Лес, або як мы трапілі ў трэнд

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Сучаснае беларускае мастацтва — у цэнтры еўрапейскіх павеваў

Недзе з год таму захапілася ідэяй мастацкага праекта з рабочай назвай "Беларусь і Літва - лясныя сёстры". Ягоная сутнасць у тым, што дзве нашы краіны - гэта апошні ў Еўропе лапік велізарнага калісьці абшару першабытнага лесу. Той першасны лес ў нас захаваўся не толькі адзнакамі прыроднай стыхіі - раслінамі, жывёламі, але і ў сэнсе метафізічным.

Наш лес - гэта духоўная субстанцыя, гэта стрыжнявы фактар фармавання нацыянальнага менталітэту беларусаў і літоўцаў. Тут вытокі нашай міфалогіі, нашага фальклору. Я думаю, нездарма ў Еўропе сёння такі папулярны жанр "фэнтэзі", дзе важным чыннікам выступае менавіта стыхія лесу. Гэта настальгія, мара, мастацкі вобраз, які падмяняе страчаную пад націскам тэхнагеннай цывілізацыі прыродную рэчаіснасць.

Саму ідэю падказаў мне першы беларускі фільм "Лясная быль" рэжысёра Юрыя Тарыча. Там ёсць словы пра тое, што кожны народ мае свой прыродны асяродак: у каго горы, у каго пустэльня, а ў беларуса - лес. Тое ж датычыцца і літоўцаў.

Маю ідэю падтрымалі літоўскія калегі з галерэі "Arka". Галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, якую я прадстаўляю, ужо ладзіла з імі сумесныя праекты, так што паразумеліся мы хутка. Праходзіла выстаўка ў Вільнюсе. Беларускі бок прадставіў на яе каля дваццаці твораў, літоўцы - столькі ж. Гэта жывапіс, графіка, скульптура, плакат. У беларускай частцы экспазіцыі было, у прыватнасці, шмат краявідаў, збольшага рэалістычнага кшталту. У літоўцаў дамінуе іншы напрамак. Я б вызначыла яго як экспрэсіўны абстракцыянізм. Выстаўка не мела нацыянальных сегментаў, творы беларускіх і літоўскіх мастакоў экспанаваліся ўперамешку. Доўга шукалі назву, якая б задаволіла абодва бакі. Назвалі праект -"Карані".

Да яго рэалізацыі прычыніліся два пасольствы, беларускае ў Літве і літоўскае ў Беларусі, і тры галерэі - сталічная Галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, гомельская Галерэя Гаўрылы Вашчанкі і віленская галерэя "Arka". Для літоўцаў гэты праект у пэўнай ступені быў адкрыццём Беларусі. Вільнюскія гледачы шчыра казалі нам, што яны не чакалі ад беларусаў такой творчай разнастайнасці, такога прафесіяналізму.

Варта адзначыць, што з гэтым праектам мы, так бы мовіць, трапілі ў актуальны трэнд. Якраз тады ў Берліне праходзіла выстава "Нямецкі лес" , а ў Вільнюсе - выстава дацкага мастака на тую ж тэматыку. Як бачым, лес - гэта для Еўропы актуальна.

Праект будзе мець развіццё. Выстаўку пабачаць у Гомелі. Там яна будзе дапоўнена творамі мясцовых мастакоў. А потым - Мінск.

Сумесная праца з літоўцамі дала магчымасць прыгледзецца да іх дзелавога стылю. Трэба адзначыць, што ў іх арганізацыйныя пытанні вырашаюцца больш крэатыўна. Гэта было б някепска пераняць і нам.

Таццяна БЕМБЕЛЬ, дырэктар Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва