Ігар Пятроў у ролі Аляксандра Чыжэўскага. Кадр з фільма “Аляксандр Чыжэўскі. Паланёны сонцам”
— На фестывальны паказ я паспеў проста цудам: што называецца, з карабля — на баль. Добра, арганізацыя была шыкоўнай, і мяне на аўто даімчалі з вакзала за пару хвілін. Забягаю ў залу, адкуль пасля сеанса ўжо выцякае публіка. Яе было наўздзіў шмат, і большую частку ўдалося вярнуць назад. У нас атрымалася цудоўная гутарка. Шмат пытанняў — і пра мяне, і пра нашага земляка Аляксандра Чыжэўскага, які доўгі час жыў у Калузе. На некаторыя было не так і лёгка адказаць: у зале прысутнічалі сапраўдныя знаўцы яго біяграфіі, і яны ў нечым з фільмам не пагаджаліся.
— Вам давялося граць вельмі спецыфічнага героя — навукоўца, адносна якога дасюль няма пэўнасці, геній ён або... Скажам, гэтыя ягоныя адкрыцці адносна ролі Сонца ў гістарычных працэсах… Цяжка было “злавіць” вобраз?
— Прызнацца, не. У фільме я граў яго проста як даследчыка, апантанага сваёй справай, — такая была мая трактоўка ролі. Маштаб асобы зразумеў пастфактум, пабываўшы ў музеі Чыжэўскага ў Калузе і правёўшы даволі часу сярод ягоных славутых жырандоляў, якія выпраменьваюць карысныя іоны.
Што да супярэчлівасці… Тут няма нічога страшнага. Яны сябравалі з Цыялкоўскім, у нечым адзін аднаго дапаўнялі, падсілкоўвалі ідэямі — ды і самім сваім няўрымслівым памкненнем да адкрыцця. Мабыць, шмат спрачаліся на навуковыя тэмы, але іх аб’ядноўвала адно — уменне марыць.
Можна сказаць, што гэта фестываль фільмаў пра моцных людзей. Дарэчы, ён зусім малады: ладзіцца толькі другі год. Але маштабы вельмі амбітныя, ды і фінансаванне неблагое. Уявіце сабе памяшканне памерам з ладны гандлёвы цэнтр — і гэтаксама запоўненае людзьмі. Толькі прыйшлі яны не па новыя чаравікі, а дзеля таго, каб паглядзець ды абмеркаваць кіно. Прыемна бачыць нашу прысутнасць: у адной зале ідзе фільм “Беларускі космас”, у іншай — сустрэча з касманаўтам Алегам Навіцкім.
На паказах шмат школьнікаў. Вельмі важна навучыць іх марыць — на прыкладзе таго ж Цыялкоўскага.
— Падазраю, шкаляроў прыводзілі туды ў рамках “культпаходу” — іначай іх нікуды проста не зацягнеш. Ці працуюць такія выхаваўчыя метады?
— У красавіку ва ўсіх буйных кінатэатрах Мінска былі паказы фільмаў цыкла “100 імён Беларусі” (стужка пра Чыжэўскага — акурат адна з іх). Паколькі я шмат у якіх здымаўся, пару-тройку разоў мяне запрашалі вытупіць перад маладой аўдыторыяй. Прызнацца, спярша, калі ты выходзіш на сцэну і бачыш у зале паўтысячы гаманлівых падлеткаў, нейкая боязь адчуваецца. Але, паверце, гэта хутка праходзіць. Паразуменне з такой публікай удаецца знайсці лёгка, яна зусім не ўспрымае цябе як нейкага чужога дзядзьку, які крадзе ў яе карысныя хвіліны жыцця.
Так, сёння ўтварылася трохі іншая сітуацыя: пракатчыкі не дэманструюць галівудскія навінкі, і таму ў іх куды болей увагі да нашага кіно. Але замежныя блокбастары ў кожным разе нікуды ад нас не падзенуцца, затое з’явілася магчымасць данесці да юнай аўдыторыі беларускія фільмы.
— Напэўна, гэта можна сказаць і пра вас. Ці марылі вы пра сваю прафесію ў дзяцінстве?
— Шчыра кажучы, да апошняга вагаўся, кім мне стаць: адвакатам альбо акцёрам. Вырашылася ўсё воляй лёсу: у Акадэміі мастацтваў іспыты праходзілі раней, чым на юрфаку. І, уяўляеце, паступіў!
— Многія на акцёрскае па сто разоў паступаюць — а вы гэтак лёгка…
— Так, я спакойна да гэта ставіўся. Потым скончыў аспірантуру па тэатразнаўстве, рэжысуру ў Мінску, рэжысуру ў Маскве, і тамсама яшчэ сцэнарнае аддзяленне, потым сцэнаграфіі ў Мінску навучаўся... І па ўсіх гэтых сумежных напрамках сёння працую, а таксама шмат выкладаю.
— Нічога сабе!
— Імкнуся развівацца і надалей. Вышэй сягнуць можна заўсёды, але гэтага трэба моцна прагнуць… і мець перад вачыма добры прыклад. А гэтага вельмі мала. Куды болей сярод нашага брата людзей расчараваных, тых, хто дазваляе сабе быць слабымі.
— І сапраўды, імпэт часам згасае, людзі сыходзяць з прафесіі…
— Значыць, яны проста не вельмі яе любяць. Цыялкоўскага ж ніхто не прымушаў ракеты вынаходзіць. Ён зарабляў грошы настаўніцтвам, жыў вельмі сціпла, харчаваўся адным чорным хлебам. Матывацыі няма? Ну так, у іншыя часіны паспяховыя акцёры мелі дастатак і плойму прыхільнікаў. Аднак я лічу, што замест таго, каб наракаць на цяперашняе грамадства, яго трэба проста прыняць — і палюбіць. Цаніць тое, што ёсць. І знаходзіць у ім умовы для творчасці. Калі надта хочаш грошай — значыць, лепей і праўда абраць нейкую іншую галіну. А калі твае стымулы ў іншым…
— У чым жа яны для вас?
— Напрыклад, рэакцыя публікі. Акурат перад нашай сустрэчай я вёў канцэрт для ветэранаў, чытаў вершы пра вайну... Рыхтаваўся доўга і сумленна. Было важна не толькі вывучыць тэкст, але і прамовіць яго менавіта ад сябе — так, як раней ніхто ніколі не прамаўляў. І калі ты бачыш, што зала ўспрымае кожнае тваё слова, што паміж вамі ўсталявалася гэтая тонкая повязь…
Поўную версію інтэрв'ю чытайце ў газеце "Культура" №20 ад 14 мая.