Ген жыцця і рэбусы, або Мізансцэна кнігі

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Народны мастак, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіль ШАРАНГОВІЧ сваё 70-годдзе адзначыў буйной персанальнай выстаўкай у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Графічныя лісты, акварэлі, малюнкі пранізвае шчымлівая любоў да роднай зямлі, аднавяскоўцаў, чыя паўсядзённасць напоўнена цяжкай працай і жыватворным гумарам. Але настальгія — моцная і яркая памяць аб дзяцінстве — усё ж не галоўная рыса творчасці мастака. У яго работах прываблівае моцны, жыццядзейны творчы дух беларусаў, будзённыя судакрананні з зямным хараством і заўсёдная вера ў новае, лепшае.

 /i/content/pi/cult/191/2079/Subsustrecy.jpg
Васіль Шаранговіч стаяў каля вытокаў стварэння беларускай школы графікі, шмат гадоў аддаў працы ў Акадэміі мастацтваў, а сёння кіруе самым маладым мастацкім музеем краіны — Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва.
Мы пачалі гутарку з Васілём Пятровічам са згадкі пра яго родную Мядзельшчыну. Талент і апантаная працавітасць, велізарнае жаданне дасягнуць пастаўленай мэты і служэнне ёй вывелі хлопчыка з глухой прынарачанскай вёскі Качаны на шырокі шлях мастацтва. Многія творцы, згадваючы дзяцінства, распавядаюць, як марылі стаць лётчыкамі або вайскоўцамі, а ён, што дзіўна, ніколі нікім не хацеў быць, акрамя як мастаком.



Названае лёсам

— Памятаю з дзяцінства, калі з кімсьці нешта трагічнае здаралася, вясковыя мужыкі гаварылі: што ж, такі ў яго лёс, — разумеючы пад гэтым нейкія невядомыя найвышэйшыя сілы. Дарэчы, ужо ў студэнцкія гады я ўпершыню пачуў ад аспіранта Акадэміі навук Уладзіміра Саўчанкі, які на свой страх і рызыку займаўся забароненай пэўны час генетыкай, што сапраўды існуюць ген жыцця і ген смерці.
Яны закладваюцца чалавеку пры нараджэнні, і, відаць, па-вясковаму гэтыя гены і называліся лёсам. Дык вось, ген жыцця — усё добрае і благое, што перадаецца ад бацькоў, нават дзядоў і прадзедаў, да дзяцей.
Мужчыны, абмяркоўваючы тыя ці іншыя ўчынкі вясковай моладзі, заўсёды гаварылі: “Такія ж і іх бацькі”. Зразумела, што адпаведна бацькам ставіліся і да іх дзяцей. Гэтая вясковая інтуіцыя, можна сказаць, філасофія, заснаваная на жыццёвых фактах, мела пад сабой пэўны грунт…
Мне ж у школе прарочылі будучае матэматыка, бо мне добра даваліся дакладныя прадметы. Бацька ж марыў, каб я быў кавалём ці сталяром. А я захапляўся тым, як маці выкладала мне першыя азы малявання, і з таго моманту цвёрда вырашыў стаць творцам. Іншых памкненняў і мар у мяне не было. Мой шлях вызначыўся ў дзяцінстве. Па ім ішоў, ніколі не збочваў. А цяпер ужо нікуды і не збочыш, каб нават і хацеў.
— Чаму ўсё ж выбар асноўнага мастакоўскага занятку выпаў менавіта на графіку, хаця нават дыпломны праект у Мінскім мастацкім вучылішчы натуральна скіроўваў на жывапіснае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута?
— У жыцці многае атрымліваецца выпадкова. Сапраўды, у вучылішчы займаўся алейным жывапісам. Збіраўся быць жывапісцам. А пайсці на графічнае аддзяленне тэатральна-мастацкага інстытута ўгаварылі аднакурснікі, каб... зменшыць ім канкурэнцыю на ўступных экзаменах. Аднак я ніколі пра гэта не шкадаваў. Вабіла новае, нязведанае, тое, чым яшчэ не займаўся.
Заняткі ў інстытуце мяне захапілі цалкам: акварэльны жывапіс мне даўно падабаўся, а тут яшчэ праца над афортам, літаграфіяй, потым — лінагравюра, кніжная ілюстрацыя. Усё гэта было даспадобы, толькі да малюнка я ставіўся прахалодна, хоць ведаў яго першачарговую неабходнасць. Крыху пазней я прыйшоў да сапраўднага разумення ролі малюнка як асноўнага інструмента графіка, і ён заняў адпаведнае месца ў маёй далейшай творчасці.
Рэжысёр кнігі
— Вы шмат працавалі ў галіне кніжнай графікі. Як адбываецца ілюстраванне: вобраз ідзе ад тэксту ці тэкст выклікае пэўныя асацыяцыі, якія і кладуцца ў аснову твора?
— Мастак — рэжысёр кнігі. Яго задача— расставіць акцэнты. Зрэшты, ілюстраванне кнігі падобна на стварэнне дэкарацый для сцэны. Невыпадкова многія рэжысёры малявалі і малююць. Сяргей Эйзенштэйн, да прыкладу, занатоўваў на паперы ўсе мізансцэны будучых фільмаў, у пэўным плане яго можна лічыць ілюстратарам сцэнарыя. Так і мастак пры аздабленні кнігі не можа адрывацца ад твора цалкам, але павінен па-свойму інтэрпрэтаваць яго, данесці свае вобразы, каб яны супалі з як мага большай колькасцю ўяўленняў чытачоў. Не з усімі, бо гэта немагчыма, але з большасцю. Чытач тады ці ўспрымае трактоўку мастака, ці стварае вобраз на падставе тэксту і ілюстрацый.
— Але перыяд росквіту кніжнай графікі прыпадае на 1960-я — пачатак 1980-х гадоў…

— Мне пашчасціла трапіць у гэтую агульную плынь тагачаснага ўзнёслага творчага настрою. Ці шмат сёння выдаецца ў нас ілюстраваных кніг, якія становяцца з’явамі высокага мастацтва? А дзіцячай ілюстрацыі, па сутнасці, няма, ёсць дзіцячыя карцінкі, часам на мяжы кічу і безгустоўнасці. У гэтым сэнсе мне згадваюцца словы дзіцячага пісьменніка Карнея Чукоўскага, у якога аднойчы запыталіся, як трэба маляваць для дзяцей. На што ён адказаў: як для дарослых, толькі трошкі лепш...
Вялікі пласт культуры кніжнага ілюстравання, які існаваў у савецкія гады, практычна знік. Як сведчанне былога росквіту застаўся альбом «Савецкая кніжная ілюстрацыя», у першым томе якога прадстаўлены лепшыя ілюстрацыі савецкіх мастакоў, у другім — лепшыя ўзоры шрыфтавога афармлення. Ёсць там некалькі чалавек з Беларусі, сярод якіх — Уладзімір Басалыга, Алена Лось, Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі. А нядаўна, гартаючы гэтае выданне, заўважыў, што толькі я адзін з нашай краіны прадстаўлены адразу ў двух тамах — як шрыфтавік і як ілюстратар кнігі.
— А як жа развівалася станковая графіка прытакой вялікай папулярнасці кніжнай?
— Школа беларускай графікі закладвалася менавіта на аснове кніжнай ілюстрацыі. Кніга стала штуршком для развіцця графічных тэхнік, а ўрэшце і станковай графікі. Як правіла, добрыя мастакі кнігі адначасова былі цікавымі станкавістамі: адно “падштурхоўвала” другое. Таму я заўжды паўтараў студэнтам: графік павінен у роўнай ступені валодаць майстэрствам і ў станковай творчасці, і ў кніжнай ілюстрацыі. Асабіста мне станковая графіка заўсёды дапамагала ў ілюстраванні, а кніжная графіка падмацоўвала станковую. Адбываўся мой цікавы творчы альянс.
Саграецца душа
— У ілюстрацыях да “Пана Тадэвуша” і “Новай зямлі” ўражваюць вобразы, пазнавальныя, тыпова беларускія. У вас была задача выявіць у работах нацыянальны тыпаж?
— Так, сапраўды, вобразы шляхцічаў і паноў у “Пане Тадэвушы” мала адрозніваюцца ад вяскоўцаў. А ў “Новай зямлі” ўжо сапраўдныя народныя вобразы. Я ніколі не рабіў партрэтаў з натуры, імкнуўся ўвасобіць штосьці характэрнае. Такі падыход узнікаў ненаўмысна, сам па сабе. Што ж характэрна для беларусаў? Тыпаж. Той тыпаж, што пачынаецца ад прыроды. Наша прырода не мае вострых вуглоў. Пагоркі — пакатыя, стромы — выключэнне. Напэўна, гэткая прырода стварыла вобраз чалавека, так бы мовіць, з “незавостраным”, “акруглым” характарам. Наш народ, у адрозненне, напрыклад, ад горцаў, больш разважлівы ды мяккі.
Прырода і чалавек — непарыўнае. І як бы чалавек не імкнуўся ўздзейнічаць на яе, прырода ў большай ступені ўплывае на асобу, яна фарміруе, стварае народ, бо вызначае ўмовы жыцця, самога існавання людзей на працягу многіх гадоў, стагоддзяў, пакаленняў.
— Беларуская мастацкая школа фарміравалася на народным этнасе, традыцыях, народным духу, перакладзеным на мову прафесійнай творчасці. Ці можна гэтыя рысы захаваць у сённяшнім уніфікаваным і глабалізаваным свеце?
— Сёння мастацтва адмаўляецца ад прадметнага свету, будуе рэбусы. Але мне здаецца, нагуляўшыся, чалавецтва вернецца да глыбокага пазнання, высокай адукацыі, філасофска-аналітычнага падыходу і аб’ектыўнай ацэнкі жыцця. Уладзімір Фаворскі аднойчы сказаў, што за мільёны гадоў прырода стварыла столькі форм, што ніводны чалавек не можа прыдумаць штосьці новае. І задача мастака — знайсці і паказаць гэтую разнастайнасць.
— Што вас засмучае і што абнадзейвае?
— Што да графікі, дык, на вялікі жаль, такія папулярныя ў свой час эстамп, гравюра, літаграфія, афорт сёння амаль што не выкарыстоўваюцца мастакамі з-за іх вялікай працаёмкасці. Усе перайшлі на змешаныя камбінаваныя тэхнікі. З аднаго боку, гэта хутчэй і прасцей, чым выразаць гравюру, якая патрабуе абсалютнай дакладнасці, не дапускае тэхнічных вольнасцей. З другога — знікаюць неабходныя для класічных графічных тэхнік матэрыялы. Баварскія камяні, у асноўным, стачыліся. Старыя друкары сыходзяць, а новай змены няма. На пальцах можна пералічыць тых, хто займаецца афортамі. Я сам перайшоў сёння на акварэль і малюнак. Спадзяюся, што ў гэтых вольных тэхніках удасца выказаць тое, чым саграваецца душа...

Людміла ПАШКОЎСКАЯ


Рэдакцыя “К” шчыра віншуе Васіля Шаранговіча з 70-годдзем! Зычым Вам, шаноўны Васіль Пятровіч, плёну ва ўсіх пачынаннях на карысць нашай Бацькаўшчыны і здзяйснення новых задум!