года, а з 1995-га — выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сведчаннем высокага аўтарытэту мастачкі сярод калег з’яўляецца яе ўдзел у журы шэрагу міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў мадэльераў ды габеленшчыкаў.
Дадзеная персанальная выстаўка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва мае назву “Колер-2013”. Гэта значыць, што габелены, прадстаўленыя у экспазіцыі, былі вытканы нядаўна ды раней не экспанаваліся. Але праўда і тое, што колер — найгалоўнейшы чыннік у творчых работах Маргарыты. Прадстаўленыя габелены выкананы ў аўтарскай тэхніцы ручнога ткацтва. Тут мастак усё робіць сам, у адрозненне ад сітуацыі, калі аўтар стварае толькі эскіз, а рэалізуюць творчую задуму ў матэрыяле іншыя людзі. Маргарыце Шчамялёвай падабаецца рабіць габелен, як жывапісец піша палатно; адступаючы ад пачатковай задумы, калі ў тым узнікае патрэба, уносячы карэктывы ў твор непасрэдна сваёй рукой. Творы экспазіцыі разлічаны на гледача з развітым асацыятыўным мысленнем. Але найперш гэта — рэчы, здольныя ўпрыгожыць які заўгодна інтэр’ер. Габелены Шчамялёвай паводле формы і зместу — элітарнае мастацтва для людзей паспалітых.