Вечна-спрадвечнае

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Пясняр ізноў заспяваў! Такімі словамі хацелася вітаць спеўны вобраз Янкі Купалы, створаны лаўрэатам міжнародных конкурсаў Пятром Ялфімавым у новай версіі “Песні пра долю” Уладзіміра Мулявіна, ажыццёўленай сёлета Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя І.Жыновіча. Гэты ж знаны саліст крыху раней увасабляў Гусляра ў адноўленай тым жа калектывам аднайменнай рок-оперы Ігара Лучанка.

/i/content/pi/cult/385/7636/2-7.jpeg- Ларыса Сімаковіч, якая выступіла рэжысёрам, - кажа Пётр Ялфімаў, - акцэнтавала, найперш, вобразы-сімвалы, уласцівыя купалаўскай творчасці, якія вельмі ярка выявіліся ў яго "Адвечнай песні", пакладзенай ў аснову "Песні пра долю". Так што мой Янка Купала - гэта, хутчэй, абагульнены вобраз Паэта, якому не абыякавы не толькі лёс сваіх герояў, але і, шырэй, вобраз усяго беларускага народа, які стаіць за постацямі Маці і яе Сына, што вырастае і становіцца Мужыком.

Калі задумацца, гэта папраўдзе вечная - адвечная, як назваў яе Купала, - тэма. Вельмі блізкая, у пачатку разгортвання, разнастайным хрысціянскім адлюстраванням Божай Маці з немаўляткам. А ў фінале - жанру "Stabat mater", калі Маці аплаквае свайго загінулага Сына. Дарэчы, больш аптымістычнае, чым у паэме Купалы, музычнае завяршэнне "Песні пра долю" таксама можна звязаць менавіта з традыцыямі "Stabat mater". Бо такія кантаты звычайна завяршаюцца верай: цела - памірае, а душа - застаецца. Гэтак жа і з Купалам: яго душа, увасобленая ў творчасці, будзе заўсёды нагадваць нам, што мы - беларусы. І павінны тым ганарыцца!..

На здымку: Пётр Ялфімаў у вобразе Янкі Купалы з "Песні пра долю".