Дык дзе магіла Адамовіча?
Не першы год у нашай краіне робяцца захады па прыцягненні турыстаў у глыбінку. Адна з новых ідэй, прысвечаных гэтаму пытанню, была агучана ў матэрыяле мінулага нумара “К”: эксперты падзяліліся думкамі, як “здружыць” наша кіно з турызмам.
Адным з такіх “кінатурыстычных” аб’ектаў можа стаць і пасёлак Глуша ў Бабруйскім раёне. Справа ў тым, што менавіта тут правёў дзяцінства ды юнацтва выдатны беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч. Менавіта на гэтай зямлі сусветна вядомаму літаратару давялося змагацца з нямецка-фашысцкімі акупантамі. І якраз вобразы Глушы ды яе жыхароў можна сустрэць у ягонай дылогіі “Партызаны”. Як вядома, паводле твора зняты мастацкія фільмы, у тым ліку найбольш вядомы — “Сыны ідуць у бой”, для якога Уладзімір Высоцкі напісаў песні.
Але ці эфектыўна выкарыстоўваецца брэнд Адамовіча? З гэтым пытаннем мы завіталі ў мясцовую бібліятэку, што размяшчаецца на другім паверсе Глушанскага пасялковага дома культуры.
Як аказалася, пра славутага земляка тут не толькі памятаюць, але і актыўна папулярызуюць ягоную літаратурную спадчыну сярод чытачоў, найперш — моладзі. Што і казаць, калі да кнігі з аўтографам Алеся Адамовіча можна не толькі дакрануцца, але і ўзяць пачытаць дадому. Прысвечана пісьменніку і адмысловая выстаўка “Алесь Адамовіч здалёк і зблізку”: з кнігамі, асабістымі рэчамі творцы, архіўнымі фотаздымкамі, аздобленымі цытатамі Івана Мележа, Рыгора Барадуліна ды ўласна самога літаратара.
І тым не менш, як справядліва адзначыла мастацкі кіраўнік мясцовага Дома культуры Людміла Вячорка, такой выстаўкі яўна недастаткова для “піяру” літаратурнай спадчыны Алеся Адамовіча, не кажучы ўжо пра прыцягненне турыстаў…
Але ж якія перспектывы наперадзе! Мы спыніліся непадалёк ад Дома культуры — ля колішняй глушанскай аптэкі, якая перажыла драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай. Сёння гэты 80-гадовы драўляны будынак рыхтуецца стаць Музеем Алеся Адамовіча “Вайна пад дахамі”. Па словах Людмілы Вячорка, восенню 2007-га на баланс тагачаснага аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама быў прыняты будынак былой аптэкі з зямельным участкам, размешчаны насупраць даваеннага дома Адамовічаў. Сімвалічна, што ў будынку колішняй аптэкі на пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачыналася праца Алеся Адамовіча ў антынацысцкім падполлі…
Музей будзе стварацца сумеснымі намаганнямі родных Алеся Адамовіча (маецца дамоўленасць пра перадачу для экспанавання матэрыялаў з сямейнага архіва), Глушанскага пасялковага савета, а таксама пры падтрымцы шырокай грамадскасці. Зараз адбываецца распрацоўка эскізнага праекта рэканструкцыі і музеефікацыі будынка.
Ужо ад’язджаючы, не маглі не ўшанаваць цудоўнага творцу, завітаўшы на мясцовыя могілкі, дзе ён знайшоў свой апошні прытулак. У адрозненне ад будучага музея, на пошук могілак і самога месца пахавання пісьменніка давялося змарнаваць багата часу: на жаль, ні ўказальніка, ні нейкай прыдатнай схемы для прыезджых аматараў творчасці Алеся Адамовіча мы не сустрэлі. Як і ў большасці аналагічных сітуацый, нам дапамаглі мясцовыя жыхары.
Мемуары ад Абуховіча
Чарговы пункт нашага прыпынку — чарговы сюрпрыз. Гэтым разам — прыемны… Чым адметная вёска Калацічы Глускага раёна? Любы вандроўнік збочыць з трасы і прачытае на грунтоўнай шыльдзе, умацаванай на ўнушальным валуне, што менавіта тут нарадзіўся Альгерд Рышардавіч Абуховіч-Бандынэлі — паэт, байкапісец, перакладчык, мемуарыст. Але для нас прыемнасць у тым, што валун гэты ўсталяваны ля сельскай бібліятэкі. Без сумневу, самае прыдатнае месцейка.
Таму і гасцей ва ўстанове культуры заўжды шмат. А з гэтай нагоды і кніжная выстаўка, што распавядае пра нацыянальнага асветніка XIX стагоддзя, — досыць грунтоўная. Бібліятэкарка Ганна Парахаўнік — на сваім месцы: і пра навінкі літаратуры разважае ўпэўнена, і з камп’ютарнай тэхнікай — на “ты”. Дарэчы, у бібліятэцы — два камп’ютары. Для Магілёўшчыны — норма будзённай бібліятэчнай справы. У іншых абласцях бібліятэкары, калі даведваюцца — зайздросцяць…
Крыху паразважалі з Ганнай Уладзіміраўнай, што такое актыўны чытач. Распавяла яна, што ў зоне абслугоўвання — 700 жыхароў, на 500 з іх заведзены фармуляры, а актыўны чытач той, хто наведвае бібліятэку два разы на месяц, — такіх набіраецца два дзясяткі.
Але гэта, натуральна, не азначае, што іншаму вяскоўцу ўваход ва ўстанову забаронены. Бібліятэка — гэта яшчэ і цэнтр сацыяльных стасункаў. Праўда, не ўсе вяскоўцы пра тое ведаюць. Значыць, упэўнена Ганна Парахоўнік, варта больш прыцягваць да бібліятэчнай справы і “не чытачоў”. І прыцягваць — яркімі справамі. Мы пагадзіліся. Сапраўды, чым не яркая творчая справа: прапанаваць вяскоўцам паспрабаваць сябе (як колісь і Альгерд Абуховіч) у мемуарыстыцы? А потым адвесці пад гэтыя рукапісныя творы бібліятэчныя паліцу, стэлаж… Прынамсі, мы такога ў іншых установах пакуль не заўважалі.
Лірычнае адступленне Яўгена Рагіна
Дзесьці на вясковым тракце падабралі і падвезлі маладую жанчынку. Ехала яна моўчкі, бо, як аказалася, прыслухоўвалася да нашай размовы. А гутарылі мы пра ўсё і ні пра што. Але ж не тэма гутаркі яе цікавіла, а мова, на якой яна вялася. На развітанне запыталася: “Вы, хлопцы, откуда?” “З газеты “Культура”, — адказалі мы. “Приблизительно такого ответа и ждала, — зазначыла спадарожніца. — Мову сейчас только от минчан и услышишь”. Я да чаго ўсё гэта? Ды проста да таго, што на нашым Усходзе жывучая толькі трасянка, а родная мова жыве хіба ў школьных сценах. Нездарма беларусы замежжа папракаюць нашых бібліятэкараў, што не надта актыўна прапагандуюць тыя беларускую мову. Такой выснове і не запярэчыш…
Бубнаўка развіваецца
Дзякуючы гасціннасці начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Святланы Беразоўскай, начавалі ў Бубнаўцы. Яшчэ па дарозе ў гэты культурна-забаўляльны комплекс, пераўтвораны аддзелам з колішняга летніка, дамовіліся, што згадваць пра гэтую камерцыйную структуру не будзем, бо на старонках “К” пісалі пра яе шырокія эканамічныя магчымасці неаднаразова. Але прыехалі, пабачылі, паслухалі і вырашылі: хоць адным словам, ды варта ўзгадаць, бо з’явілася тут шмат новага.
Да прыкладу, — амфітэатр. А гэта доказ таму, што Бубнаўка набывае ўсё большую папулярнасць. Тут ладзяцца платныя вяселлі. Неўзабаве з’явіцца паветка для гледачоў. У Бубнаўцы можна не толькі камфортна пераначаваць, грунтоўна падсілкавацца, але і павандраваць на чоўне па рэчцы. Да платных паслуг дадаліся і конныя шпацыры. З коньмі Інфанта і Тамарына мы пазнаёміліся адразу. Непрадказальная Тамарына на радасцях ледзь не з’ела мабільнік аднаго з нас.
Той ноччу гасцявыя дамкі Бубнаўкі не пуставалі. Комплекс таму і развіваецца, што дае стабільны ды немалы даход. Але, скажыце, хто з работнікаў культуры краіны (апрача Святланы Беразоўскай) узяў на ўзбраенне метады акцябрскага гаспадарання? Між тым, летнікаў, якія гібеюць без сэнсу, у Беларусі хапае. Як і носьбітаў жыццёвага прынцыпу “Не трэба нам лішняга клопату на ўласны карак”. Але ж “лішні клопат” — гэта і ёсць канкрэтны праект упэўненага развіцця. Дарэчы, такіх праектаў у Акцябрскім раёне — больш чым дастаткова.
Дык якой павінна стаць бібліятэка?
На гэтае пытанне паспрабавалі даць адказ з дапамогай супрацоўніцы клуба культурна-сацыяльных паслуг і сельскай бібліятэкі з вёскі Буда Таццяны Варозінай. Але спачатку — пра сацыяльную арыентацыю названай установы. Усё проста: палова вяскоўцаў — пенсіянеры. І не столькі кнігі іх цікавяць (дарэчы, фонд у Будзе — мізэрны), колькі жывыя цёплыя зносіны, на якія ў наш імклівы час — сапраўдны дэфіцыт. Да гонару Таццяны Міхайлаўны, менавіта такія стасункі тут і наладжаны. Ёсць зала, тэлевізар, прайгравальнік, а чай запарыць ды пірагоў спекчы — не вялікая праблема. Вось яна і вырашаецца тут ці не штовечар. А пад самавар і кніжку пагартаць можна. У выніку невялічкая па магчымасцях бібліятэчка мае амаль сотню чытачоў…
Вы запытаецеся: ну а брэнд у Будзе які? А самы што ні ёсць адмысловы ды выключна важны для кожнага з нас: у будынку сельскай установы культуры з 1943-га да 1944 года месціліся палескія абкамы партыі і камсамолу, а таксама — штаб палескага партызанскага злучэння. Хто з маладых ведае сёння пра мужную ды незалежную Рудабелку?
Значыць, пад гэтым клубна-бібліятэчным дахам павінны збірацца і слухаць сведкаў тых падзей не толькі мясцовыя жыхары, але і моладзь з Акцябрскага, Гомеля, Мінска… Чым не яшчэ адзін доўгатэрміновы праект культурна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, ды яшчэ напярэдадні юбілею вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы?..
Лірычнае адступленне Кастуся Антановіча
Адным з самых яркіх “падарожных” эпізодаў нашай вандроўкі па Акцябрскім раёне стала дарога да Бубнаўкі, а дакладней — драўляны мост праз Пціч. Гэтае, чымсьці падобнае на старасвецкае, збудаванне ў асяроддзі маляўнічых краявідаў не магло пакінуць абыякавым. Напэўна, невыпадкова ў гэтым месцы (мост нібыта лучыць гісторыю з сучаснасцю) з’явілася думка пра цікавы факт: яшчэ адносна нядаўна, у пачатку мінулага стагоддзя, Акцябрскі меў іншую назву — Рудабелка. І вельмі прыемна, што сёння пра гэты факт можна даведацца не толькі з кніг. Нават на рэйсавых аўтобусах красуецца надпіс: “Рудабелка — 330 гадоў”. Дык ці не час яму з’явіцца і на картах?..
Чэхі дапамаглі
У Краснай Слабадзе — чарговая нечаканасць: мясцовы Сельскі дом народнай творчасці, якім кіруе самаадданая і энергічная Таццяна Маладзьянава, рыхтуецца да стварэння дасугавага цэнтра для дзяцей і моладзі за… чэшскія грошы. Дадзены праект, як нам падалося, сам па сабе — брэнд і прыклад крэатыву ды творчай прадпрымальнасці. Мы высветлілі, што беларуска-чэшскія стасункі зарадзіліся ў свой час па ініцыятыве тагачаснага ўпраўлення культуры Гомельскага аблывканкама і ці не ўсіх структур аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама. Ініцыятыва сама па сабе не мае ў краіне прэцэдэнтаў. Але ўдвая радуе тое, што даведзена яна да поўнай праектнай рэалізацыі пры фінансавай падтрымцы (больш за 60 мільёнаў рублёў), аказанай Паслом Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дагмар Наваградска.
Аграгарадок славіцца шматдзетнымі сем’ямі. З 646 жыхароў — большая палова не старэй за сорак гадоў. Таму сістэмная праца з дзецьмі і моладдзю стала для Дома народнай творчасці прыярытэтнай. У аграгарадку смяюцца, што і прозвішча кіраўніка клубнай установы сваю станоўчую ролю адыграла. Дапамаглі і чэхі. У выніку былі набыты музычная апаратура, камп’ютар, настольны тэніс, більярд, батуты, роставыя лялькі…
ДНТ стаў яшчэ больш функцыянальным (дзейнічаюць тут таксама філіялы ДШМ і Раённага дома рамёстваў, на абодвух паверхах пастаянна ладзяцца зменныя мастацкія выстаўкі). І яшчэ адна асаблівасць мясцовага культурнага жыцця: яно — нязменна адухоўленае. І заслуга ў гэтым належыць айцу Валерыю. Бібліятэка, якой кіруе Валянціна Вараб’ёва — прафесіянал высокага кшталту — мае найцудоўнейшыя зборы ікон ды праваслаўнай літаратуры. І пра кожную Вараб’ёва можа распавядаць бясконца. А сем’і ў вёсцы таму і шматдзетныя, што шануецца там Бог…
Застаецца дадаць, што 20 верасня ў Краснай Слабадзе адбылася прэзентацыя беларуска-чэшскага праекта. Ва ўрачыстых мерапрыемствах, у ліку іншых зацікаўленых асоб, прынялі ўдзел Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дагмар Наваградска і старшыня Акцябрскага райвыканкама Генадзь Сімановіч. А Таццяна Маладзьянава запэўніла ўсіх, што рэалізацыя сумеснага праекта зробіць адпачынак маладога пакалення аграгарадка больш цікавым ды насычаным. Далібог, тым работнікам культуры, якім надакучыла жыць у бесклапотнай цішы, варта наведаць Красную Слабаду і страпянуцца ад тамтэйшай вясёлай мітусні!..
Мінск — Магілёўская вобласць — Гомельская вобласць — Мінск
Фота аўтараў
Першы артыкул аўтапрабега па Магілёўшчыне і Гомельшчыне чытайце тут.
Матэрыялы ранейшых аўтапраектаў "К" чытайце тут: