Уладзіслаў Плігаўка. Фота: philharmonic.by
Калі мы пачалі размову ў адным з класаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі, дзе выкладае Уладзіслаў Плігаўка, у калідоры рэпеціравалі дзяўчаты-цымбалісткі. “Гэта марная справа, — заўважыў ён. — Адпрацоўваць уменне трэба ў класах з добрай акустыкай, каб з маладых гадоў адточваць слых. У наш час граць тэхнічна недастаткова: усе выканаўцы навучыліся граць хутка і гучна. А добрага выканаўцу вылучае менавіта якасць музыкі, якую найперш ты сам павінен добра чуць.
Таксама музыку-пачаткоўцу трэба сачыць за якасцю нотнага тэксту, каб у ім, як у літаратурным творы, быў пачатак, кульмінацыя і канец. Патрэбна вучыцца ўсё гэта перадаваць праз сябе. Палова поспеху ў тым ліку залежыць ад якасці інструмента, з якім рэпеціруеш і выступаеш. Важна, каб ён быў настроены, а некаторыя нават на конкурс выходзяць з ненастроеным баянам. Давяраць гэту справу трэба прафесіяналу, аднак, на жаль, у Беларусі такіх няшмат, бывае, да іх трапляеш толькі пасля чаргі. На розных інструментах музыка гучыць па-рознаму, на адным лепш — барочная, на іншым — французскі вальс, на трэцім — джаз. Таму бацькам, якія зацікаўлены, каб іх дзіця працягвала граць, абавязкова варта купляць для іх якасны інструмент. У такім разе больш шанцаў, што таму спадабаецца знаёмства з музыкай. Калі майстар укладвае душу ў інструмент, такі штучны тавар не можа каштаваць танна. Мой любімы баян фабрыкі “Scandalli” — падарунак нашага Прэзідэнта”.
— Ці адчуваецца ў вашым выпадку падтрымка дзяржавы?
— У 2013-м мяне ўзнагародзілі медалём Скарыны. Асабліва грэе душу, што я, як і ён, прадстаўнік Полацкай зямлі, і таксама працягваю традыцыі асветы. Падтрымку цяпер адчуваюць многія дзеячы мастацтва, і за гэта патрэбна быць удзячным. Важна, што нашы таленты і працу заўважаюць. Дзеячы культуры асабліва маюць патрэбу ў клопаце, інакш яны могуць загібець. Бо мы ведаем шмат прыкладаў, калі творчасць рабілася прызнанай толькі пасля смерці аўтараў, а сваё жыццё тыя пражылі складана. Па-мойму, так не павінна быць. Мастацтва можа падабацца ці не падабаецца, але падтрымліваць творцаў трэба.
Сёння я рэалізаваўся ў Беларусі і разумею, што пры дастатковай працы можна годна зарабляць на жыццё. Раней жа многія таленавітыя музыканты проста рваліся з’ехаць у Маскву ці Санкт-Пецярбург, Германію або Кітай. Так, заробкі там вышэйшыя, але і бытавыя паслугі даражэйшыя. Я шмат паездзіў у юнацкім узросце, паглядзеў, як жывуць людзі ў Еўропе, Расіі, Прыбалтыцы, Азіі, Аўстраліі. Лічу, што маладым людзям трэба паказваць магчымыя добрыя варыянты на радзіме, тады ўзнікне адэкватны погляд на пытанне міграцыі і большая павага да родных мясцін.
— Але ж выступаць і вандраваць па сілах нямногім…
— У наш час, калі разумееш, што моладзі даступна практычна ўсё, каб авалодваць ведамі і ўменнямі, часам злуешся, што яна прыкладвае мала намаганняў. Граючы напаўсілы, немагчыма стаць найлепшым, у тым ліку каб цябе адправілі на замежны конкурс. У моладзі, якой я выкладаю, сёння як ніколі шмат варыянтаў баўлення часу. І яны не разумеюць, што перад падрыхтоўкай да конкурсу трэба адмовіцца ад некарысных спраў. Цяпер у выходны дзень я граю на баяне, часам хвілін пятнаццаць для сваёй дачкі. Але, калі б зноў хацеў перамагчы на Кубку свету сярод баяністаў і акардэаністаў, рэпеціраваў бы ўвесь вольны час. Калі перада мной стаіць мэта, я стаўлю на кон усё. Духам перамогі я заразіўся з першага конкурсу, у якім удзельнічаць мяне падштурхнуў выкладчык Міхаіл Івашкін. Я атрымаў толькі трэцяе месца і з прыкрасцю слухаў пераможцу, які быў старэйшым на два гады, спрабуючы зразумець, у чым ён лепшы. І калі мы прыехалі дадому, Міхась Іванавіч прапанаваў удзельнічаць у іншым прэстыжным конкурсе ў Туле. І сумневаў у тым, што я хачу там перамагчы, тады не было.
— Чым адрозніваецца дзяцінства таленавітага дзіцяці?
— Усё як ва ўсіх. Проста я выконваў штодзённы план па адпрацоўцы твораў, такую ж дамашнюю работу, як у школе. Што ні кажы, а мне пашанцавала з першым выкладчыкам Міхаілам Івашкіным, у якога я пачаў займацца з шасці гадоў. Насамрэч ён проста фанат сваёй справы, ніколі ні на што не скардзіўся. Ён умеў весці занятак, каб заўжды было цікава прыйсці зноў. У Міхася Іванавіча была адна з найлепшых фанатэк у Савецкім Саюзе, і мы слухалі яе спачатку памалу, а потым і цэлыя сімфанічныя канцэрты. Безумоўна, гэта вельмі пашырала кругагляд. Такіх педагогаў цяпер мала, асабліва ў рэгіёнах.
Падчас вучобы ў Наваполацкай музычнай вучэльні я знаходзіўся ў яе сценах увесь час, прыязджаў туды ў 7 гадзін раніцы і ў 23 вяртаўся дадому. І нават гэтага было мала, мы ведалі, што не да канца адпрацавалі ўсё. Зразумеў для сябе ў тыя гады, што, калі бярэшся выконваць музыку пэўнага кампазітара, трэба ведаць яго стыль. Для Скарлаці вось патрэбна віртуознасць, Моцарту — розныя ўпрыгожванні. І маладому вучню немагчыма адразу сыграць усё гэта добра. Мне ў гады вучнёўства неабходна было вучыцца шукаць стыль кожнага кампазітара. А цяпер для добрай ігры трэба толькі вывучыць нотны тэкст, і ўсё атрымліваецца.
Працяг інтэрв'ю чытайце ў газеце "Культура" №17 за 23 красавіка.