Пытанне гэтае ў кінаіндустрыі - адно з самых балючых. Аб дэфіцыце якаснага сцэнарнага матэрыялу кажуць і на кінастудыі "Беларусьфільм", і ў Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры. Між тым, недахоп талентаў у дадзенай сферы на Беларусі канстатаваць не выпадае: возьмем у якасці сведчання цітры тэлевізійных праектаў, якія рыхтуюцца на Беларусі, а дэманструюцца на ўсёй рускамоўнай прасторы. Прысутнічаюць прозвішчы беларусаў і сярод аўтараў стужак, знятых на ранейшых студыях. Але, на жаль, не ўсе з айчынных талентаў запатрабаваны на радзіме на 100%, прытым, што маюць неабходныя прафесійныя здольнасці і падрыхтоўку. Карэспандэнт "К" вырашыў пацікавіцца "падводнымі камянямі" сцэнарнай справы на Беларусі ў аднаго з яе прафесіяналаў, які шмат гадоў стварае літаратурныя асновы для стужак ды перадач, навучаючы гэтаму новае пакаленне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Павел Іваноў прызнаецца, што заняўся літаратурна-сцэнарнай творчасцю вымушана, каб зарабіць на жыццё на пачатку 1990-х. Яму, тэатральнаму акцёру і рэжысёру па адукацыі, удалося зрабіць прафесіяй яшчэ і сцэнарнае рамяство. Сцэнарыі Паўла Іванова найбольш запатрабаваны не ў нас: тэлевізійныя стужкі "Ваш прыпынак, мадам" ды "На ўсіх шыротах" з поспехам ідуць на расійскіх тэлеканалах і маюць прыязныя водгукі самай рознай аўдыторыі. У беларускі тэлевізійны эфір выходзяць збольшага дакументальныя праекты, створаныя па сцэнарыях Іванова. Затое ён плённа займаецца педагагічнай справай: выкладае на нядаўна створаным факультэце экранных мастацтваў БДАМ. Дарэчы, ягоны вучань Ігнат Сідорчык сёлета атрымаў галоўныя прызы на Рэспубліканскім конкурсе маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю" і на Фестывалі кароткаметражнага студэнцкага кіно "Кінагрань".
Карэспандэнт "Культуры" вырашыў прыцягнуць Паўла Уладзіміравіча ў якасці эксперта, каб з яго дапамогай высветліць самыя злабадзённыя пытанні сцэнарнай справы.
Пытанне першае. Кіруюць усім грошы?
Існуе думка (і яе раз-пораз выказваюць некаторыя асобы), што якасць сцэнарыя залежыць выключна ад памеру ганарару. Маўляў, расцэнкі на беларускіх студыях - невысокія, таму і імкнуцца нашы сцэнарысты за мяжу, да ганарарных ведамасцей, дзе стаяць лічбы з вялікай колькасцю нулёў. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: выпадкі, калі айчынныя сцэнарысты паказваюць свае творы расійскім прадзюсерам, а толькі пасля прапануюць у Мінску сцэнарныя "рэшткі", нярэдкія. Не дзіва, што і стаўленне саміх кінематаграфістаў да праектаў, якія ствараюцца па такіх сцэнарыях, адпаведнае.
Буйныя памеры бюджэтаў расійскіх стужак, у параўнанні з куды больш сціплымі беларускімі, і забяспечваюць тамтэйшым сцэнарыстам прыбытак. Відавочна, што нашаму кіно сёння не пад сілу кожны раз дазваляць сабе бюджэты ў некалькі мільёнаў долараў.
Павел Іваноў лічыць, што справа - далёка не толькі ў фінансавым аспекце, і прафесійны сцэнарыст пры выбары студыі карыстаецца цэлым шэрагам матывіровак.
- Грошы вельмі часта стаяць на другім месцы пасля асоб тых, хто будзе займацца вытворчасцю карціны. Часам прапанова бывае вельмі прывабная: высокі ганарар, буйныя маштабы здымак, але калі высвятляецца, што здымаць будзе чалавек без мінімальна неабходнага вопыту, даводзіцца адмаўляць у супрацоўніцтве.
Шмат што залежыць ад самой арганізацыі працэсу, а ён наўпрост звязаны з агульным узроўнем кінакультуры, - кажа эксперт. - Той жа, у сваю чаргу, вельмі моцна залежыць ад стаўлення да сцэнарыста. Выяўляецца гэта нават у бытавых "дробязях", па якіх, аднак, гэты самы ўзровень і вызначаецца.
За прыкладамі хадзіць не трэба: калі я прыязджаю да расійскага прадзюсера, мяне заўсёды сустракае аўтамабіль, прыязныя адносіны абслугоўваючага персаналу... Але самае галоўнае - калі працуеш з тым жа расійскім прадзюсерам, правілы гульні вызначаны дакладна і паводле ўмоў, і паводле тэрмінаў. З боку беларускіх студый, у тым ліку прыватных, існуе пэўная неабавязковасць, іхнія супрацоўнікі быццам бы не адказваюць за свае словы: напрыклад, могуць паабяцаць распачаць здымкі па тваім сцэнарыі, папрасіць не прапаноўваць яго іншым кампаніям, але так і не выконваюць свайго абяцання. У выніку сцэнарый ляжыць "на паліцы", і стужка на свет не з'яўляецца. Прафесіянал павінен цаніць свой час, таму пісаць "у стол" - вялікая раскоша.
Пытанне другое. Хто галоўны на сцэнарным канвееры?
Асобы сцэнарыста, рэжысёра былі заўсёды вельмі значнымі ў кінапрацэсе. Але апошнім часам мастацтва кіно ўсё больш падвяргаецца дыктату рынку, а значыць, на першы план у ім выходзіць асоба не творцы, а бізнесмена, прадзюсера, які, нібыта, можа ўмешвацца ў творчы працэс адпаведна камерцыйнай мэтазгоднасці. Ці з'яўляецца сцэнарыст на сучасным этапе паўнавартасным аўтарам стужкі? І ці бывае так, што калі кінадраматург глядзіць стужку, зробленую па яго сцэнарыі, то не пазнае сваёй задумы?
- Самы вялікі ўплыў на сцэнарыста, таксама, як і на іншых аўтараў і прадзюсера, аказвае фармат, пад які робіцца стужка. Адпаведна пачатковай задуме і павінен стварацца сцэнарый. Калі прадзюсер цвёрда ведае што, як і для каго здымае, то і сцэнарыст з самага пачатку атрымлівае канкрэтнае заданне, добра ўсведамляючы, якая работа ад яго патрабуецца. Таму выпадкаў, калі сцэнарыст "не пазнае сваёй задумы" на экране, можна лёгка пазбегнуць. Галоўнае, каб ён з самага пачатку разумеў, з кім і дзеля чаго працуе. А таксама - цікавіўся нюансамі аўтарскага дагавора: у апошнім павінна быць пазначана, колькі працэнтаў ад першапачатковага варыянту сцэнарыя могуць змяніць пад час здымак рэжысёр з прадзюсерам.
Трэба добра ўсведамляць: сучасная кінавытворчасць - своеасаблівы канвеер, прыдуманы і з поспехам існуючы ў Галівудзе. Сцэнарны канвеер уяўляе з сябе брыгаду драматургаў, кожны з якіх займаецца тым, што ў яго атрымліваецца лепш за ўсё: адзін прыдумляе сюжэт і піша сцэнарную заяўку, другі стварае падрабязны сцэнарый, трэці - дыялогі персанажаў... Такая практыка абсалютна апраўдана, асабліва - ва ўмовах тэлевізійнай вытворчасці, на шматсерыйных стужках, так званых тэленавелах. Пагадзіцеся, напісаць аднаму чалавеку сцэнарый трохсот серый немагчыма нават фізічна.
Пытанне трэцяе. Наколькі эфектыўныя сцэнарныя конкурсы?
У нашай краіне перыядычна праводзяцца сцэнарныя конкурсы. Вынікі іх часцяком не самыя аптымістычныя. Бывае і так, што вартыя Першай прэміі работы кампетэнтнае журы не здольнае вылучыць. З чым звязана такая пасіўнасць айчынных сцэнарыстаў? Ці не з малой дасведчанасцю патэнцыйных аўтараў аб праходзячых конкурсах? Бо паверыць у тое, што на Беларусі мала таленавітых асоб з арыгінальнымі задумамі, цяжка.
- Так, праблема недастатковай інфармаванасці ёсць. Назіраю яе па сваіх студэнтах: многія вядуць сябе пасіўна, часам даводзіцца распавядаць ім аб існуючых конкурсах і фестывальных магчымасцях. Але галоўная прычына - ва ўмовах саміх конкурсаў: паводле іх палажэнняў, сцэнарыі-пераможцы не маюць права быць экранізаваны на іншых студыях, што аўтаматычна абмяжоўвае правы драматургаў. Таму тыя і не спяшаюцца прадстаўляць свае лепшыя творы на конкурс: калі раптам яны выйграюць нейкую прэмію, нават заахвочвальную, то страцяць іншыя магчымасці. Такія ўмовы падыходзяць толькі для пачаткоўцаў, а не для паспяховых, запатрабаваных аўтараў.
Пытанне чацвёртае. Як шукаць сцэнарый?
Існуе дзве стратэгіі набыцця студыямі сцэнарыяў - пасіўная і актыўная. Пасіўная, да якой адносяцца тыя ж конкурсы, заключаецца ў тым, што рэдактары чакаюць, пакуль да іх прыйдуць аўтары і прынясуць свае творы. Актыўная - рэдактары і прадзюсеры самі цікавяцца сцэнарнымі партфелямі драматургаў, замаўляюць ім тэмы. Якая са стратэгій найбольш плённая ў нашых умовах?
- Добры рэдактар заўсёды знаходзіцца ў пошуку аўтараў, тэм, ідэй. Шмат хто ўпэўнены ў тым, што падобны сцэнарыст на студыі займаецца толькі праўкай тэксту. А гэта куды больш складаная прафесія, яна вельмі адрозніваецца ад прафесіі драматурга. Таму галоўная якасць добрага рэдактара - не займацца сцэнарнай творчасцю, каб не канкурыраваць з аўтарамі, чые сцэнарыі разглядае.
Асоба рэдактара на сённяшні дзень - адна з галоўных у кінапрацэсе. Адукаваны, прафесійны спецыяліст такога кшталту, напрыклад, у Расіі, атрымлівае нават больш за саміх аўтараў сцэнарыя. Ён - першы памочнік кінапрадзюсера, бо фактычна адказвае за тэматычны план студыі. Таму ад асобы рэдактара, яго ўмення працаваць з аўтарамі, шмат у чым залежыць паспяховая дзейнасць студыі.
Пытанне пятае. З чаго пачынаць сцэнарысту?
Займацца сцэнарнай справай з кожным годам хоча ўсё больш літаратурна адораных асоб. Але кінадраматургія - вельмі спецыфічная з'ява. Калі раман або аповесць прызначаны для шырокага кола чытачоў, то сцэнарый - тым больш, сінопсіс або заяўка - прызначаны толькі для некалькіх чалавек: прадзюсера, рэжысёра, аператара, акцёраў. Як пачаткоўцу праверыць свой талент у кінадраматургіі і якім чынам гадаваць новых сцэнарыстаў?
- Пачынаць трэба з апавядання - кароткай навелы на некалькі старонак. Гэта выток і маёй літаратурнай кар'еры: на занятках па драматургіі трэба было напісаць апавяданне "пад Чэхава". У мяне атрымалася вельмі добра, і выкладчык у якасці жарту сказаў: "Ну, на хлеб ты сабе літаратурнай справай заробіш!" Так і адбылося ў 1990-я, калі даводзілася зарабляць грошы, у тым ліку, напісаннем раманаў "пад псеўданімам". Такім чынам, пачынаць заўсёды трэба з малой формы. Для сцэнарыста гэта асабліва важна, бо дазваляе зразумець сутнасць справы, дысцыплінуе, вучыць выдумляць сюжэт і апісваць яго на невялікай колькасці старонак.
Самае галоўнае пры прыёме ва ўстанову, дзе вучаць на сцэнарыста, - праверыць мысленне кандыдата. Калі чалавек мысліць драматургічна, што якраз і відаць па кароткай навеле, то з ім можна працаваць далей.
Пытанне шостае. Дзе і ў каго вучыцца?
Апошнім часам з'яўляецца ўсё больш прапаноў навучыцца "здымаць кіно". Адкрываюцца камерцыйныя курсы, дзе ахвотных за пэўную плату абяцаюць за некалькі месяцаў зрабіць "фільммейкерамі": рэжысёрамі, прадзюсерамі, сцэнарыстамі. Зразумела, што нават кароткачасовыя зносіны з прафесіяналамі прыносяць свой плён. Аднак ці можна лічыць такіх "курсантаў" цалкам здольнымі для нялёгкай сцэнарнай працы?
- Напісаць адзін-два сцэнарыі невысокага ўзроўню можна і пасля заканчэння курсаў. Казаць аб паўнавартаснай адукацыі, безумоўна, нельга. Сцэнарыст павінен ведаць нашмат больш, чым можа падацца на першы погляд, быць глыбока і шматбакова адукаваным чалавекам. Таму профільная вышэйшая адукацыя яму проста неабходна.
Пытанне сёмае, галоўнае. Як напісаць добры сцэнарый?
У Галівудзе функцыянуе цэлая індустрыя для сцэнарыстаў. Выдаюцца падручнікі па сцэнарным рамястве, зборнікі гатовых сінопсісаў, існуюць нават камп'ютэрныя праграмы, якія выкарыстоўваюць нейкія стандартныя драматургічныя схемы...
- Упэўнены, колькі правілаў і рэкамендацый не існавала б, адзінай формулы напісання паспяховага сцэнарыя папросту не існуе. Ведаю калег, якія здымаюць асобную кватэру, каб на час працы абстрагавацца ад сямейных клопатаў ды апынуцца ў цішыні і спакоі. У той час як я часта працую, паралельна займаючыся яшчэ нечым іншым... Галоўнае, не ставіцца да сцэнарыя вельмі сур'ёзна: гэта перашкаджае!