Юліян Фалат і яго Беларусь

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

“Бог цябе сюды паслаў — любі Нясвіж, як Нясвіж цябе палюбіў…”

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 31 — 33.)

…Яшчэ адзін фрагмент панарамы знаходзіцца ў Нацыянальным музеі невялічкага гарадка Аполе — за 200 кіламетраў на паўднёвы захад ад Кракава. А фрагмент у Нацыянальным музеі ў Познані — адзіны, які падпісаны не Косакам, а Юліянам Фалатам. Ён быў куплены на варшаўскім аўкцыёне гадоў пятнаццаць таму. Яшчэ два фрагменты панарамы — “Гусар на снезе” і “Два гусары” — у Варшаве. А што да жывапіснага “вобраза” цалкам, дык ужо даўным-даўно не засталося ў жывых нікога, хто мог яе бачыць. На шчасце, захавалася разгорнутая рэпрадукцыя, якая ў свой час была апублікавана ў некаторых краінах Еўропы, а сёння стала “бібліяграфічнай” рэдкасцю. Яе фотакопіі прадстаўлены і ў Барысаўскім аб’яднаным музеі, і, наколькі мне вядома, у Дзяржаўным гістарычным музеі Масквы.

А хто ён такі, гэты Фалат, адкуль родам, дзе вучыўся і як склаўся яго лёс пасля прабывання ў Беларусі? Сапраўды, у жыцці мастака было шмат усялякіх метамарфоз, некаторыя з якіх і сёння мне невядомыя. Напрыклад, хто былі ягоныя бацькі? Якім ён быў у дзяцінстве? Хто быў яго першым настаўнікам у рысаванні? І, у рэшце рэшт, з-за чаго дакладна адбылася тая самая дуэль паміж Фалатам ды яго знакамітым калегам і сааўтарам па панараме “Бярэзіна. Год 1812-ы” Войцэхам Косакам, якая, на шчасце, не скончылася кровапраліццем? Шмат пытанняў. Але галоўнае з біяграфіі Фалата ўсё ж распавяду “тэлеграфнымі радкамі”…

Нарадзіўся ён 30 жніўня 1853 г. у вёсцы Тулігаловае (зараз — Гарадоцкі раён Львоўскай вобласці, Украіна), у каталіцкай сям’і. Хто былі ягоныя бацькі, мне невядома. Пасля трэцяга падзелу Польшчы землі сённяшняй Львоўскай вобласці, як і ўся тэрыторыя Галіцыі, увайшлі ў склад Аўстрыйскай імперыі як Каралеўства Галіцыі і Падамерыі. У 1867-м, калі Фалату было чатырнаццаць гадоў, Аўстрыйская імперыя была рэфармавана ў двухадзіную дзяржаву (разам з Каралеўствам Венгрыі, Каралеўствам Харватыі і Славоніі). Карацей, да 1918 года малая радзіма Фалата — Галіччына ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Дадам, што ў XIV ст. частка Галіцыі — землі Галіцка-Валынскага Княства: Валынь з Уладзімірам, Луцкам, Палессем і паловай Падолля — была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а Галіч, Львоў, Люблін і другая частка Падолля — у Польскім Каралеўстве.

/i/content/pi/cult/442/9207/15-1.jpeg

Ю.Фалат. "Аўтапартрэт". 1910 г.

У шаснаццаць юны Фалат скончыў гімназію ў горадзе Перамышль і паступіў у Кракаўскую школу прыгожых мастацтваў, але правучыўся ў ёй усяго год. Паехаў у Адэсу: трошкі там папрацаваў памочнікам архітэктара. А ў 1873-м на цэлых пяць гадоў апынуўся на студэнцкай лаўцы толькі што адкрытай каралём Баварыі Людвігам II Вышэйшай політэхнічнай школы ў Мюнхене, якая ў 1877-м была перайменавана ў Каралеўскую Баварскую тэхнічную вышэйшую школу (зараз — Мюнхенскі тэхнічны ўніверсітэт). Гэтая ўстанова ў час вучобы Фалата з’яўлялася, бадай, лепшай у Еўропе ў плане прафесійнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у розных галінах навукі і будаўнічай інжынерыі. Дастаткова сказаць, што з яе сцен выйшлі такія вядомыя на ўвесь свет людзі, як Рудольф Дызель, той самы, які прыдумаў дызельны рухавік, піянер халадзільнага абсталявання Карл фон Ліндэ, піянер гідраэнергіі Аскар фон Мілер, архітэктары Фрыдрых фон Тырш і Паўль Банату, матэматык Фелікс Клейд, інжынер-будаўнік Франц Кройтэр, а таксама Нобелеўскі лаўрэат, хімік Генрых Ота Віланд. Але вось імя Фалата ў гэты шэраг не ўвайшло: ён палічыў за лепшае стаць не “тэхнакратам”, і нават не архітэктарам, а — мастаком (хаця нейкі час пасля заканчэння школы працаваў на Украіне ў якасці інжынера на чыгунцы і рысавальшчыка на археалагічных раскопках).

У 1878 г. — ён ужо ў Мюнхенскай акадэміі мастацтваў. Вучыцца ў прафесараў Леапольда Лефлёра, Ёзафа Бранта, Аляксандра Штаўбера і Карла Тэадора фон Пілоці, які адначасова ўзначальваў Акадэмію. Дзесьці прачытаў, што Фалат тут вучыўся і ў прафесара Раабэ. Гэта не так: Карл Ёзаф Раабэ сапраўды тут выкладаў, але памёр задоўга да паступлення Юліяна ў гэтую ўстанову. Для мяне цікавы той факт, што Фалат паступаў разам з адэсітам Францам Рубо — будучым заснавальнікам расійскай школы панарамнага мастацтва, акадэмікам батальнага жывапісу, стваральнікам выдатных панарам “Абарона Севастопаля”, “Барадзіно”, “Штурм аула Ахульга”. На жаль, у поўным забыцці ён памёр там жа, у Германіі, дзе жыў з 1912 года. І здарылася гэта ў 1928-м — на год раней за Юліяна Фалата, які да канца жыцця, у адрозненне ад Рубо, жыў у поўным дабрабыце, пашане і славе.

І ўсё ж Акадэмію Фалат не скончыў: кінуў яе на 3-м курсе. Справа ў тым, што тут была абсалютная перавага гістарычнага і рэлігійнага жывапісу над пейзажам, партрэтам ды нацюрмортам. Уладарамі дум былі той жа Пілоці, Вільгельм фон Кульбах, Эдуард Шлейх, Дзітрых Лангко. Менавіта гэтая акалічнасць, на маю думку, не садзейнічала станаўленню Фалата як пейзажыста і бытавога жанрыста. І ён добра разумеў, што трэба выбіраць іншы шлях.

/i/content/pi/cult/442/9207/15-2.jpeg

Ю.Фалат. "Нагонка". 1887 г.

Пачынаў з Варшавы. Адтуль — вандроўкі па ўсім свеце, якія ахапілі многія паралелі і мерыдыяны планеты. І ўсюды — з мальбертам, фарбамі ды алоўкамі. У Швейцарыі, напрыклад, ён, акрамя цудоўных пейзажаў, стварыў цэлую серыю эцюдаў з жыцця рабочых-чыгуначнікаў. Пасля таго, як чыгунка запрацавала, быў выдадзены спецыяльны даведнік для турыстаў з малюнкамі-ілюстрацыямі Фалата. А ў Мюнхене мастак напісаў цыкл акварэлей пра жыццё і побыт мясцовых манахаў. Фалат пабываў на Цэйлоне ў і Порт-Саідзе, Адэне і Сінгапуры, Сан-Францыска і Нью-Ёрку… Нейкі час жыў у горадзе Торуні, што на поўначы Польшчы (у 1919-м,
згодна з Версальскім дагаворам, ён ізноў стаў часткай Польшчы), дзе пісаў берагі Віслы, выязджаў у Рытвяны Свянтокшыскага ваяводства (100 кіламетраў ад Кракава), дзе не толькі маляваў, але і паляваў з сябрамі. Аднак памяць пра дзіўныя часы Нясвіжа заўсёды “пераследавала” яго, не давала спакою, турбавала...

Так, пасля Нясвіжа і заканчэння працы над панарамай “Бярэзіна” пачынаецца зусім іншы перыяд жыцця Фалата, звязаны, у асноўным, з адміністратыўнай дзейнасцю на карысць мастацкай адукацыі ў Польшчы. Я маю на ўвазе яго працу ў Кракаўскай школе выяўленчых мастацтваў, што ў 1900-м дзякуючы старанням Фалата стала Кракаўскай Акадэміяй мастацтва, якой ён прысвяціў больш за пятнаццаць гадоў свайго жыцця. Пасля смерці яе першага дырэктара Яна Матэйкі (1893 г.) кіраўніком школы (Акадэміі) стаў Фалат. Ён ажыццявіў шмат важных захадаў па яе рэфармаванні, у тым ліку за кошт прыцягнення новых таленавітых педагогаў, дамогся ўвядзення ў сферу акадэмічнага навучання факультэтаў графікі і архітэктуры. А калі ў 1910 годзе пакідаў пасаду рэктара Акадэміі, то рэкамендаваў на месца таленавітага мастака-партрэтыста і педагога, паляка армянскага паходжання Тэадора Аксянтовіча, з кім вучыўся яшчэ ў Мюнхенскай акадэміі мастацтваў.

А яшчэ да таго нястомны Юліян Фалат разам з калегамі-аднадумцамі Станіславам Выспянскім, Лявонам Вычулкоўскім, Янам Станіслаўскім і тым жа Аксянтовічам заснаваў у 1897 годзе Таварыства польскіх мастакоў “Sztuka” — штосьці накшталт творчага саюза мастакоў Польшчы. Дарэчы, менавіта гэтых людзей і яшчэ Войцэха Вейса, Канстанта Лашчка, Юзафа Панкевіча, Яна Шчалкоўскага, Яцэка Мальчэўскага, Юзафа Міхафера ды іншых Фалат запрасіў на пасады настаўнікаў у “сваю” Акадэмію. Гэтыя імёны назаўжды ўвайшлі ў гісторыю польскага выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя. Сам Фалат стараўся прымаць удзел ва ўсіх выстаўках Таварыства: і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Аўстрыі, і ў Францыі. Зладзіў сваю выстаўку і ў Сент-Луісе (ЗША).

Не забываўся мастак і на асабістае жыццё. У 1900 годзе ён ажаніўся з італьянкай Марыяй Луізай, якая нарадзіла яму чатырох дзяцей: Хелен, Казімежа, Лукіяна і Люсьена. Дарэчы, Хелен потым выйшла замуж за польска-нямецкага акцёра Сім Іга. Ён да таго служыў афіцэрам у польскай пяхоце, а ў 20-я гады стаў папулярным кінаакцёрам, які іграў элегантных кавалераў ды арыстакратаў. Напрыканцы 1930-х, стаўшы інфарматарам гестапа, выдаў групу польскіх акцёраў-патрыётаў, у тым ліку знакамітую спявачку Ханку Ардоўну. Сім Іга, прыгавораны польскім урадам у падполлі да пакарання, быў забіты ў сваёй кватэры 7 сакавіка 1941 года. Дзякаваць богу, Фалат да гэтай ганьбы, якая закранула і яго дачку, не дажыў…

…Калі памёр апошні сын Фалата — Люсьен, то бацька ў памяць пра яго падарыў свой дом у Памераніі Таварыству па абароне дзяцей. Праўда, яшчэ на пачатку ХХ ст. пабудаваў сабе вілу з шыкоўнай майстэрняй у гарадку Быстра Бельскага павета Сілезскага ваяводства, куды ў 1910-м перабраўся на пастаяннае месца жыхарства (гэта на маляўнічай рэчцы Бялка, левым прытоку ракі Белай, басейн Віслы). Там мастак і пражыў да свайго скону ў 1929 годзе…

Фалат увесь час пісаў акварэлі, гуашы, шмат рысаваў, рабіў ілюстрацыі для польскіх і замежных перыядычных выданняў. Нейкі час жыў у Берліне, дзе арганізаваў польскую мастацкую секцыю на Міжнароднай выстаўцы 1891-га. За некалькі гадоў да смерці быў абраны дырэктарам Дэпартамента культуры і мастацтва пры польскім Міністэрстве рэлігіі і народнай асветы, які ўзначальваў Антоній Панікоўскі.

Фалат, дзе б ён ні быў, куды б ні ездзіў і кім бы ні працаваў, ніколі не расставаўся са сваім пэндзлем ды алоўкам. Але, на маю думку, беларускі — нясвіжскі — перыяд так і застаўся ў многіх адносінах лепшым перыядам яго 75-гадовага жыцця.

Як заўважыў польскі гісторык, археолаг і нумізмат Фелікс Копера, які добра ведаў мастака, “…у Нясвіжскіх пушчах Фалат знайшоў самога сябе”. І гэта сапраўды так…

 

Чытайце таксама папярэднія раздзелы артыкула пра Юліяна Фалата: частка 1, частка 2, частка 3.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"