Уладзімір ШЧАСНЫ: “Эталонам эпох будзе захаваная аўтэнтыка”

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Цягам амаль васьмі гадоў Уладзімір ШЧАСНЫ ўзначальвае Нацыянальную камісію па справах ЮНЕСКА. Таксама ён з’яўляецца Паслом па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Працаздольнасць ягоная здзіўляе і захапляе. Падаецца, як можна ахапіць неабдымнае? А ў яго, здаецца, атрымліваецца. Зрэшты, кажуць, што пра асобу трэба меркаваць не па пашпартных даных, а па яе біялагічным — сапраўдным — узросце. Дык вось, паводле яго, Уладзімір Шчасны — малады, поўны жыццёвых сіл, натхнёны творчы чалавек.

А пачалі мы гутарку з Уладзімірам Рыгоравічам, які днямі адзначыў сваё шасцідзесяцігоддзе, са згадкі пра яго родную Смаргонь. У школьныя гады ён марыў, калі стане дарослым, зрабіцца гісторыкам або архітэктарам, а стаў — дыпламатам. Ды веды па мінуўшчыне, дойлідстве, энцыклапедычная начытанасць спатрэбіліся ў яго сённяшняй дзейнасці.


 /i/content/pi/cult/185/1936/Schasny.jpg
Проста паказаць, як было

— Я рады, што нарадзіўся і вырас у маленькім беларускім горадзе, чый непаўторны мікракосмас я мог літаральна мацаць рукамі. Гэта была мадэль грамадства ў мініяцюры. Людзі ведалі адзін аднаго. Стасункі былі не такія, як у суседзяў па лесвічнай пляцоўцы ў вялікім горадзе, дзе ніхто нікога не ведае. Існавалі свае парадкі. Жанчыны выходзілі ўвечары і ад дома да тратуара стрыглі нажніцамі траву. Парадак быў паўсюль ідэальны, была высокая побытавая культура.

Смаргонь старажытны горад. У 1553 годзе там быў пабудаваны кальвінісцкі храм. Будынак — помнік архітэктуры эпохі Рэнесанса. У гэтых краях ствараў Міхал Клеафас Агінскі, танчылі і танчаць да гэтай пары паланэзы. Заўважце, як лёс паяднаў мяне з помнікамі даўніны і з той жа асобай Агінскага.


“ЮНЕСКА — гэта каталізатар”
— Вы адзін з тых, хто закладваў падмурак сучаснай беларускай дыпламатыі...

— У нейкай ступені — так. Гэта быў адзін з самых цікавых момантаў майго жыцця. На пачатку 1990-х я ўзначальваў аддзел двухбаковых сувязей Міністэрства замежных спраў. У 1993 годзе быў прызначаны першым Часовым Павераным у справах Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. З 1994 па 1995 год працаваў саветнікам-пасланнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, затым — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Велікабрытаніі і Ірландыі па сумяшчальніцтве. У 2000 — 2001-ым быў начальнікам Упраўлення двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД Міністэрства замежных спраў.

— Цяпер у якасці старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА і як Пасол па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў краіны вы займаецеся ў асноўным пытаннямі культуры, акрамя пытанняў адукацыі, навукі і інфармацыі. Гэтая дзейнасць, па вашым меркаванні, мае дыпламатычны ці ўсё ж такі больш культурна-арганізатарскі характар?

— Так склалася, што ў дзейнасці ЮНЕСКА, як і ў маёй працы, дамінуе культура. І гэты накірунак аказаўся самым паспяховым. Зрэшты, усё зробленае за гады працы Камісіі, здзейснена не толькі мной і маімі двума калегамі.

У супрацоўніцтве з ЮНЕСКА ўзяты курс на тое, каб, у першую чаргу, зацікавіць гэтую міжнароднуюарганізацыю і рабіць упор на нацыянальныя інтарэсы. І таму мы не выдумляем праекты, а звяртаемся ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, нацыянальныя музеі і пытаемся ў спецыялістаў, які праект быў бы ім патрэбен, цікавы для краіны або канкрэтнай установы. А потым праецыруем на праект увагу спецыялістаў ЮНЕСКА, і такім чынам ён робіцца заўважаным.

Увогуле, на мой погляд, ЮНЕСКА — каталізатар, які сцвярджае важнасць пэўнага аб’екта. Маючы такі падмурак, можна далей развіваць праекты. Узяць, напрыклад, Паставы. Грошы на абнаўленне былога палаца Тызенгаузаў выдаткавалі невялікія — 25 тысяч долараў. Але гэта дало магчымасць галоўнаму ўрачу бальніцы, якая знаходзіцца ў колішнім палацы Тызенгаузаў, Уладзіміру Чэкаваму на ўсіх узроўнях нагадваць, што ЮНЕСКА зацікаўлена ў рэстаўрацыі помніка архітэктуры. І гэта спрацоўвае.

Мяркуем, што ЮНЕСКА адыграе сваю ролю каталізатара ў аднаўленні сядзібы Агінскага ў Залессі. Было выдаткавана 25 тысяч долараў на складанне дакументацыі, якая павінна дапамагчы ў рэстаўрацыі. Але ў сувязі з тым, што аб’ект перадаецца ва ўласнасць Гродзенскай вобласці, працэс адраджэння сядзібы трохі запаволіўся. Шмат што ўжо зроблена. Архіў Агінскіх вернуты на радзіму, кнігі аб славутым родзе напісаны, музычныя дыскі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага выдадзены. Выкананы вялікі аб’ём работы, які можа стаць асновай для будучай экспазіцыі. Я думаю, што пры садзейнічанні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовых улад да 2015 года, калі мы будзем адзначаць 250-годдзе з дня нараджэння М.К. Агінскага, аб’ект канчаткова ўвойдзе ў строй, і ў сядзібе адкрыецца музей.

— Якія адметныя праекты пры садзейнічанні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА маюць хутка ажыццявіцца?

— Мяркую, да канца года выйдзе кніга “250 асоб Беларусі ў дыялогах культур” на беларускай, рускай і англійскай мовах. Яна будзе цікавай і беларусам, і замежным гасцям. Адметны праект ажыццявіцца хутка ў музеі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў: там наладжваецца выстаўка, прысвечаная Агінскаму. Будзе прадстаўлена перапіска бацькі Агінскага, Андрэя Агінскага, які быў Паслом у Вене, з каралём Рэчы Паспалітай Панятоўскім, датаваная 1772 годам, калі адбыўся Першы падзел Рэчы Паспалітай. Перапіска была зашыфраванай. Трэба зазначыць, што архіў Агінскага налічвае 6000 дакументаў.

Увогуле, мы канцэнтруемся на тых аб’ектах, якім можам рэальна чымсьці дапамагчы. Напрыклад, ЮНЕСКА выдаткавала 50 тысяч долараў на рэстаўрацыю Косаўскага палаца. Гэта робіцца ў тых выпадках, калі глеба падрыхтавана, павінен быць штуршок, каб распачаліся аднаўленчыя работы. І рэстаўрацыя Косаўскага палаца зараз ідзе.


“Уключым у Спіс наш фальклор!”
— Колькі на сёння ўключана беларускіх аб’ектаў у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА? Якія новыя кандыдатуры мяркуецца прапанаваць?

— У Спіс сусветнай спадчыны ўключаны 4 аб’екты: замкавы комплекс “Мір”, архітэктурна-культурны комплекс-рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы, Белавежская пушча і “Дуга Струвэ”. Мы аказваем садзейнічанне пад час падрыхтоўкі намінацыйных дасье.

Цяпер ЮНЕСКА разглядае дзве кандыдатуры для ўключэння ў Спіс — “Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Еўфрасінні Полацкай”, а таксама Агінскі канал.

У Беларусі шмат што ёсць адметнага, нам дасталася багатая спадчына. Захаванне нацыянальных каштоўнасцей — асобная тэма для гаворкі.

ЮНЕСКА дапамагае захаваць гэтую спадчыну ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі. Гэта датычыцца і нематэрыяльнай спадчыны. На жаль, яна ў нас усё больш музеефікуецца. А важна, каб гэта заставалася жыць. Захаваць аўтэнтыку — складаная праблема. Бо на фалькоры негатыўна адбіваецца яго акадэмізацыя, апрацоўка, тэатралізацыя. Аўтэнтыку трэба захоўваць як эталон часу.

Зрэшты, вельмі важна і тое, як “паднесці” тую альбо іншую кандыдатуру. Калі мы падавалі заяўку на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Нясвіжскага замка, мы зрабілі ўхіл на спадчыну Радзівілаў. І наша заяўка была прынята. Мы прыгадалі бібліятэку магнатаў, знакамітую карту Радзівілаў і іншыя каштоўнасці.

Што да архіва, дык зараз ствараецца яго электронная версія. 12 снежня адбудзецца другое пасяджэнне Міжнароднага савета, які займаецца віртуальнай рэканструкцыяй архіва Радзівілаў. Дарэчы, у нашых архівах захоўваецца больш за 130 тысяч дакументаў і спраў з архіва Радзівілаў, столькі ж у Польшчы. Ёсць матэрыялы ў Расіі, Германіі, Літве. Цяпер ствараецца электронная база архіва. Інфармацыйны цэнтр будзе знаходзіцца ў Нясвіжы.


Пабыў у “Вулеі” — стаў пісьменнікам
— Калі вы пачалі прыязджаць па справах у Парыж, вы сталі вывучаць парыжскую школу выяўленчага мастацтва?

— Не, я зацікавіўся ёю нашмат раней. Дзесьці напрыканцы 1970-х мне патрапіў каталог выстаўкі сучаснага французскага мастацтва, якая праходзіла ў Маскве ў 1928 годзе. Калі пачаў гартаць яго, дык аказалася, што палова мастакоў-прадстаўнікоў школы — з нашых краёў! Пасля знаёмства з каталогам пачаў цікавіцца парыжскай школай. Потым лёс мне даў магчымасць наведваць Парыж, набываць адпаведныя кнігі. З часам назапасіўся багаты матэрыял. І цяпер я пішу кнігу пра парыжскую школу выяўленчага мастацтва, пра нашых прадстаўнікоў там. А іх — больш за дзесяць чалавек.

Суціна мы нядаўна “адкрылі” — музейная экспазіцыя арганізавана на яго радзіме, у Смілавічах. А першы мой артыкул аб вядомым экспрэсіянісце Хаіме Суціне выйшаў у 1985 годзе. Увогуле, тэма парыжскай школы мне вельмі цікавая, яна мяне захапіла. Гэтая тэма — у аснове маіх п’ес “Мадам Боншанс” і ”Шагал, Шагал”. Калі знаходзіўся ў Парыжы, не проста чытаў кнігі, а хадзіў па тых месцах, дыхаў паветрам Монпарнаса, сядзеў у знакамітай кавярні “Ратонда”, быў у “Вулеі”, дзе жылі на пачатку ХХ стагоддзя мастакі, якія пасля здабылі сусветную славу: Пікаса, Мадзільяні, Шагал, Лежэ. Я, напрыклад, сустрэўся тады з дзецьмі Кікоіна, якія памяталі Суціна; зараз дачцы Кікоіна 92 гады, а сыну за 80 гадоў! Палічыў, паколькі лёс мне даў магчымасць усё гэта ўбачыць, паспрабаваць, прачытаць, я павінен яму нечым аддзячыць.

Наталля БАДЗІЛОЎСКАЯ
Фота Юрыя ІВАНОВА

Рэдакцыя “К” шчыра віншуе члена сваёй рэдакцыйнай калегіі Уладзіміра ШЧАСНАГА з 60-годдзем! Зычым Вам, шаноўны Уладзімір Рыгоравіч, плёну ва ўсіх пачынаннях на карысць нашай Бацькаўшчыны і здзяйснення ўсіх задум!