Фільтр для манументальнага кічу

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Кандыдат мастацтвазнаўства, аўтар шматлікіх навуковых прац, прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне крытыкі і мастацтвазнаўства Міхаіл БАРАЗНА прызначаны старшынёй Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

 /i/content/pi/cult/188/2004/Barazna.jpg

Як развіваюцца сучасныя манументалістыка і скульптура ў сталіцы, гарадах і мястэчках рэспублікі? Чым у гэтым плане адметны Мінск у агульнаеўрапейскай прасторы? Чаму ў Нясвіжы так і не з’явіўся знак, прысвечаны бульбе, а ў сталіцы — свой Медны вершнік? З такімі пытаннямі карэспандэнт “К” звярнуўся да Міхаіла Рыгоравіча.
— Палажэнне аб Рэспубліканскім мастацка-экспертным савеце па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве было зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 19 верасня 2008 года. Разам з ім былі зацверджаны парадак стварэння, праектавання, зацвярджэння і адбору эскізаў, устаноўкі (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У дакуменце прыведзена характарыстыка ўсіх відаў манументалістыкі, дакладна вызначаюцца такія моманты, як выкананне, фінансаванне, прыёмка работ, а таксама дэтальна расшыфроўваецца названае Палажэнне.
Склад Савета таксама зацверджаны пастановай. У яго ўваходзяць 17 спецыялістаў: вядомыя скульптары, архітэктары, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Таму склад, на маю думку, збалансаваны. Назаву толькі некаторыя імёны: намеснік старшыні Савета — першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, таксама намеснік старшыні — народны мастак Беларусі Іван Міско, сярод членаў Савета — галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін, старшыня Беларускага саюза архітэктараў Аляксандр Корбут, начальнік Галоўнага ўпраўлення праектных работ, горадабудаўніцтва і архітэктуры Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Валянціна Назарук, старшыня Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Савіч ды іншыя.
Савет разглядае творы, якія мяркуецца ўсталяваць у Мінску, абласных цэнтрах і якія ўзгоднены з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Мы не будзем абмяркоўваць пытанні стварэння манументальных аб’ектаў у раённым цэнтры, у сельскім клубе і на прылеглай да яго тэрыторыі — гэта не ў кампетэнцыі Савета. Але ён можа разгледзець такое пытанне ў выпадку неабходнасці, звароту з боку дзяржаўных органаў.

Замест прысядзібнай скульптуры
— Значыць, на месцах будуць самастойна прымаць рашэнні аб усталяванні манументальных твораў?
— У абласцях павінны быць створаны, згодна з Палажэннем, свае мастацка-экспертныя саветы, аналагічныя рэспубліканскаму. Для таго, каб іх дзейнасць не была фармалізаванай, наш Савет дэлегуе ў абласныя сваіх прадстаўнікоў. Прапановы на гэты конт мы накіроўваем у абласныя ўпраўленні культуры. Я, да прыкладу, дэлегаваны ў Магілёўскі абласны экспертна-мастацкі савет. Лічу неабходным, каб абласныя саветы былі падсправаздачнымі Рэспубліканскаму, які будзе кантраляваць якасць іх працы, адзінства творчай стратэгіі развіцця манументальнага мастацтва ў краіне. Хачу падкрэсліць, што ў абласных арганізацыях Саюза мастакоў вельмі шмат сур’ёзных і прафесійных творцаў, якія займаюцца скульптурай, жывапісам, керамікай, іншымі відамі пластыкі.
— Якую агульную ацэнку вы можаце даць стану развіцця скульптуры ў нашых невялікіх гарадах?
— У першую чаргу, на маю думку, Рэспубліканскі савет павінен стаць заслонай кічу, малапрафесійнасці. Вядома, шмат у чым названыя з’явы можа справакаваць жаданне мець “прысядзібную” скульптуру, не заўсёды, мякка кажучы, зробленую “на вышыні”. Патрэбен “фільтр”. Прыярытэт, безумоўна, павінны мець творы, прысвечаныя гісторыі і культуры пэўнага рэгіёна, а не абстрактным персанажам. Я шмат езджу па раёнах, пабачыў нямала так званых дэкаратыўных скульптур. З аднаго боку, яны як бы замілоўваюць, а з іншага — маштабнасць іх распаўсюджвання і асваенне імі гарадской ды раённай прасторы робяцца ўжо вельмі пагражальнымі.

Горад — гэта не кіно!
— Якія творчыя праекты на дадзены момант разглядае Савет?
— Абвешчаны конкурс на стварэнне ў Мінску памятнага знака, прысвечанага ахвярам Першай сусветнай вайны. Яго плануецца ўсталяваць у раёне вуліц Чарвякова, Старавіленскай, завулка Азёрнага. Савет падрыхтаваў свае прапановы па складзе журы конкурсу, прысвечанага стварэнню помніка Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Мінску. Помнік плануецца ўзвесці таксама непадалёк ад Старавіленскай вуліцы.
У асноўным Савет сёння займаецца пытаннямі, што знаходзіліся ў кампетэнцыі нашых папярэднікаў, да дзейнасці якіх я стаўлюся станоўча, бо захавалася прастора. Цяпер нам не трэба займацца зносам “шэдэўраў”. А іх магло б быць вельмі шмат.
Манументальная пластыка — гэта, у першую чаргу, увекавечанне памяці народа. Цяпер жа нам неабходна прасачыць, як ідуць работы на такім аб’екце, як Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.
— Якой вам бачыцца айчынная манументалістыка — і ў сталіцы, і ў рэгіёнах — у кантэксце еўрапейскіх узораў?
— У гэтым кантэксце мы выглядаем не горш, чым іншыя краіны Еўропы. Мінск, дзякуючы дзейнасці папярэдняга складу Савета, захаваў вялікую прастору для новай скульптуры і не зрабіў той значнай колькасці памылак, якія сёння заўважны ў Кіеве, Маскве і ў многіх іншых гарадах СНД.
Дадзеныя пытанні актыўна і сапраўды востра абмяркоўваюцца ў СМІ нашых суседзяў. Спецыялісты разумеюць гэта і выступаюць супраць неймавернай колькасці малапрафесійнай скульптурнай, архітэктурнай, дызайнерскай пластыкі. А вось Мінск захоўвае прастору для сур’ёзных твораў. У Расіі, напрыклад, можна сустрэць мастацкія аб’екты, прысвечаныя каціроўкам акцый, дзесяткам вобразаў кінафільмаў і серыялаў — не толькі Кракадзіла Гену і Чабурашку. Мы з такой праблемай, па вялікім рахунку, не сутыкаліся. Зрэшты, падаецца, усё залежыць ад густу, адукаванасці, выхавання маладых творчых сіл, ад таго, наколькі яны разумеюць перспектыву пашырэння горада і змянення яго архітэктурнага аблічча.
Галоўнае пытанне ў нашым манументальным мастацтве, на маю думку, — пытанне ўзаемадачынення архітэктуры і мастацтва. Калі будзе нармальны творчы дыялог паміж дойлідамі і манументалістамі, тады перспектыўнае праектаванне (а ўсё пачынаецца з архітэктуры, бо скульптар дапамагае ў ажыццяўленні задумы) будзе грунтавацца на моцным падмурку. Пакуль усё ж такі ёсць стылёвая неадпаведнасць. Яна — вынік таго, што мастацкія школы — архітэктурная і скульптурная — развіваліся цягам апошніх дзесяцігоддзяў аўтаномна. Пры будаўніцтве аб’екта архітэктары ўдзельнічаюць ад пачатку і да канца, а манументалісты, на жаль, — толькі на заключнай стадыі. Праўда, ёсць у нашай гісторыі і выдатныя прыклады ўзаемадзеяння, напрыклад, мемарыяльны комплекс “Хатынь”, юбілей якога будзе хутка адзначацца, некаторыя помнікі, створаныя архітэктарамі Леанідам Левіным і Юрыем Градавым у сааўтарстве са скульптарамі, Нацыянальная бібліятэка краіны.
Архітэктурна-стылёвая разнастайнасць і сучасная архітэктурная пластыка ў стане акумуляваць розныя формы. Але многае залежыць ад таго, наколькі архітэктар зможа задзейнічаць асяродак. Зрэшты, у прасторы знойдзецца месца прадстаўнікам самых розных творчых накірункаў: дызайнерскай, дэкаратыўнай пластыкі, звышрэалістычнага фігуратыўнага мастацтва. Смелы пошук уносіць адметныя рысы ў воблік сучаснага горада. Упэўнены: нам не пагражае такое замарожванне архітэктуры, якое не будзе мадэліраваць пластыку. Карацей кажучы, калі наладзіцца дыялог паміж архітэктарамі і скульптарамі, з’явіцца дыскусія — будзе вынік. У Мінску стане яшчэ больш якаснай пластыкі. Я на сто працэнтаў упэўнены!

Статус сталіцы — не ў наяўнасці коннай статуі
— Лічу, што сучасная пластыка павінна прапагандаваць ясныя і эстэтычныя рысы, а не бясформеннасць фігуры. Гэта дрэнна, бо выхоўвае дурны густ, несур’ёзныя адносіны да мастацтва, культуры. Хацелася б асобна адзначыць, што ва ўрадавай пастанове падкрэсліваецца: калі маюцца аб’екты, усталяваныя з парушэннямі, — дык яны падлягаюць зносу. А такіх кампазіцый, якія не прайшлі экспертызу Савета, у Мінску і рэгіёнах шмат.
— І ў гэтым плане Савет можа сказаць сваё важкае слова?
— Калі да нас звернуцца з просьбай аб экспертызе, мы, вядома, вызначым станоўчае і адмоўнае. Галоўнае для нас — працаваць упэўнена, дакладна. Мы неабыякавыя да новай эстэтыкі. Каб людзі захапляліся рэчамі, якія іх атачаюць, не ехалі шукаць эстэтыкі кудысьці за мяжу, трэба самім ствараць вакол сябе прыгажосць. Талентаў у нас хапае, у нашай Акадэміі скульптар вучыцца шэсць гадоў. І ён набывае такі прафесіяналізм, што здольны рабіць цудоўныя творы.
— Часта можна чуць такую думку, што статус сталіцы вызначаецца наяўнасцю коннай статуі...
— Гэта міфы з савецкага мастацтвазнаўства. Мы ж жывём у ХХІ стагоддзі. Ёсць гарады, у якіх такіх статуй няма. Возьмем, напрыклад, Мінск. Наколькі ў яго гісторыі вершнікі сыгралі значную ролю? Цяжка прыгадаць. Напэўна, лепей будзе ўзяць нешта яркае і адметнае з гісторыі горада, з характара народа і ўвасобіць такую тэму ў скульптуры.
— Заканчваецца 2008-ы — Год бульбы, абвешчаны Арганізацыяй аб’яднаных нацый. Меркавалася, што з гэтай нагоды будзе зроблена скульптура, прысвечаная любімай ежы беларусаў...
— Такую скульптуру збіраліся ўсталяваць у Нясвіжы. Мы разглядалі на Савеце гэтую прапанову, але большасцю галасоў яе адхілілі з фармулёўкай: недастаткова мастацкае рашэнне. Я перакананы, той праект — даволі павярхоўны. Ён быў адабраны на грамадскім, а не на прафесійным мастацкім конкурсе. Асабіста я не супраць усталявання скульптурнага знака, прысвечанага бульбе. На гэтую тэму існуе шмат выдатных твораў, да прыкладу, жывапіс Франсуа Міле і Ван Гога. У праекце, які разглядаўся на пасяджэнні Савета, быў у дастаткова вялікай ступені элемент кічу: выява бульбы ў выглядзе агромністага каменя, перавязанага стужачкай, які ўвенчаны каронай і ляжыць на драбінках... Не думаю, што Нясвіж надта набудзе ад падобнага сімвала.
— А калі на абмеркаванне Савета прадставяць праект з выявай бульбы, і спецыялісты адзначаць: зроблена — высокапрафесійна, — ён будзе зацверджаны?..
— А вы сумняваецеся?!

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА