Аляксандр САКУРАЎ: “Кінематограф вельмі вінаваты перад цывілізацыяй”

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

Да несумненных плюсаў фестывалю “Лістапад” можна аднесці яго незвычайную для вялікіх кінафорумаў дэмакратычнасць: у фае кінатэатраў, у кіназалах кожны можа сустрэць вядомых акцёраў і рэжысёраў, аператараў і мастакаў, завесці гутарку, папрасіць аўтограф, задаць пытанне. Напрыклад, у нядзелю Кшыштаф Занусі асабіста прэзентаваў сваю апошнюю стужку “Чорнае сонца”, у панядзелак Святлана Дружыніна і Леанід Мазгавой адказвалі на пытанні гасцей творчай сустрэчы, а ў сераду французскі рэжысёр, літаратар, мастак і фатограф Алан Флешэр шчыра дзяліўся сваім досведам з беларускімі кінаманамі… Сустрэч адбылося нямала, але своеасаблівай вяхой у гісторыі “Лістапада”, падаецца, стаў візіт Аляксандра Сакурава — знакамітага рэжысёра, народнага артыста Расіі, удзельніка і лаўрэата шматлікіх міжнародных фестываляў, творцы, чыё імя Еўрапейская Акадэмія ўключыла ў лік ста лепшых рэжысёраў сусветнага кіно, аўтара вядомай кінатрылогіі “Малох”, “Цялец”, “Сонца”, кінастужак “Рускі каўчэг”, “Аляксандра” і іншых экранных работ…

 /i/content/pi/cult/184/1908/Sakurov.jpg
На “Лістападзе” Аляксандр САКУРАЎ прэзентаваў публіцы дакументальную стужку “Усходняя элегія” і ігравую карціну “Маці і сын”. На
творчай сустрэчы з майстрам пабываў і карэспандэнт “К”.

 
Культура — гэта тое, што ўваходзіць у свядомасць

— Сёння як ніколі гавораць пра культуру, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. — Пра сусветную, нацыянальную. Толькі ў Еўропе якраз і не прынята казаць пра нацыянальную культуру — на цябе адразу імкнуцца навесіць пэўную “шыльду”… Усім вельмі падабаецца зліццё культур, і ніхто не задумваецца, што стаіць за гэтым непадзелам. А за ім — пустата.

Да тае пары, пакуль французы будуць французамі, будзе існаваць французская культура; пакуль немцы будуць немцамі, будзе існаваць нямецкая ўспрымальнасць да сацыяльнай ролі іншых, гатоўнасць дапамагаць адзін аднаму; пакуль шведы будуць шведамі, будзе існаваць шведская асаблівасць, аб якой мы нічога не ведалі, і пра што распавёў свету Бергман... Да тае пары, пакуль для нас у дастатковай ступені захаваецца незнаёмасць, таямнічасць іншай культуры, свет будзе баяцца ваяваць. Пакуль будзе існаваць таямніца кожнага з нацыянальных мастацтваў, у нас захаваецца паважлівае стаўленне да народаў. Пакуль будзе існаваць каштоўнасць гуманітарных катэгорый, якая пануе па-над усім, пакуль людзі будуць разумець, што гэтыя катэгорыі вышэйшыя за палітычныя амбіцыі, — да тае пары мы будзем стрыманыя, будзем штосьці чуць, і зноў жа — не будзем ваяваць.

Зараз гаворка ідзе пра фінансавы крызіс, але ўсе ўжо забыліся, што калісьці ў нашай гісторыі былі галодныя гады, калі паміралі сотні тысяч простых людзей. Калі ў мяне пытаюцца, чаму ўзнікае небяспека крызісу, я адказваю: любую вайну можна спыніць толькі тады, калі культура становіцца вышэйшай за ўсё. Яе ўзровень вызначае ўзровень сумленнасці палітыкаў, усіх людзей, надзеленых уладай. Культура — гэта тое, што ўваходзіць у свядомасць і падсвядомасць, пачынае кіраваць ды вызначаць інерцыйныя ўчынкі і рухі. Чалавек, у якога ёсць запас базавай культуры, ніколі не спытае, чаму нельга чытаць чужыя лісты. Ёсць просты адказ: нельга, таму што нельга...

Сёння культура перастала быць каралеўнай, перастала кіраваць. Яе перасталі слухацца. І адбываецца ды можа здзейсніцца ўсё, што заўгодна. Небяспечныя эксперыменты з культурай нам вядомы, скажам, з гісторыі Германіі, калі пакінуты без базавай культуры народ здольны на ўсё, у тым ліку — вылучыць кіраўніком чалавека, які ўяўляе, што можа ўсё. Народ, які зберагае культуру, усведамляе сябе культурным носьбітам традыцый папярэднікаў, ніколі такіх людзей не падыме на вяршыню ўлады. Гэта простыя рэчы, але яны часцяком цяжка разумеюцца.

Унікальная памылка грамадства

— Кінематограф вельмі вінаваты перад сусветнай цывілізацыяй, больш, чым іншыя камунікатыўныя сістэмы. Ды і тэлебачанне як транслятар — гэта неверагодна адказная, жорсткая, бязлітасная рэч.

Тры, чатыры, пяць дрэнных рэжысёраў могуць зрабіць тое, што не здолелі ні Гітлер, ні Сталін, ні атамная бомба. Можна адысці ад усяго, усім можна “перахварэць”, ператрываць, але гэта — “вымыванне” душы, яе ператварэнне ў пясок, у невядомую субстанцыю.

Вялікія рэжысёры — еўрапейскія, амерыканскія — спаборнічаюць паміж сабой, каб з большай вытанчанасцю паказаць забойствы, змучанае цела чалавека і не быць за гэта адказнымі перад законам, уласным сумленнем і часам. А тут побач дзяржава, якой трэба зарабляць грошы. І вось узнікае сітуацыя, пры якой мы бачым розныя мэты: мастацтву патрэбен чулы, добры, мяккі, здольны да спачування чалавек з высакароднай воляй, а дзяржаве патрэбны моцны, жорсткі персанаж, які хаця і не ўсё разумее, але ўсё выконвае. Гэта — супярэчнасць, невырашальная цягам стагоддзяў... Шмат гадоў існуе гэтая унікальная памылка, і народы кожны раз ідуць па адным і тым жа шляху.

Чаму пачалася Першая сусветная вайна? Чаму — Другая? Пасля кровапраліццяў народ імкнецца перапахаваць тых, каго пахавалі “не так”, славіць гераізм людзей, якія абаранялі свой дом, славіць сваю гісторыю, але ўсе забываюцца на тыя асобныя — падобныя на ўскрыкі — галасы, якія казалі: “Не трэба вайны! Зусім не трэба!” Усё, што мы бачым цяжкага ў нашым жыцці — складанае, страшнае, трагічнае, драматычнае, — адбываецца тады, калі мы забываемся на тое, што ёсць чалавечае аблічча, якое можна захаваць напружанай працай па ўдасканаленні культуры — з года ў год, цягам дзесяцігоддзяў. Узнікае паўза — і не дагнаць.

З’яўляецца пакаленне, якому абсалютна не важна, што такое архітэктура, літаратура, гонар, сям’я. Усе кампрамісы з культурай выклікаюць незваротныя вынікі — калі існуюць дзесяткі тысяч кінутых дзяцей, сотні тысяч людзей, якія выходзяць з-за кратаў, — і аказваюцца нікому не патрэбнымі...


Фантастычнае падабенства сэнсаў
Пад час прэс-канферэнцыі Аляксандр Сакураў адказаў на пытанне карэспандэнта “К”.

— Аляксандр Мікалаевіч, аднойчы вас папрасілі даць ацэнку рускай культуры, і вы адказалі, што яна ўсё ж такі — ёсць. На ваш погляд, ці ўваходзіць беларуская культура як складнік у прастору культуры рускай або з’яўляецца самадастатковым, самастойным, фарміраваннем?

— Гэта вельмі няпростае пытанне. Для мяне асабіста — гэта адна культура, таму што нас аб’ядноўвае фантастычнае падабенства моўных сэнсаў. Нас аб’ядноўвае пэўная дакладнасць у прыняцці сітуацый гістарычнага парадку. Самы вядомы прыклад — так, як супраціўляліся ў Беларусі нацызму, так супраціўляліся толькі ў Расіі. Так, як у Беларусі разумеюць і адчуваюць каштоўнасці культуры, што зарадзіліся і сфарміраваліся ў ХІХ стагоддзі — фантастычна знакавым для ўсяго свету, — гэтаксама рэдка хто цэніць і разумее.

Настолькі блізкія па-чалавечы, псіхафізічна, псіхалагічна характары рускіх і беларусаў, што падаецца, мы — з аднаго дома... Гэта цяжкае пытанне, мне не хочацца нікога пакрыўдзіць. Зразумела, што сёння вы — асобная дзяржава. Але тое, што Беларусь і Расія — гэта краіны-сёстры, — сумненняў не выклікае. Магчыма, у іх розныя “бацькі”, у сястры-Беларусі ёсць “сваякі”, “дзеці”, але “маці” ў іх адна. Гэта “сёстры” раўназначныя, роўнавялікія. Можна прызнаць гэта сваяцтва, а можна — не. Але Беларусь моцна ад гэтага страціць, прынамсі, гэтак жа, як і Расія. Тая гарманічнасць, складнасць, унутраная канцэнтрацыя беларускага характару заўжды будуць прывабліваць “сястру”, якую завуць Расія. Гэта дзівосная гармонія складнікаў, якой у яе, Расіі, няма.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА