На Радзе заслухалі інфармацыю вядучага спецыяліста УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” Алены Каліноўскай, заключэнне доктара гістарычных навук, загадчыка кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Тадэвуша Навагродскага, разгледзелі заключэнні загадчыка кафедры гісторыка-культурнай спадчыны факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрыя Гермасімёнка, а таксама заслухалі носьбітаў элемента з Гродзенскай вобласці.
Першыя звесткі пра бульбу на нашых землях сустракаюцца ў дакументах 1736 года пры Аўгусце ІІІ на тэрыторыі Гродзеншчыны, а першы рэцэпт дранікаў згадваецца ў 1830 годзе. У другой палове ХІХ ст. пачалі складвацца і фарміравацца кулінарныя спосабы і прыёмы гатавання бульбяных страў.
У першай трэці ХХ ст. з распаўсюджваннем металічнага начыння (таркі) трывала ўвайшлі ў побыт стравы з таркаванай бульбы, якая з рознымі дадаткамі (сала, цыбуля і інш.) гатавалася ў печы ў чугунках (бабка, дранка, таркаванка і інш.) або налівалася ў свіныя кішкі для запякання на патэльні.
Бульбяныя бліны пякліся ў выглядзе невялікіх аладак, што атрымалі розныя мясцовыя назвы, сярод якіх найбольш распаўсюджанай аказалася назва “дранікі”, таму што дакладна адлюстроўвала працэс нарыхтоўкі бульбы, якую трэба было драць на тарцы (мясцовыя назвы “драчаны”, “драчэнікі”, “дранка”, “драчы”, “блінкі картапляныя”, “бліны драныя”, “ладкі з бульбы драныя”, “асянікі”, “дзеруны з сырам і зелянінай”, “таркованцы з мясам”, ”драныя аладкі”, ”картафлянікі”, “дранікі з тварагом”, “бульбянікі”, “калдуны”, “дзеруны”, “драчонкі”, “шлёп на шлёп”, “сарока”, “топцікі”, “бульбешнікі”, “бонды”, “картафлянікі”, “драчы”, “бульбяшы”, “сарока”, “наліснікі”, “калдуны”, “таўчанікі”).
На пачатак 2022 г. зафіксавана 235 народных рэцэптаў з 66 раёнаў Беларусі разнастайных страў з таркаванай бульбы, апытана 504 носьбіты традыцыі. Шырокае распаўсюджванне страў з таркаванай бульбы (дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі) — асаблівасць нацыянальнай кухні беларусаў, якая сфарміравалася ў канцы ХІХ ст. і захоўваецца да цяперашняга часу.
Найбольш папулярнай стравай з’яўляюцца традыцыйныя беларускія дранікі, якія выпякаюцца з рознымі прынятымі ў лакальных супольнасцях дабаўкамі, багацце і разнастайнасць кулінарнага майстэрства праяўляецца ў прыгатаванні іншых страў з таркаванай бульбы — бліноў, бабкі, кішкі і г.д., якія пад лакальнымі назвамі распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Стравы з таркаванай бульбы з’яўляюцца часткай паўсядзённай культуры харчавання жыхароў Беларусі.
Рада пагадзілася з неабходнасцю надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і катэгорыі “Б” элементу “Стравы з таркаванай бульбы — дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя — традыцыі прыгатавання і ўжывання” на тэрыторыі Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей.
Сярод мер па захаванні, распаўсюджванні і папулярызацыі дадзенай нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека на 2022 год запланавана паравядзенне фестываляў, святаў адкрытага фармату, у тым ліку:
“Бульба Фэст” на базе Грабянецкай сельскай бібліятэкі ДУК “Чэрвеньская цэнтральная раённая бібліятэка”; “Соснаўскі кірмаш-Бульбаш” — свята бульбы ў аг. Сосны ў Любанскім раёне; “Тыдзень дранікаў-картаплянікаў” у Любанскім раёне; фестываль беларускай нацыянальнай кухні “Дзвінскі смак” у м. Здраўнёва Віцебскага раёна; раённы гастранамічны фэст “БульбаСаміт” у Быхаўскім раёне; фестываль нацыянальных страў “Прысмакі” ў Касцюковіцкім раёне; свята “Бульба, бульбачка мая” ў аг. Белагурна, свята “Бульбяны край” у аг. Хвінявічы Дзятлаўскага раёна; “Тыдзень смаку” ў Пастаўскім раёне; “Смачны горад” — фестываль ежы ў г.п. Лоеў.
Трэба заўважыць, што Рада надзелена паўнамоцтвамі прымаць рашэнні аб неабходнасцi (або адсутнасцi неабходнасцi) надання культурнай каштоўнасцi, якая можа мець сусветную, мiжнародную або нацыянальную значнасць, статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасці. Рашэнне аб наданні такога статусу прымаецца Міністэрствам культуры.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ