Праўда бруднай лужыны

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Апалінар Гараўскі — наш выдатны жывапісец, які ўнёс значны ўклад у выяўленчую культуру Беларусі і Расіі. Але так здарылася, што імя гэтага мастака доўгі час заставалася як бы ў ценю тых яго сучаснікаў, знакавых акадэмістаў і перадзвіжнікаў, якія цягам паўтара стагоддзя былі раскручаны айчыннымі мастацтвазнаўцамі, як кажуць, “па поўнай праграме”. Тым не менш, Гараўскі ў якасці паэта-пейзажыста мала ў чым саступае і сваім настаўнікам М.Вараб’ёву, А.Ахенбаху, А.Каламу, і знакамітым равеснікам А. Багалюбаву, М.Клодту, І.Пахітонаву, І.Астравухаву. Ды і ў жанры партрэта ён паказаў сябе цудоўным майстрам. Не выпадкова ягоны талент высока ацэньвалі П.Трацякоў, І.Рэпін, Ф.Бруні, архітэктар М.Бенуа, кампазітар М.Глінка...

/i/content/pi/cult/295/4919/pic_30.jpgЯго радзіма - маёнтак Уборкі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер - Бярэзінскі раён). Гараўскія - гэта шляхецкі род польскага паходжання, што вядзе сваю лінію ад Івана Гракала-Гараўскага, якому польскі кароль Жыгімонт III за воінскую доблесць у баях з туркамі і шведамі падарыў некалькі вотчын ды герб "Кораб". Прыналежнасць Гараўскіх да гэтага роду была ўнесена ў чацвёртую частку радаводнай кнігі Мінскай губерні. У Апалінара было два браты - Іпаліт і Гілярый, якія таксама сталі таленавітымі мастакамі, пра што я скажу ніжэй.

У дзесяцігадовым узросце Апалінар быў адданы бацькам на навучанне ў Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус, дзе ён займаўся амаль сем гадоў. На жаль, аб гэтым важным перыядзе жыцця будучага мастака практычна нідзе ў яго біяграфіях не распавядаецца. Іншым разам проста канстатуецца як факт, не больш за тое. Паспрабую трошкі запоўніць гэтую "белую пляму", бо, думаю, без прабывання ў дадзенай установе Апалінар наўрад ці стаў бы мастаком. Такая ўжо воля лёсу.

Брэсцкі кадэцкі корпус, названы ў гонар цэсарэвіча Аляксандра Мікалаевіча - будучага імператара Аляксандра II - уяўляў з сябе сярэднюю ваенную навучальную ўстанову закрытага тыпу для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей з сем'яў вайскоўцаў ад 10 да 18 гадоў да воінскай службы. Ён быў адкрыты 20 жніўня 1842-га ў толькі што адбудаванай Брэст-Літоўскай крэпасці. Цікава, што ў першае дзесяццігодзе корпус узначальваў генерал Гельмерсен, які патрабаваў ад кадэтаў таго, каб яны размаўлялі толькі па-руску, бо ў тыя часы гутарковай рускай мовай не валодала большасць беларусаў былой Рэчы Паспалітай. Так ці інакш, да часу выпуску кожны кадэт валодаў рускай літаратурнай мовай не горш за ўраджэнцаў вялікарускіх губерняў, што потым вельмі спатрэбілася Гараўскаму, калі ён перабраўся ў Санкт-Пецярбург.

Што яшчэ тут вывучалі? Замежныя мовы, прыродазнаўчыя і грамадскія навукі, страявую падрыхтоўку, стральбу, верхавую язду, фехтаванне, гімнастыку, плаванне, музыку, танцы, свецкі этыкет, маляванне, асновы архітэктуры... У 1853 годзе корпус, дзе ўжо навучалася каля 400 кадэтаў, узначаліў генерал В.М. Назімаў, добры і сардэчны чалавек, каго ўсе выхаванцы потым узгадвалі толькі з удзячнасцю. Якраз пры ім, у верасні 1853-га, цар Мікалай I асабіста правёў тут страявы агляд. Кадэцкая рота, у якой быў Гараўскі, атрымала ўхваленне, і кожны курсант быў узнагароджаны імператарам сярэбраным рублём і пакункам цукерак. Больш за тое: у якасці падарунка роту нават накіравалі на дыліжансах у Варшаву, каб там пабываць у тэатрах, паглядзець музеі і палацы. Хіба ж можна такое забыць? Пачынаючы з 1845 года, кадэтаў сталі вывозіць у лясныя лагеры, за дзесяць вёрст ад Брэста. І там, калі выпадала вольная гадзіна, кадэты "выхоўвалі" і гадавалі змей, яшчарак, чарвякоў, разводзілі земляных пчол і нават трымалі лісіц! Але самы галоўны прынцып кадэтаў - таварышаванне і салідарнасць між сабой - для многіх з іх у будучым стаў асноватворным. У прыватнасці, - для самога Гараўскага і ягоных сяброў па корпусе: будучага публіцыста-дэмакрата, бакунінца Мікалая Сакалова і Яраслава Дамброўскага, з цягам часу славутага генерала, які знайшоў гераічную смерць на барыкадах Парыжскай камуны ў 1871 годзе...

Удумлівы чытач мае права спытаць: а пры чым тут мастацтва Гараўскага? Справа ў тым, што менавіта ў Брэсце Апалінар упершыню праявіў сябе як рысавальшчык, што і было заўважана начальствам, у прыватнасці, вялікім князем Аляксандрам Мікалаевічам, генералам Назімавым і настаўнікам хлопчыка палкоўнікам Бенуа, знаўцам жывапісу, да якога ў Брэст-Літоўск часта наведваўся яго родны брат, вядомы архітэктар Мікалай Бенуа. Ён таксама звярнуў увагу на талент юнага кадэта. Менавіта пры іх садзейнічанні Апалінар у 1850 годзе быў пераведзены вольнаслухачом у імператарскую Акадэмію мастацтваў, да таго ж, - што вельмі важна, - з прызначэннем стыпендыі. Як узгадваў мастак, "...палкоўнік Бенуа асабіста прывёз мяне ў Пецярбург, і дзякуючы яму трапіў я ў Акадэмію пенсіянерам..."

Калі б лёс склаўся іначай, Гараўскі мог бы пачаць сваю ваенную кар'еру ці то з артылерыйскага прапаршчыка ў гвардыі, ці то з падпаручніка ў арміі, мог бы стаць ваенным інжынерам - пасля трэцяга спецкурса па першым разрадзе, альбо пайсці ва ўзорны кавалерыйскі полк. У лепшым выпадку - быць прыкамандзіраваным да Генштаба з далейшым паступленнем у ваенную акадэмію. Але ён нарадзіўся пад шчаслівым сузор'ем Вадалея, таму, відаць, і стаў выдатным жывапісцам, а не, скажам, палкоўнікам або генералам... Тым не менш, уражанні ад вучобы ў корпусе засталіся ў Апалінара вельмі цёплыя. Нават у 1857 годзе, ужо ў Акадэміі мастацтваў, ён настойліва хадайнічаў аб залічэнні ў корпус свайго малодшага брата Гілярыя. Праўда, у гэты час корпус ужо знаходзіўся ў Маскве ў сувязі з абвяшчэннем вайны Расіі з Турцыяй, потым перавёўся ў Вільню, дзе ў 1863 годзе быў наогул скасаваны...

Вучоба ў акадэміі пачалася з заняткаў у майстэрнях прафесара жывапісу Фёдара Бруні і прафесара-пейзажыста Максіма Вараб'ёва, які памёр якраз у год заканчэння Гараўскім сваёй вучобы. Студэнцкае пяцігоддзе было для Апалінара вельмі знамянальным і паспяховым: вялікі сярэбраны медаль за пейзаж "Багна", малы залаты - за "Від Ручэйнага возера каля г. Тарапца", вялікі залаты медаль і званне класнага мастака за "Від у Пскоўскай губерні" ("Від у сядзібе Кушалева-Безбародкі ў Краснаполіцы). Не кожны, нават вельмі таленавіты, вучань мог пахваліцца такім арсеналам узнагарод. Дарэчы, лепшым сябрам Апалінара ў першыя гады навучання ў акадэміі быў вельмі таленавіты гістарычны і пейзажны жывапісец Аляксей Багалюбаў, таксама выпускнік кадэцкага корпуса, толькі марскога. І хаця Аляксей Пятровіч быў старэйшы за Гараўскага, гэта не перашкаджала ім праводзіць час разам, нават і тады, калі Багалюбаў у 1853-м быў прызначаны мастаком Галоўнага марскога штаба. У студэнцкія гады Гараўскі быў таксама ў сяброўскіх адносінах з братамі Карлам і Багданам Венігамі - вельмі таленавітымі вучнямі Ф.Бруні.

У 1856-м адбылося знаёмства 23-гадовага мастака з Паўлам Трацяковым, якое перайшло ў моцнае дзелавое сяброўства. Гараўскі дапамагаў Трацякову ў яго збіральніцкай дзейнасці, Павел Міхайлавіч жа сваёй прынцыповай крытыкай работ жывапісца аказваў пазітыўнае ўдзеянне на ягоную творчасць. У якасці пенсіянера акадэміі Гараўскі працаваў у Дзюсельдорфе ў А.Ахенбаха, у Швейцарыіі- у А.Калама, а таксама - у Парыжы і Рыме. І нарэшце ў 1861 годзе быў удастоены звання акадэміка за карціну "Від ракі Арвы каля Шамуні" і кампазіцыю "Бабуля, якая моліцца", створаную ў Беларусі. Аб гэтым палатне захаваліся водгукі І.Рэпіна і П.Трацякова. Рэпін, у прыватнасці, знаходзіў дадзеную работу моцнай па тэхніцы, адзначаў, што твар бабулі намаляваны "з порамі на скуры", але Трацякоў падышоў крытычна: "У "Бабулі..." тэхнічная частка вельмі добрая (зрэшты, я супраць такой манеры), кампазіцыя - дрэнная, густу - няма..." Тут можна спрачацца, так гэта ці не: мастацтвазнаўцы часта не сыходзяцца ў адзіным меркаванні. Але затое ў жанры пейзажа Гараўскі бясспрэчна дасягнуў высокай прастаты і жыццёвай праўды. Вось тут ён уважліва слухаў парады Трацякова: "Мне не трэба ні багатай прыроды, ні эфектнага асвятлення, ніякіх цудаў - дайце мне хаця б лужыну брудную, ды каб у ёй праўда была, паэзія, а паэзія ва ўсім можа быць, - гэта справа мастака..."

У архіве Рускага музея ў Пецярбургу /i/content/pi/cult/295/4919/pic_31.jpgзахаваўся ліст Гараўскага да Трацякова ад 13 студзеня 1881 года, дзе ёсць такія радкі: "На самоце горача буду капіраваць натуру, адасоблю ад сябе ўсё, што бачылася з твораў за мяжой і на Бацькаўшчыне, каб адзіным прафесарам маім быў закон прыроды..." У пачатку 1870-х Гараўскі вандраваў па Расіі і Украіне, часта наведваў родную Беларусь і заставаўся тут на доўгі час - і позняй вясной, і летам, і восенню; толькі зімой вяртаўся ў Пецярбург, дзе выкладаў у Рысавальнай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў.

Упершыню пасля акадэміі ён наведаў радзіму ў 1860 годзе. У мястэчку Бродзец намаляваў сумны пейзаж "На радзіме": масток, прасёлкавая дарога сярод чарады саламяных дахаў. Гэтую гранічна шчырую і хвалюючую работу пазней набыў Трацякоў для сваёй галерэі. Наогул, Гараўскі ў Беларусі намаляваў свае лепшыя палотны, якім іншым разам даваў даволі доўгія назвы, што, на маю думку, не толькі падкрэслівалі дакументальнае значэнне відарысаў той або іншай мясцовасці, але выступалі і своеасаблівым сведчаннем настальгіі па канкрэтным геаграфічным пункце, які яму падарыў натхнёны настрой пэндзля: "Від дубовага гаю паблізу Бабруйска", "Пераход статка праз Бярэзіну ў наваколлі Бабруйска перад дажджом". А яшчэ - "Пінскія балоты", "Рака Свіслач", "Пейзаж з каровамі", "Канюшына цвіце", "Рака Бярэзіна", "Вечар"... На малой радзіме ва Уборках мастак стварыў і сваё найлепшае, бадай, ідылічнае палатно "Вечар у Мінскай губерні": дзеці-вандроўнікі сядзяць на вясковай дарозе, асветленай промнямі вечаровага сонца. Гэтая карціна сёння ўпрыгожвае адну з залаў Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны. Між іншым, калі параўнаць пейзажы Гараўскага "еўрапейскага" перыяду ("Італьянскі пейзаж", "Від Жэнеўскага возера", "Від у асяроддзі СанРэма") з "нацыянальнымі" пейзажнымі матывамі роднага кута, дык у апошніх адчуваецца значна больш сардэчнага пачуцця, душэўнага перажывання, мастакоўскай эмацыйнасці і менш акадэмічных класіцыстычных рыс, якія былі набыты ў юнацтве ў майстэрні Максіма Вараб'ёва.

У творчай спадчыне мастака таксама шмат работ партрэтнага жанру, сярод якіх - вобразы сучаснікаў: партрэты М.Бенуа, Ф.Лагорыа, А.Гарадавой, А.Платонава, М.Глінкі, І.Трапезнікава, К.Салдаценкава, а таксама "Жанчына ў чорнай хустцы", "Дама ў жоўтым", "Жаночы партрэт ля мальберта", "Жанчына з палітрай". У гэтай галерэі хачу асабліва адзначыць партрэт з адлюстраваннем аўтара грандыёзнага палатна "Медны змей" і роспісаў Ісакаўскага і Казанскага сабораў Фёдара Бруні, настаўніка Гараўскага. Наколькі я ведаю, сам арыгіналпартрэт кудысьці знік, але на пачатку 60х гадоў ХХ ст. я бачыў яго рэпрадукцыю ў рукапісным фондзе Ленінградскага інстытута жывапісу, архітэктуры і скульптуры імя І.Я. Рэпіна, але нават у чорнабелым выглядзе ён выклікаў моцнае ўражанне. У Трацякоўцы таксама ёсць партрэт Бруні пэндзля Гараўскага (1871 г.), але гэта, наколькі я памятаю, іншая кампазіцыя.

Апалінар Гараўскі пражыў 67 гадоў і памёр 28 сакавіка 1900-га. Пахаваны ў Пецярбургу. У 34-гадовым узросце ягоны партрэт напісаў Іван Крамской. Дадам яшчэ, што творы нашага земляка экспанаваліся ў Парыжы, Лондане, Вене, Філадэльфіі, у розных гарадах Расіі і, канешне ж, у роднай Беларусі. Што да яго братоў, дык яны таксама былі нядрэннымі мастакамі. Старэйшы, Іпаліт,- вядомы пейзажыст. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу. Меў два малыя сярэбраныя медалі, вялікі сярэбраны медаль і званне класнага мастака ІІІ ступені. Сярод яго работ - пейзажы "Від паблізу Бабруйска", "На берагах Бярэзіны", "Від Грэйдэна ў Ліфляндыі". Але галоўнае яго палатно, вельмі трагічнае па настроі, усё ж- "Ля крыжа. Смерць паўстанца" (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі), якое навеяна паўстаннем 1863 года. Больш за тое: яно датавана 12 лютага 1863-га, і такім чынам з'яўляецца самым непасрэдным водгукам на нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі ў тыя часы. Яшчэ адзін брат Апалінара - Гілярый - быў акварэлістам, таксама вучыўся у Акадэміі мастацтваў (да 1873 года), маляваў розныя куточкі Пецярбурга і кветкавыя нацюрморты, але звестак пра яго жыццё і творчасць амаль не захавалася. Даты смерці гэтых братоў Гараўскіх я не знайшоў...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"