Малюнак Напалеона

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Народны артыст СССР Рэгімантас АДАМАЙЦІС 19 лістапада іграў спектакль на радзіме, 20-га, раніцай, прыехаў у Мінск, увечары выйшаў у “Чайцы”, 21-га правёў сваю творчую сустрэчу — і зноў у дарогу. Можа, менавіта гумар выратоўвае яго і ад залішняга спакою, і ад перанапружання?

/i/content/pi/cult/352/6665/Clip_15.jpg- Думаў, выйду на пенсію, буду ляжаць на печы - нічога не атрымалася. Але, можа, яно і да лепшага. Я не вяду падлік спектаклям і кіно, у якіх удзельнічаю, не люблю вяртацца ў мінулае, пісаць, як некаторыя, мемуары. Тэатр - гэта мастацтва моманту, а не карціна, што можна павесіць на сцену і потым любавацца ёю ўсё жыццё. Ролю ў спектаклі паўтарыць нельга - кожным разам гэта будзе ўжо новы спектакль і новая роля. Таму калі б трэба было выбіраць паміж тэатрам і кіно, то перавагу, безумоўна, я аддаў бы тэатру. Але ў кіно плацяць больш.

У тэатр я прыйшоў "праз фізіку", хаця з дзяцінства ўдзельнічаў у самадзейнасці. Таленту мне відавочна не хапала, і я працаваў ды працаваў. А сапраўдныя знаходкі пачаліся толькі тады, калі стаў непасрэдна працаваць у тэатры. Ды ўсё роўна я быў дрэнным акцёрам - такім і застаўся. Але пачалося кіно, і штосьці з мяне ўсё ж зрабілі. Праўда, я доўга шукаў матэрыял, дзе нічога не трэба было б іграць, а толькі заставацца самім сабой. Але знайшоўшы такую ролю, раптам зразумеў, што ўсё роўна ў ёй трэба іграць.

Акцёры заўсёды супраціўляюцца чужой волі. Але павінен надысці нейкі момант узаемаразумення з рэжысёрам, бо калі акцёр не зламае ў сабе "крытыка", выніку не будзе. Не, ты можаш сумнявацца, можаш нават крытыкаваць, але гэтае меркаванне не павінна быць адзіным і "ў апошняй інстанцыі". Разумны рэжысёр дае акцёрам напрамак, "ключ" да роляў - і свабоду ў акрэсленых межах. Тады ім здаецца, што ўсё зроблена быццам бы імі самімі. Бо галоўнае - знайсці гэтыя ключавыя моманты ў ролі, а ўсё астатняе можна іграць "гуляючы". Калі рэжысёр, бы Напалеон, выпраўляе сваё "войска" па перамогу, дык акцёр пры любых абставінах павінен заставацца дзіцем - і верыць, цалкам аддаючыся прапанаваным ідэям...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"