З нагоды фэсту каля Пастаўскага райвыканкама былі ўзняты пяць сцягоў, па колькасці дзяржаў — удзельніц фестывалю: Латвіі, Расіі, Беларусі, Туркменістана і Кітая.
“Фестываль ужо даўно зарэкамендаваў сябе брэндам рэгіёна, — сказала на адкрыцці свята ад імя Міністэрства культуры начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Ірына Карповіч. — Пляцоўка ў Паставах, на якой ёсць магчымасць выступаць артыстам, дае ім дарогу да творчага ўдасканалення і развіцця. У год, аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці, асабліва важна праводзіць мерапрыемствы такога ўзроўню, як Фестываль нацыянальных культур, “Маладзечна-2022”, а таксама “Звіняць цымбалы і гармонік”, бо песні і музыка таксама з’яўляюцца культурнымі каранямі нашага народа”.
Старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік выказаў упэўненасць, што ў будучым на свята паказаць сябе прыедуць яшчэ больш калектываў. Сяргей Васільевіч коратка распавёў пра сферу культуры і гаспадарання ў раёне, падкрэсліў яго турыстычны патэнцыял.
ТВОРЧЫ КОНКУРС
Галоўнай традыцыйнай падзеяй фестывалю быў конкурс “Хто каго?”. У журы, якое ўзначаліў прафесар Яўген Гладкоў, запрасілі найлепшых музыкантаў Беларусі і рэгіёна. Таксама ў журы прысутнічалі народны артыст Беларусі, кіраўнік ансамбля “Бяседа” Леанід Захлеўны, выкладчык Наваполацкага музычнага каледжа, кампазітар Віктар Малых, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка, заслужаны дзеяч Рэспублікі Беларусь Мікалай Пашынскі, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Ірына Абдулаева, дырэтар Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Анатоль Собаль, выкладчык Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Валянцін Жагула.
Аношкаўскія музыкі
Сапраўды, у Пастаўскага фестывалю ёсць усе падставы садзейнічаць сяброўству народаў і адкрыццю новых імёнаў. Бо традыцыйна конкурс “Хто каго?” пачалі дзеці з мясцовых Пастаўскай, а таксама Варапаеўскай школ мастацтваў. Упэўнена выступіў калектыў з мінскай вобласці “Аношкаўскія музыкі”. Дзякуючы педагагічным старанням яго кіраўніка Аляксея Андросіка ансамблю ў 2015 годзе была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Аляксей Валер’евіч кажа, што ствараць шоу на сцэне з дапамогай беларускіх народных інструментаў і ўзнімаць настрой гледачу бадзёрай, яркай музыкай — гэта іх асаблівы стыль.
Пасля праявілі сябе прадстаўнікі Кітая і Туркменістана, студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Лі Цыньбо на народным інструменце сона сыграў музыку, матыў якой адразу перанёс слухача ў Паднябесную. А потым кітайскі калектыў Integration паказаў харэаграфічны нумар, дзе музыка і танец прыгожа дапаўнялі адно аднаго. Таксама студэнтка ВДУ Айгуль Сапаргулыева прадэманстравала майстэрства валодання туркменскім інструментам “дутар”.
Пазней у конкурсе “Хто каго?” выступілі латвійская і руская дэлегацыі. Дзіўна, якой чыстай беларускай мовай валодалі ў латвійскім ансамблі “Журавінка”, пры тым што пражываюць яны ў іншым канцы ад мяжы Беларусі, у марскім горадзе Вентспілс. А расійскія госці з горада-пабраціма Пастаў Пушкіна, а таксама са Смаленска зрабілі канкурэнцыю беларускім калектывам.
Асноўная барацьба прайшла паміж беларускімі калектывамі і выканаўцамі. Тут выступалі прадстаўнікі Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей, горада Мінска. Кожны калектыў быў самабытным і прымаўся аўдыторыяй з падзякай і апладысментамі.
ПАДВОРКІ ФЕСТЫВАЛЮ
У той самы час на плошчы Леніна праходзіў конкурс-агляд падворкаў. Кожны сельскі савет Пастаўскага раёна прадставіў музычна-кірмашовую кампазіцыю з выставамі майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, нацыянальнай кухні, сельскагаспадарчых дасягненняў. Выбіралі лепшы падворак старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, галоўны спецыяліст Пастаўскай раённай арганізацыі “Белая Русь” Іна Краўчук, старшыня Пастаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, старшыня Пастаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Катовіч, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Кацярына Малевіч, галоўны рэдактар раённай газеты “Пастаўскі край” Людміла Зелянкевіч і дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксенія Грэська. У выніку першае месца заняў падворак Юнькаўскага сельсавета.
Яшчэ на цэнтральнай плошчы гасцям фестывалю майстры прапанавалі набыць свае вырабы. Вось у Таццяны Пётух днём раней разам з калегай Вольгай Гукавай адбылася выстава ў Пастаўскім доме рамёстваў. За свае сакрэты ў выцінанцы і саломапляценні, а таксама маляванцы жанчыны сёлета атрымалі званні Народных майстроў. Арыгінальныя вырабы прапаноўвала і прадстаўнік Дзісненскага дома рамёстваў Міёрскага раёна Людміла Ганебная.
Суботні дзень завяршылі музычна-тэатралізаваны паказ, канцэрт кавер-гурта “Беверлі-Хілз Бенд”, а таксама вогненнае шоу, феерверк і танцавальная праграма для моладзі. Відаць было, што адміністрацыя горада не шкадавала сіл, каб годна правесці свята.
Уладзіслаў Плігаўка дае канцэрт у касцёле
Ансамбль "Свая ігра" выступае ў касцёле
На наступны дзень фестывалю гараджане таксама маглі паслухаць музыку. На галоўнай плошчы граў ваенны духавы аркестр, а ў касцёле выступаў Уладзіслаў Плігаўка і ансамбль Наваполацкага музычнага каледжа “Свая ігра”. Было цудоўна бачыць, што пасля нядзельнай імшы людзі не разыходзіліся, а заставаліся паслухаць класічную музыку. А вось прафесар Яўген Гладкоў правёў майстар-клас па ігры на цымбалах. Ён падкарэктаваў двух хлопчыкаў, раскрываў тонкасці валоданнем інструментам, а потым сыграў сам.
МУЗЫЧНАЯ СТАЛІЦА ПААЗЕР’Я
Крыху пазней дэлегацыі ўдзельнікаў урачыста прайшлі калонай да гарадскога парка, дзе адбыўся гала-канцэрт. Тут урачыста адкрылі алею вядомых заснавальнікаў фестывалю і памятны знак “Музычная сталіца Паазер’я”. Аўтар скульптуры — прафесар БДАМ Аляксандр Фінскі. Яго работы шырока вядомыя мінчанам: гэта помнік Адаму Міцкевічу, мемарыялы “Яма”, “Нулявы кіламетр”, “Беларусам замежжа”. А ў Паставы Аляксандр Міхайлавіч часта прыязджае са сваімі вучнямі на пленэры.
Яшчэ раз Яўген Гладкоў выказаў жаль, што заснавальнікі фестывалю Міхаіл Дрынеўскі і Міхаіл Казінец пайшлі з жыцця. “Таму нам асабліва важна перадаць маладому пакаленню эстафету ў правядзенні нашага фестывалю, — сказаў ён. — У конкурснай праграме мы выбіралі лепшых па яркасці выступу, праяўленым на сцэне артыстызме. Памятныя дыпломы ў намінацыях “Настаўнік-вучань”, “Ансамбль”, “Прыпеўкі”, “Індывідуальны выканаўца” розных ступеняў атрымалі шмат удзельнікаў. Асабліва радасна, што паказаць сябе змаглі дзеці, бо, магчыма, у будучым яны прыедуць на фестываль ужо дарослымі. А значыць, фестываль будзе жыць”.