Беларускія ландшафты Шанхая

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Добрай падставай сябе паказаць і на іншых паглядзець стала Сусветная выстаўка “ЭКСПА2010” у кітайскім Шанхаі. Праглядаеш навіны з месца падзей у Інтэрнеце або на тэлебачанні, і першае, чаму здзіўляешся, — фантазіі стваральнікаў павільёнаў. Для нашай краіны больш за два з паловай гады таму паўстала задача: паказаць лепшае, уразіць, завастрыць на нечым увагу. Якія ж акцэнты мы вылучылі на выстаўцы і як выглядаем ў параўнанні з замежнымі экспанентамі? Пра гэта наш карэспандэнт гутарыў з прафесарам, членам Праўлення Беларускага саюза дызайнераў Ігарам ГЕРАСІМЕНКАМ, які ўвайшоў у склад рабочай групы па афармленні павільёна і нядаўна вярнуўся з Шанхая.

Пластычныя ідэі для сучаснага горада на "ЭКСПА-2010" і ў будучыні

/i/content/pi/cult/266/4108/13-1.jpg- Сусветная выстаўка "ЭКСПА2010" прысвечана перспектывам жыцця менавіта ў гарадскім асяроддзі. Раскрыццё тэмы пакажа, як існаваць людзям у агульным кантэксце з імклівым развіццём цывілізацыі. Арганізатарам выстаўкі было цікава паназіраць, як розныя краіны спраўляюцца са складанасцямі, выкліканымі гэтым развіццём. А атрымалася, як ні дзіўна, што ў вельмі малой колькасці павільёнаў можна было знайсці адказы на пастаўленыя пытанні. Беларусь адказала дэвізу-заданню, падкрэсліўшы, што жыццё ў горадзе магчымае, калі ў яго ўвойдзе прырода.

- Як хутка выспела канцэпцыя афармлення павільёна?

- Крыху распавяду тут пра падрыхтоўку. Пачалася яна яшчэ два з паловай гады таму. Калі паўстала пытанне аб афармленні павільёна, Урад нашай дзяржавы праз Гандлёва-прамысловую палату звярнуўся да нашага Саюза дызайнераў. Кіравала творчым калектывам дызайнер Тамара Голубева. Наша краіна - у ліку тых, што ўзялі гатовы павільён у арэнду, а не ўзводзілі будынак самастойна. Перад намі стаяла задача аформіць тыпавую жалезную "скрыню" памерам 24 на 24 метры. Калектыў, думаецца, знайшоў "разыначку": у Беларусі гарады вылучаюцца тым, што ў нас ёсць чыстая вада з падземных крыніц. Тамара Голубева прапанавала стварыць унутры павільёна імправізаванае возера і абкружыць яго валам накшталт тых, якія існавалі ў старадаўнія часы. Уся ж экспазіцыя ўяўляе з сябе горад-скарб, дзе захоўваюцца культурныя каштоўн/i/content/pi/cult/266/4108/13-2.jpgасці, дасягненні навукі, вытворчасці... Там мы размясцілі і гістарычныя каштоўнасці, якімі славіцца Беларусь, у выглядзе 13 галаграм. У цэнтр "возера" падае кропля (аптычны эфект, створаны светлавой праекцыяй), а хвалі ад яе разыходзяцца, падымаюцца па сценах, змяняючы інфармацыю на экранах, і завяршаюцца на столі; святло ж у гэты час затухае. Выглядае ўсё тое даволі незвычайна. Таксама памяшканне ўпрыгожвае жывапіс славутых творцаў нашай краіны. Нам падалося, што гледачам, асабліва ўсходнім, будзе цікава пазнаёміцца з беларускім тыпажом у работах мастакоў.

- Знешняе афармленне павільёна ствараюць палотны мастака Ігара Рымашэўскага. Замест архітэктурных знаходак - выяўленчае мастацтва?

- Усе краіны, што атрымалі павільён у арэнду, карысталіся такім прыёмам: нацягвалі на каркас раздрукаваныя ў вялізным фармаце карціны мастакоў, апрацаваныя любым графічным спосабам. Палотны Ігара Рымашэўскага з усіх чатырох бакоў нашага павільёна адлюстроўваюць поры года ў беларускіх гарадах. І варта адзначыць, што гэта даволі цэласнае палатно, якое адлюстроўвае розныя помнікі: Брэсцкую крэпасць, Мірскі замак, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, статычную Прывакзальную плошчу - усе як адзін пазнавальныя сімвалы Беларусі. Пасля знаёмства са знешнім абліччам, а пасля - унутраным афармленнем, такім маналітным, з адзіным ядром, ствараецца гарманічная карціна, і можна адзначыць: рашэнне ў гэтым сэнсе - удалае.

/i/content/pi/cult/266/4108/13-3.jpgКанцэпцыя? У цэнтры - культура

- Аглядаючы незадоўга да адкрыцця "Экспа-2010" павільёны іншых краін непасрэдна ў Шанхаі, вы, пэўна, змаглі зрабіць некаторыя высновы. Наколькі ўдала адлюстравана тэматыка выстаўкі ў нас і іншых удзельнікаў? На што паставілі акцэнт замежныя калегі?

 - Заўважыў, што пра дэвіз многія забыліся. Прыгадваю, што Галандыя цудоўна выставілася з неафіцыйным дэвізам: "Лепшы горад - гэта вёска". Дызайнеры праілюстравалі вясковую вуліцу, прыпадняўшы яе над зямлёй на невялікую вышыню, прычым там можна было нават шпацыраваць. У В'етнама ўвесь павільён быў абплецены нейкай мясцовай раслінай - бы беларуская скрыня з саломкі. Ніякіх архітэктурных форм: які далі ім "кубік", такі, здавалася б, і атрымаўся "на выхадзе", але прыгожа надзвычайна! Датчане зрабілі стужкударогу, што ўздымаецца ўвышыню, і паставілі каля яе спецыяльныя выставачныя веласіпеды, каб кожны ахвотны мог пракаціцца: яны хацелі паказаць экалагічна чысты горад, дзе няма аўтамабільнага транспарту. Але самае галоўнае, што зрабілі краіны, - гэта выявілі сваю культуру, паведамілі свету пра яе арыгінальныя формы і прасторавае рашэнне. Яны праз свае павільёны нібыта кажуць пра ўнёсак у сучасную візуальную культуру планеты. Дарэчы, калі мы ў Беларусі рыхтаваліся да "ЭКСПА-2010", на шматлікіх пасяджэннях вырашалі, што ж паказаць свету: прапаноўвалі прадэманстраваць прамысловыя дасягненні "БелАЗа", сельгастэхніку, адлюстраваць, у першую чаргу, нашы аграгарадкі... Але дызайнеры былі ўпэўнены, што сусветная выстаўка- гэта не толькі "збор" усяго, чым багатая рэспубліка, а якраз канцэптуальная экспазіцыя- праз наша ўяўленне пра каштоўнасці роднай культуры. І нам выявіць гэта, мяркую, удалося.

- А хто на "ЭКСПА-2010" найбольш уразіў вас асабіста? /i/content/pi/cult/266/4108/13-4.jpg

- Самымі лепшымі работамі, з дызайнерскага пункта гледжання, магу назваць дзве: англійскі і іспанскі павільёны. Яны абодва займаюць вялізную плошчу, і патрабавалі, пэўна, неверагодных затрат пры ўсталяванні. Іспанія стварыла будынак незвычайнай формы: ён увесь звіваецца дзякуючы элементам з дрэва, лазы. Калоны ў ім - не прамыя і круглыя, а самай разнастайнай формы. А ўнутры чуюцца гукі карыды! Наведвальнікі павільёна адчувалі сябе там нібыта ў Іспаніі, яны быццам самі беглі ад жывёл, хаця ішлі ціха і нават нясмела. Атмасферу іспанцы стварылі выдатна. Самае цудоўнае - знешні пластычны вобраз. Думаю, гэта будзе Першая прэмія, калі толькі яе не забярэ Велікабрытанія: апошняя краіна займае плошчу ў некалькі футбольных палёў, а ў цэнтры прасторавай кампазіцыі, якая месціцца на прыўзнятых плоскасцях,- шар, нібы вялізны марскі вожык, "калючкі" якога разыходзяцца ў бакі. Уяўленне, што перад намі- міраж туманнага Альбіёна, а гэта ж- рэальная архітэктура. Уявіце сабе нямецкі і амерыканскі павільёны: тыпавыя сучасныя будынкі. Такія формы мы ўжо шмат разоў бачылі: іх можна сустрэць у любым мегаполісе. Зроблена якасна, але ўсё гэта ўжо было. Заўважана, што пасля сусветных выставак у міжнароднай архітэктуры заўсёды адбываецца крэн у бок лепшага з прадстаўленага.

Нацыянальны і пазнавальны

- Ці можна дасягнуць таго, каб нашу краіну, як, зрэшты, і любую іншую, пазнавалі ў свеце па дызайне? Ці варта наогул казаць пра нейкія нацыянальныя асаблівасці гэтага мастацтва ў сучасных умовах?

- Звычайна краіну ведаюць па прамысловым дызайне: гэта станкі, машыны, механізмы, апараты, тэхніка... Для таго, каб такое мастацтва было вядомае ў свеце, патрэбна мець добра наладжаную вытворчасць усяго пералічанага. У нас, у прыватнасці, гэтага мала, да таго ж, многія прадпрыемствы з'яўляюцца сумеснымі з замежнымі краінамі, і дызайн прыходзіць, так бы мовіць, звонку. Прамысловых дызайнераў у нас практычна не засталося, нягледзячы на тое, што Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў выпускае па гэтым накірунку па 10 - 12 чалавек штогод. Зрэшты, у Еўропе ты можаш выявіць сябе толькі тады, калі ўводзіш сваю творчасць у еўрапейскую ж культуру, граеш па яе правілах. Ці здольны дызайн быць сродкам трансляцыі нацыянальных каштоўнасцей? Так, дызайн можа быць такім накірункам у мастацтве, культуры. Пабудаваць тую мову, што дазволіць нас ідэнтыфікаваць, вылучыць цэлую нацыю, якая мае шматвяковую гісторыю, - гэта павінна быць працай мастакоў-прафесіяналаў. Аналагі такім зменам ёсць. Скажам, у 20-х гадах мінулага стагоддзя быў распрацаваны індустрыяльны стыль, які жыве з тых часоў. Мова тая вызначыла развіццё дызайну на доўгія гады. Сёння ж ужо іншы этап і перыяд у культуры. Групам жа творцаў патрэбна вызначаць сваю нацыянальную, аўтэнтычную мову. Іспанія і Англія, мяркуючы па выстаўцы, пачалі тое разумець, і яны яскрава выяўляюць свае вобразы. Мы ў гэтым сэнсе робім пакуль першыя сціплыя крокі і, неабходна, каб яны абавязкова перайшлі ў прадметны свет.

/i/content/pi/cult/266/4108/13-5.jpg - Гэту ідэю, пэўна, патрэбна данесці да сучасных і будучых студэнтаў. Але ці толькі да дызайнераў і творцаў?

- Такую адукацыю патрэбна, канешне ж, атрымліваць у мастацкіх ВНУ. Патрэбны гуманітарныя веды, бо гэта праца ў шырокім сэнсе для культуролагаў, філосафаў... Варта адзначыць: па-за прафесіяй у такой сферы дасягнуць вялікага поспеху немагчыма. Мастацкая культура займае сёння значна больш важнае месца, чым раней: Сусветная выстаўка гэта засведчыла вельмі яскрава. І ў будучыні патрэбна ўлічваць вопыт, набыты там. Вядома, урады многіх іншых краін хацелі паказаць развіццё сваёй прамысловасці, навукі. Але як толькі фарміраванне экспазіцый трапіла ў рукі дызайнераў, ідэі пластычныя ідуць наперадзе: свая цеплыня, свой каларыт, асаблівасці ўласнай мастацкай мовы. Становіцца зразумела: заявіш пра сябе смелай фарбай, мазком, архітэктурнай кампазіцыяй - і ты зрабіў для сваёй нацыі вялікую справу. Зрабіў унёсак у сусветную культуру.

Занатавала Алена САБАЛЕЎСКАЯ

На здымках: беларускі павільён у Шанхаі (выгляд звонку і знутры).__