ВАКОЛІЦЫ КРАСНАЙ ПЛОШЧЫ
Першы і самы буйны пункт нашай вандроўкі — Узда. Пачаць лепш з райцэнтра, бо тут сканцэнтравана ладная колькасць помнікаў, якія варта агледзець. Перадусім варта завітаць да колішняга касцёла, які размешчаны на плошчы Свабоды. Велічны драўляны храм Узвышэння Святога Крыжа адметны тым, што яшчэ адносна нядаўна тут знаходзіўся мясцовы дом культуры. Пасля таго як установа пераехала ў новы, сучасны будынак, колішні касцёл пакрысе занепадаў, але ў 2019 годзе быў набыты мясцовым жыхаром, які наважыўся паспрабаваць аднавіць гэты гмах. Застаецца спадзявацца, што задуманае ўдасца, бо храм, збудаваны яшчэ ў 1798 годзе, сапраўды гэтага заслугоўвае. Чаго варты хаця б той факт, што менавіта ў гэтым касцёле былі ахрышчаныя Ануфры і Дамінік Луцэвічы — дзед і бацька Янкі Купалы.
Ва Уздзе варта наведаць таксама царкву Святых Пятра і Паўла — на адрозненне ад касцёла, праваслаўны храм, збудаваны ў 1905 годзе, дзейны і сёння, і тут можна пабачыць арыгінальныя старыя абразы ў стылі беларускага народнага іканапісу. Размяшчаецца царква на Краснай плошчы, і забудова яе ваколіц нават сёння выглядае як архітэктурны ансамбль класічнага беларускага мястэчка. Асобна варта звярнуць увагу на элегантны дамок з чырвонай цэглы, на фасадзе якога дагэтуль чытаецца яшчэ дарэвалюцыйны надпіс, што застаўся з часоў, калі там размяшчалася крамка.
Капліца-пахавальня Завішаў
Але, бадай, самая вядомая выбітнасць Узды знаходзіцца далёка ад гарадскога цэнтра. Капліца-пахавальня магнацкага роду Завішаў, збудаваная ў другой палове ХІХ стагоддзя, стаіць за горадам, на старых могілках, і прываблівае аматараў таямніц незвычайным выглядам — яна нагадвае сваёй формай егіпецкую піраміду. Лічыцца, што такое адметнае архітэктурнае рашэнне ўзнікла праз моду на культуру старажытнага Егіпта, якая была папулярнай у тагачасным шляхецкім асяроддзі.
Колішні кальвінскі збор у Кухцічах
МУЗЕІ СЁННЯШНІЯ І ЗАЎТРАШНІЯ
З уздзенскіх могілак кіруемся на захад — і ўсяго праз тры кіламетры трапляем у колішнюю сядзібу Завішаў Кухцічы. Сёння пасёлак носіць назву Першамайск, а на тэрыторыі шляхецкага маёнтка размешчаны Уздзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. Ад сядзібы першай паловы ХІХ стагоддзя захаваліся два флігелі, гаспадарчыя пабудовы і вадзяны млын, але сапраўдная перліна гэтай мясціны — колішні кальвінскі збор, збудаваны ў 1560—1570-я гады, які ўяўляе сабой выдатны ўзор храма абарончага тыпу. Даволі кантрасна, але ад таго не менш цікава выглядае ў такім атачэнні і размешчаная побач экспазіцыя музея трактарнай тэхнікі, адкрытая ліцэем у 2020 годзе, — тут проста пад адкрытым небам можна азнаёміцца з рарытэтнымі мадэлямі трактароў.
Яшчэ адна славутасць і своеасаблівая візітоўка Уздзеншчыны — сядзіба роду Наркевічаў-Ёдкаў. Месціцца яна, як няцяжка здагадацца, на беразе Нёмана, на самой мяжы з Капыльскім раёнам. Велічны сядзібны дом, збудаваны ў 1820—1830-я гады, моцна пацярпеў у гады апошняй вайны, але сёння аднаўляецца дбаннем мясцовага дабрачыннага фонду імя Якуба Наркевіча-Ёдкі. Гэты найбольш знакаміты з уладальнікаў сядзібы быў вядомы як аўтар многіх вынаходніцтваў у сферы фізікі, біялогіі і медыцыны. У планах — стварэнне ў адноўленай сядзібе музея-лабараторыі і адукацыйнага цэнтра, якія будуць нагадваць аб жыцці і дзейнасці славутага навукоўца.
ДАРОГАЙ З ЗАХАДУ НА ЎСХОД
Пакідаючы Уздзенскі раён, трапляем на левы бераг Нёмана і кіруемся да вёскі Цялядавічы Капыльскага раёна. Тут варта наведаць царкву Святой Тройцы, збудаваную яшчэ ў другой палове XVIII стагоддзя як касцёл, але ў 1868 годзе перададзеную праваслаўным. Храм з’яўляецца выдатным прыкладам драўлянага дойлідства і захоўвае ў інтэр’еры адметныя сляды колішняй канфесійнай прыналежнасці — так, хоры тут размешчаныя над уваходам, дзе некалі знаходзіўся арган.
З Цялядавічаў накіроўваемся на трасу Нясвіж — Асіповічы, дзе ля вёскі Бабоўня варта агледзець збудаванні Слуцкага ўмацаванага раёна, узведзеныя ў 1938 годзе на колішняй савецка-польскай мяжы. Як вядома, дзяржаўная мяжа ўжо ў наступным годзе была перанесеная далёка на захад, але збудаваныя тут артылерыйска-кулямётныя капаніры ўсё-ткі яшчэ выканалі сваю ролю — у чэрвені 1941 года тут адчайна спрабавалі абараняцца часткі Чырвонай арміі.
Бровар у Бабоўні
У самой Бабоўні, якая некалі таксама належала роду Наркевічаў-Ёдкаў, варта агледзець пабудовы, што засталіся ад сядзібы, — велічныя мураваныя гмахі бровара. Кіруючыся далей на ўсход у напрамку Асіповічаў, ля трасы варта завітаць у вёскі Сунаі і Камсамольская (колішняе Пукава), якія таксама належалі Наркевічам-Ёдкам. У Сунаях асабліва ўражваюць маляўнічыя руіны таямнічага паркавага павільёна з мноствам калон — у параўнанні з імі выглядае надзіва сціплым нават сам сядзібны дом, які захаваўся побач. А ў Камсамольскай здзіўляюць сваім нязвыклым выглядам руіны царквы, збудаванай у 1858 годзе, у архітэктурным абліччы якой заўважныя выразныя рысы неаготыкі.
Руіны паркавага павільёна ў Сунаях
Нарэшце, ля самога павароту на Мінск варта завітаць у Замосце Слуцкага раёна. Тут на ўзгорку, з якога адкрываецца маляўнічы від на вёску, стаіць яшчэ адзін помнік першай паловы XVII стагоддзя — рэнесансны касцёл Святой Барбары. Строгая і простая архітэктура храма таксама нагадвае рысы абарончага дойлідства, што нечакана падкрэсліваецца суседствам храма з помнікам землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А побач — буслянка на старым дрэве, на якой, калі пашанцуе, можна пабачыць і яе высакародных гаспадароў. Сонца коціцца за вёску, на захад, — а значыць, час завяршаць нашу вандроўку. Наперадзе чакаюць новыя маршруты і свежыя ўражанні. То да наступнай сустрэчы!