Пакаштуйце бутэрброд з расой!

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Сустрэча з рэжысёрам Віктарам РЫЖАКОВЫМ доўжылася амаль дзве з паловай гадзіны. Гэта быў сапраўдны тэатр у тэатры: добра зрэжысіраваны — і адначасова імправізацыйны, з ухілам да монаспектакля — і адначасова да складанага поліфанічнага, поліпластовага дыялога, з падрыхтаванымі “прамовамі” — і непрадказальнасцю гульні. Усё, як напярэдадні ў “Цырульніцы”!

/i/content/pi/cult/352/6667/Clip_17.jpg- Усе людзі - насамрэч, артысты, бо ўсе мы гуляем у ролевыя гульні. І галоўнае ў рэжысёрскай прафесіі- стварыць асяроддзе, атмасферу, дзе штосьці пачне ўзрастаць. Прынцып тут толькі адзін: гуляць у гульні. Я нават так і кажу, калі стаўлю спектакль: "Не хачу рэпеціраваць, давайце лепш пагуляем". І як толькі артысты ці студэнты адгукаюцца- усё, справа пайшла. Бо акцёрская прафесія - гэта спроба ўвесь час зразумець сябе самога. Пад час рэпетыцыі я запісваю ў калонку пытанні, што ў мяне ўзнікаюць. Адказы шукаем разам з артыстамі. Але як толькі адказваем на адно пытанне- адразу ўзнікае іншае. І гэта добра. Бо самае страшнае - калі няма пытанняў. А найлепшая сітуацыя - "Я ведаю, што не ведаю".

Крычаць на рэпетыцыях- зневажальна. Найперш- для таго, хто крычыць. У юнацтве мне падабаліся многія рэжысёры. Але калі я прыходзіў да іх на рэпетыцыі і чуў, як яны крычаць, адразу ўвесь флёр развейваўся. І я думаў: у мяне будзе іншы тэатр. Але стрымацца часам бывае цяжка, асабліва са студэнтамі, якія, здараецца, проста на шыю садзяцца. Ды ўсё роўна: тэатр- гэта гульня, іначай немагчыма. А чалавек - істота, якую трэба ўвесь час прывучаць, бо яна то хоча штосьці рабіць, то не. Прэмія- нешта аднахвіліннае. Як веласіпед, які падарылі ў дзяцінстве: ты рады, а потым пабіўся на тым веласіпедзе, яшчэ нешта здарылася - і ты жывеш ужо чымсьці іншым, а не ўчарашняй "прэміяй". Калі мне раптам дадуць мільярд, я наўрад ці змагу зрабіць лепш, чым я магу зрабіць увогуле. Каб штосьці зрабіць, трэба папросту ісці і не баяцца, верыць сабе, сваім адчуванням. Зусім не баяцца немагчыма - значыць, трэба хацець больш, чым баяцца: бойся, але ідзі. Так, я не люблю тэатр у тым выглядзе, у якім ён існуе. Але іду... І пакуль іду - шчаслівы. Бо шчасце - гэта імгненне. Як бутэрброд з расой. Вы не ведаеце, што гэта такое? Летам а пятай гадзіне раніцы едзеце за горад, бераце лустачку хлеба - і, прыгнуўшыся, бяжыце з ёй па лузе, збіраючы кроплі на хлеб. Але смак не ў хлебе ці расе, а ў тым, што ты ўбачыў у гэты час, што адчуў...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"