27 лістапада ў выставачнай зале філіяла Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі — Дома-музея I з’езда РСДРП адкрылася выстаўка пад назвай “Паўза, шчасце, танец”. Аўтар яе — выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Мікалай Кароткін, паказаў сваё бачанне антычнага жыцця, якое адлюстраваў праз прызму сучаснасці і непаўторнага існавання творчага таленавітага чалавека.
|
М.Кароткін. “Аліўкавы сад, або Пастух з Віфлеема”. |
“Там няма нічога з таго, што нам вядома… Ёсць толькі жывая пульсуючая энергія, якая нараджае новыя сувязі і новыя сэнсы з’яў”, — гаворыць мастак пра свае трыццаць графічных лістоў, створаных за апошнія чатыры гады. Сапраўды, на ўсіх малюнках выяўлены звычайныя, даўно вядомыя рэчы і з’явы, але яны пераплецены ў камбінацыях, калі гледачам застаецца толькі разгадваць загадкі. Белыя вершы на фоне сімвалічных, вядомых з антычнасці жывёл, а таксама мнагазначныя назвы работ дадаюць штрыхі інтэлектуальнасці асобе мастака. Крылы голуба, што знаходзіцца ў цэнтры ліста, нагадваюць чалавечыя пальцы, якія абараняюць жанчыну, а яна, у сваю чаргу, ахоўвае сваёй сілай мужчыну-паляўнічага. Пасля, далей ад цэнтра, з дапамогай розных інструментаў нараджаецца музыка, побач — людзі, якія адчулі прыгажосць кахання, лесвіца ўгару да сонца і твар захопленага канкрэтнага чалавека ў самым куце — мабыць, самога творцы. Інтэрпрэтацыю стварэння і гарманічнага развіцця свету дае Мікалай Кароткін у рабоце “Трымайся мацней”.
Творы майстра выкананы акварэллю, алоўкамі, вугалем, сангінай на белым, чорным і чырвоным фонах.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ