Выстава пралівае святло на жыццё людзей з псіхічнымі захворваннямі: як асаблівасці здароўя паўплывалі на звыклыя справы і зносіны з атачэннем, што дазваляе пераадольваць перашкоды. Пра гэта расказваюць 18 герояў рознага ўзросту, полу і прафесіі. Іх лаканічныя апавяданні суправаджаюць галерэю манахромных студыйных партрэтаў, зробленых фатографам Таццянай Баленда. Праз фотаздымкі творца даводзіць, што нягледзячы на захворванні яе мадэлі застаюцца асобамі, прыгожымі і па-свойму адоранымі.
Гераіня праекта Аліса дзеліцца: “Мой дыягназ не мая клетка. Наяўнасць захворвання не забараняе мне быць дачкой, добрым сябрам або каханай дзяўчынай. Не забараняе мне любіць коцікаў, піць раніцай чорную каву без цукру ці нястрымна танцаваць пад гучную музыку”. Кожны знаходзіць уласны спосаб расквяціць штодзённасць. Нехта скіроўвае энергію на творчасць, нехта знайшоў сябе ў валанцёрстве і дапамагае іншым справіцца з праблемамі.
Акрамя фотапартрэтаў з апавяданнямі, на выставе дэманструецца відэаінтэрв’ю герояў праекта “З цемнаты”. Сярод іншага яны расказалі пра ўласныя крыніцы шчасця. Гэта музычныя заняткі, удзел у бардаўскіх фестывалях, новыя знаёмствы і, нарэшце, усведамленне самадастатковасці. Дасягнуць гэтага пачуцця дапамагаюць у мінскім клубным доме “Адкрытая душа”, які наведваюць удзельнікі праекта. Грамадская арганізацыя яднае людзей з захворваннямі, каб арганізаваць іх жыццё, аднавіць страчаныя навыкі і адкрыць новыя магчымасці.
Безумоўна, павагі заслугоўвае шчырасць герояў. Бо знайсці сілы прыняць дыягназ і падзяліцца асабістай гісторыяй з шырокім колам — даволі смелы крок. І каштоўны ён як для мадэлей, так і для гледачоў. Самім героям удзел у праекце дае магчымасць яшчэ раз упэўніцца ў тым, што захворванне не скасоўвае права на шчасце, на самарэалізацыю і, вядома, паляпшэнне свайго стану здароўя.
Што да гледачоў, некага з іх выстава падштурхне прыслухацца да сваіх думак і пачуццяў або больш уважліва паставіцца да блізкіх.
Дарэчы, практычнымі парадамі наведвальнікаў экспазіцыі таксама забяспечылі. Суправаджальная праграма ўключае трэнінгі, кінапрагляды, дыскусіі і жывыя знаёмствы з героямі фотапраекта. Завітаць на выставу можна да 3 красавіка.
Фота аўтара
На здымку: фрагмент экспазіцыі