Клуб ля дарогі. Спыніцца ці не?

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі / Магілёўшчына і Гомельшчына: Частка ІІІ
Гомельшчына ўразіла заселенасцю. Калі на Віцебшчыне, скажам, мы назіралі паселішчы ў трыццаць-сорак жыхароў, дык на гомельскім Палессі вёскі ў колькасным плане — ці не ў дзесяць разоў буйнейшыя. А непадалёк — радыялагічны запаведнік. І на ўзбочынах лясных трас нас пастаянна суправаджалі папераджальныя знакі “Асцярожна — радыяцыя!”... І гэтая акалічнасць пэўнай жыццёвай абмежаванасці насычала нашу вандроўку надзвычайным філасофскім сэнсам. Маўляў, мы прыехалі на дзень-другі — ды зніклі, а тутэйшыя людзі тут жывуць і працуюць: іх падтрымліваць трэба ўсяляк. Інакш кадравы дэфіцыт, уласцівы, як вядома, не толькі сферы культуры вобласці, застанецца праблемай з праблем. І доказаў таму на аўтамаршруце сустрэлася нам шмат.

Хатка — пад вышываныя прасціны

“Мы — ля дарогі, — смяюцца дырэктар СДК вёскі Казловічы Калінкавіцкага раёна Любоў Савіцкая і бібліятэкар Тамара Манько. — Нас з начальства ніхто не праміне: едуць па трасе — абавязкова завітваюць!”

/i/content/pi/cult/450/9433/10-1.jpeg /i/content/pi/cult/450/9433/10-2.jpeg

/i/content/pi/cult/450/9433/10-3.jpeg /i/content/pi/cult/450/9433/10-4.jpeg

Мы — не начальства, мы — журналісты, але таксама не абмінулі гэтую ўстанову культуры. І яшчэ ў фае пераканаліся: цікава тут — не толькі начальству. Справа ў тым, што любога госця сустракае не стандартны набор пралак-качалак, уласцівы этнакутку, які ўладкоўваюць цяпер ці не ў кожным сельскім клубе. Не, фармальнай стандартнасцю ў Казловічах і не пахне! У экспазіцыі — больш чым унікальная калекцыя вышываных прасцін. Мы такога буяння вышывальніцкай фантазіі дагэтуль і не бачылі. А побач — вышыванкі ды сарафаны, у якіх век таму бегалі на танцы сённяшнія бабулі ды дзядулі з Казловічаў. Такім цудам і сталічны музей не пагрэбуе. Адкуль? “Ды вось ад тых самых дзядуль і бабуль, — тлумачыць Любоў Савіцкая. — Я ў свой час працавала сацыяльным работнікам, таму і давяраюць мне жыхары, заўжды ідуць насустрач…”

“Аднойчы ў бібліятэку прыйшоў чытач у вышыванцы,  — распавядае, у сваю чаргу, Тамара Манько, — а назад пайшоў… без яе. Угаварылі, пераканалі, стаў той чытач мецэнатам, а вышыванка — вось яна”. Сітуацыя з “рэквізіцыяй” сарочкі толькі знешне нагадвае дасціпную показку з нязмушанага вясковага жыцця, дзе адзін аднаму — сваяк ды родзіч. А калі разабрацца грунтоўна, дык больш выразнага доказу высокага аўтарытэту казловіцкай сельскай установы культуры і не прыгадаеш…

На той момант мы падумалі, што гэтым слаўным кабетам дапамагаць і сэнсу няма — яны самі каму заўгодна дапамогуць. Аднак ужо на першай хвіліне размовы пераканаліся: не, дапамога — патрэбна. Калекцыя прасцін упэўнена павялічваецца. Слава пра яе даўно гуляе далёка за межамі Казловічаў. Як кажуць вяскоўцы, у СДК спецыяльна едуць для таго, каб сфатаграфавацца на фоне вышыванага хараства. За такія фотасесіі, смяюцца, час ужо грошы браць як за культурныя паслугі самага высокага кшталту.

Дык вось, зарадзілася ў Савіцкай ды Манько ідэя змясціць калекцыю ў адну з вольных хатак: атрымаецца адмысловы сельскі музей. Чым не праект далейшага развіцця ўстановы? Ідэя — на стадыі разгляду. А мы са свайго журналісцкага боку заклікаем мясцовыя сельсаветаўскія ўлады падтрымаць яе рэалізацыю з самым належным стараннем. Брэндавасць вёскі, у рэшце рэшт, — справа ўсеагульная.

Пабачыць “У тумане”

Вясковы музей — далёка не апошняя цікавостка мясцовай культуры. У Казловіцкім СДК дзейнічае аж 11 гурткоў. Пра адзін з іх варта расказаць больш падрабязна. Мы, да прыкладу, нідзе на сяле не бачылі кінаклубаў з імправізаванай відэазалай, уладкаванай у службовым кабінеце кіраўніка ўстановы. Любоў Савіцкая прынесла з дому свой (!) тэлевізар і з дапамогай плэера дэманструе мастацкія стужкі, пераважна беларускія, якія дастае ў Калінкавічах. Сумуе, што менавіта беларускіх — пакуль мала. Тым не менш, у рэпертуары паказаў на першым месцы стаіць фільм “У тумане” паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Чым не доказ, што дырэктар Казловіцкага СДК  — не толькі арганізатар вольнага часу, але і асветнік?..

Так, пад такі праект і грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не сорамна атрымаць. (Пра тое, хто і за што гэтыя гранты можа займець, чытайце на стар. 2 сённяшняга нумара “К”.) Тады, прынамсі, не давядзецца цягнуць з дому ў клуб уласную тэхніку.

Лішне казаць, што бібліятэкар Тамара Манько — таксама крэатыўшчыца. Здолела ўцягнуць у чытацкае кола нават дачнікаў з горада. І ў клубных мерапрыемствах, як бачна, заўжды выступае паплечніцай кіраўніка СДК Любові Савіцкай. Тая смяецца: “Прымаўка “Мы з Тамарай ходзім парай” — пра нас!” Той рэдкі выпадак, калі з сельскімі кадрамі на Гомельшчыне — поўны ажур. Словам, не спыніцца ля казловіцкай установы — грэх.

Такія клубы і бібліятэкі ля дарогі цягам гэтага аўтапрабегу будуць нам трапляцца на Гомельшчыне неаднойчы. Але, забягаючы наперад, зазначым: гэткай паўнавартаснай ды цікавай установы мы на сваім маршруце, на жаль, больш не сустрэнем…

А журналісцкая заўвага — толькі адна. У бібліятэцы аграгарадка “Казловічы” няма падключэння да Інтэрнэту. Але заўвага гэтая — не да сельскіх работнікаў, а да аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Rock’n’roll заўжды жывы!

І мы ў гэтым пераканаліся пасля выпадковага наведання Дзіцячай школы мастацтваў вёскі Дудзічы Калінкавіцкага раёна.

Па шчырасці, асноўнымі аб’ектамі чарговага адрэзку падарожжа мусілі стаць мясцовыя Цэнтр народнай творчасці і бібліятэка. Атрымалася інакш. Наш візіт па часе прыпаў якраз на абедзенны перапынак у гэтых установах. Але, як аказалася, прыехалі ў Дудзічы мы зусім не дарэмна.

Нас сустрэла дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў Лідзія Есьман. Нягледзячы на бягучыя клопаты (як-ніяк наш візіт прыпаў на пачатак навучальнага года), Лідзія Міхайлаўна падзялілася сваімі клопатамі і, што немалаважна, напрацоўкамі. Апошніх, да слова, вельмі шмат. Яскравае сведчанне таму — дыхтоўны музей. І не абы-які, а — музычнай апаратуры савецкага часу. Практычна ўсе экспанаты — з уласнай калекцыі Лідзіі Міхайлаўны.

Пагадзіцеся, сённяшняй моладзі цяжка нават уявіць, што яшчэ нядаўна бабінныя музычныя прайгравальнікі важылі не адзін кілаграм. І гэта прытым, што сучасны плэер можна змясціць на далоні. Музей якраз і выконвае функцыю гістарыёграфа: дазваляе акунуцца ў атмасферу “савецкай музычнай рамантыкі”, таксама як і даведацца пра паступовы тэхнічны прагрэс.

Галоўнымі экспанатамі сталі радыёпрыёмнікі (адзін з якіх — “Звезда” 1954 года выпуску — сапраўдны рарытэт!), радыёлы, бабінныя і партатыўныя касетныя магнітафоны, грамафоны. Адметна, што большасць з прадстаўленых экспанатаў — працоўныя. Можна толькі ўяўляць, якія эмоцыі ў савецкай моладзі выклікала гэтая апаратура ўсяго паўстагоддзя таму...

Музей, што ператварыў звычайную сельскую школу мастацтваў у незвычайную, — ёсць, а вось камп’ютарнай тэхнікі, як высветлілася ў размове з Лідзіяй Есьман, — пакуль няма…

Няма і канкурэнцыі з боку ўстаноў культуры за дзяцей. Але прычыны тут больш прыемныя: як адзначыла Лідзія Міхайлаўна, падлеткі паспяваюць і на заняткі ў школу мастацтваў, і на гурткі ў Цэнтр народнай творчасці, і ў бібліятэку — зрабіць урокі. Балазе ў Дудзічах вучыцца шмат дзяцей з суседніх вёсак — аўтобус іх развозіць па дамах бліжэй да вечара. Да гэтага часу яны ў распараджэнні ўстаноў культуры. Да слова, са 112 вучняў агульнаадукацыйнай школы палова  — актыўныя ўдзельнікі Цэнтра народнай творчасці і школы мастацтваў. Пра тое, што дзецям даспадобы наведваць установы культуры, сведчыць і такі красамоўны факт: трое цяперашніх выкладчыкаў школы мастацтваў — яе выпускнікі.

Лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Менавіта ў брэндавым музейчыку Дудзічаў я адчуў рок-н-рольны павеў сваёй неўтаймоўнай маладосці. Ліцэнзійныя кружэлкі The Beatles, якія каштавалі на чорным рынку палову зарплаты, транзістар, што нават у самы застойны час упэўнена прымаў “Голас Амерыкі”, 20-кілаграмовая “Камета”, якую куды толькі ні цягаў, каб запісаць пабольш забароненага Высоцкага… Карацей, яшчэ той сацрэалізм, брэндавыя ўзоры якога ніколі не выходзілі з моды. За такую светлую настальгію сёння прынята плаціць вялікія грошы. А ў Дудзічах я ўсё атрымаў бясплатна! Выснова ж наступная: дырэктар Дудзіцкай ДШМ у сваім крэатыве — першая. Усе астатнія будуць паслядоўнікамі. Выдумляйце свой крэатыў, змагайцеся за першынство!..

Якая будучыня ў завайцюкоў?

Далейшы наш шлях ляжаў на Нароўлю. Ехаць вырашылі праз Мазыр — і яшчэ раз пераканаліся ў пакручастасці дарог гэтага прыгожага палескага горада, а таксама ў яго велізарным турыстычным патэнцыяле.

Менавіта ў Нараўлянскім раёне ўпершыню пачалі сустракацца знакі з забаронай на знаходжанне ў пэўных месцах з-за радыяцыйнага забруджвання. Часам дарога выступала своеасаблівай мяжой, падзяляючы “чыстую” і “брудную” тэрыторыі.

Побач з такім раздарожжам нам патрапілася вёска з прыгожай і трохі дзіўнаватай назвай Завайць. Запыталіся, як называюцца ў адпаведнасці з найменнем паселішча яго жыхары. Аказалася: “завайцюкі”.

Доўга шукалі ўстанову культуры. Блукалі вакол пустуючых будынкаў, якіх у вёсцы хапае. Яно і не дзіва: побач — зона. Як вядома, лепшыя аналітыкі — дворнік ды прадавец. З прычыны адсутнасці першага завялі знаёмства з другой. Крамніца, як аказалася, сюды на працу ездзіць з райцэнтра. Такі “вахтавы” метад — таксама прыкмета радыяцыйнай Гомельшчыны… Дык вось, жанчына распавяла, што ў СДК да нядаўняга часу кіравала маладая кабета, якую за грубыя парушэнні дысцыпліны давялося звольніць. (Вось вам і кадравая чахарда!) Знайшлі, быццам, ёй у замену дзяўчыну. А СДК — вунь ён, праз дарогу…

Пазнаёміліся з дзяўчынай. Як аказалася, Юлія Туравец на пасадзе дырэктара СДК працуе ўсяго некалькі тыдняў. Спадчына, скажам шчыра, дасталася ёй не шыкоўная: апаратуры для правядзення масавых мерапрыемстваў практычна няма. А тое, што і ёсць — вартае, у лепшым выпадку, вышэйзгаданага дудзіцкага музея. Не выклікаюць аптымізму і сляды ад моцнай залевы на столі…

Але, як мы пераканаліся з размовы, Юлія перад цяжкасцямі не пасуе. Ёй падабаецца праца з моладдзю, арганізацыя культурных мерапрыемстваў. І няхай пакуль у дзяўчыны няма спецыялізаванай адукацыі: у наступным годзе яна плануе па накіраванні ехаць вучыцца ў Магілёў.

Першы ж арт-праект Юліі — невялікая дзіцячая выстаўка. Акрамя малявання, дзеці ў Завайці з ахвотай займаюцца і ў гуртку па спевах. Тым больш, ёсць на каго раўняцца: пры СДК далёка не першы год дзейнічае калектыў народных спеваў “Завайцянка”. Акрамя таго, дзеці прыходзяць на дыскатэкі, што з’яўляецца ці не адзінай платнай паслугай. У СДК маецца хай сабе і старое, але дзеючае абсталяванне для настольнага тэніса. Не чакалі мы ўбачыць і добрую трэнажорную залу, наведванне якой, як і тэніснай секцыі, — бясплатнае. Па словах Юліі Туравец, улетку СДК кожны вечар наведваюць каля дзесяці чалавек.

З праектаў Юліі: аднаўленне дзейнасці кінатэатра. Абсталяванне, хай сабе і пакуль няспраўнае, але ж маецца. Не будзе лішнім, на думку дзяўчыны, і пашырэнне колькасці гурткоў для прадстаўнікоў розных узростаў.

Пры ўсёй адказнасці дырэктара Завайцянскага СДК, відавочна адно: установе і яе кіраўніку патрэбна дапамога — як тэхнічная, так і метадычная.

Лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Наведваючы ўстановы культуры Гомельшчыны, звярнулі ўвагу на адзін прыкры момант. Пераважная большасць шыльдаў з указаннем назвы і падпарадкавання ўстановы аформлена на рускай мове. Бясспрэчна, у нашай краіне Канстытуцыяй замацавана двухмоўе. З іншага ж боку, хто, як не ўстановы культуры, будзе несці, а дакладней — захоўваць ды папулярызаваць роднае слова? Хочацца верыць, што нашым шанаваным культасветработнікам, а таксама мясцовым чыноўнікам неабыякавая адзіная і непаўторная — дзяржаўная беларуская мова…

Агульнае лірычнае адступленне

Сельскім установам культуры Гомельшчыны, што трапілі ў свой час у зону забруджання, патрэбна дапамога — і метадычная, і фінансавая. І пакуль гэта не ўсвядомяць у раённых аддзелах ды абласных упраўленнях, спецыялісты будуць пачуваць сябе абдзеленымі, а кадравае пытанне так і застанецца нявырашаным…

Мінск — Магілёўская вобласць — Гомельская вобласць — Мінск

Фота аўтараў

 

 

Чытайце артыкулы аўтапрабега па Магілёўшчыне і Гомельшчыне: частка І і частка ІІ.

Матэрыялы ранейшых аўтапраектаў "К" чытайце тут:

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына;

Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"