Прэм’еру нецярпліва чакалі ўсе, хто хаця б крыху цікавіцца айчынным тэатральным мастацтвам. Справа не ў загадкавай назве (пачупкамі, дарэчы, называлі прычэпленую да падвешанай калыскі стужачку-вяроўку, каб калыхаць дзіця). Увагу прыцягвалі імёны стваральнікаў, што складаюцца ў наступную формулу: Яўген Карняг + Кацярына Аверкава + Таццяна Нерсісян = крок у нязведанае, да маленькага шэдэўра. Формула гэтая не са столі ўзятая, а правераная іх ранейшым сумесным спектаклем — “Шлюбам з ветрам”, непасрэдным працягам якога і пазіцыянаваліся “Пачупкі”.
Узаемасувязь двух спектакляў — самая шчыльная. І выяўляецца не толькі ў тэматыцы, маўляў, там — пра вяселле, а тут — пра нараджэнне дзіцяці, што спрадвек успрымалася лагічным вынікам шлюбу. Спектаклі звязаныя не толькі сваімі фальклорнымі крыніцамі, бо зроблены паводле беларускіх народных песень і абрадаў, але і ўласна эстэтыкай.
Чорна-белыя выявы з вялізнай перавагай чорнага выклікаюць бездань асацыятыўных шэрагаў, утвараюць сапраўдны космас адчуванняў і думак. Ёсць і своеасаблівыя лейтматывы, што перайшлі ў “Пачупкі” са “Шлюбу...”. Прычым лейтматывы не музычныя, як гэта было ў операх ХІХ—ХХ стагоддзяў, а менавіта візуальныя, што ўласціва сучасным пастаноўкам: невялічкія платформы-арэлі з падсвятленнем унізе, якія набываюць усё новыя сэнсы; чорныя крумкачы, што раней запаланялі вясельны стол, а цяпер насяляюць паліцы — замест скінутых кніжак. Дый пачынаецца спектакль з няўцямных гукаў, што нагадваюць шум ветру, і паглыблення ў цемру, дзе кожны гук успрымаецца знакам нябёсаў.
Увогуле “Пачупкі” шмат у чым пабудаваныя па музычных законах, уключаючы оперныя і сімфанічныя. У спектаклі шмат поліфаніі — не толькі ў песенных апрацоўках, але і ў гаворцы, у сцэнічным дзеянні. Ёсць моманты, пабудаваныя на супрацьстаўленні двух ансамбляў-“хароў”, змешчаных у розных лакацыях, што ўласціва жанрам месы, араторыі, кантаты, містэрыі, харавога канцэрту. Відовішча разгортваецца ў трохчасткавай і нават санатнай форме з дынамічнай рэпрызай: бліжэй да фіналу зноў, як у пачатку, высвечваецца верхняе правае “акенца” са скульптурнай чалавечай фігурай са свечкай у руках, зноў пачынаюць унізе “дыхаць” чорныя шарыкі-мяшкі, бо паветра ў іх то надзімаецца, то выпускаецца. Нават сцэнаграфія нагадвае найсучаснейшыя оперныя пастаноўкі, дзе прастора падзеленая на ячэйкі-пакоі ў некалькі паверхаў, бы дом у разрэзе, з асобным святлом для кожнай секцыі-“кватэры”.
Пабудова драматургіі на песенна-абрадавых дзеях развівае закладзенае не толькі ранейшым “Шлюбам з ветрам”. У аснове абодвух спектакляў — працяг так званага жанру “абрад на сцэне”, які ў пачатку ХХ стагоддзя даў штуршок развіццю нацыянальнага тэатра. Адначасова ўсё гэта цудоўна суадносіцца з сучаснымі расійскімі спектаклямі “Дыджэй Павел” і “Два пярсцёнкі” па п’есах беларускага драматурга Паўла Пражко, тэкст якіх уяўляе сабой пералік савецкіх эстрадных песень 1970—1980-х. Апроч таго, “Пачупкі” закранаюць з’явы самых розных перыядаў гісторыі еўрапейскага тэатра, упісваюць беларускую народную творчасць у сусветнае прафесійнае мастацтва, спалучаюць яскравыя нацыянальныя рысы з магутным агульначалавечым пасылам.
Занятых у спектаклі артыстаў — 12. І калі ў фінале яны разам выходзяць на авансцэну, міжволі ўзнікае спасылка да тэатру антычнасці, дзе гэта колькасць удзельнікаў сімвалізавала аб’ектыўны пачатак. Пластыка адной са сцэн вядзе да шматрукага бога Шывы ў індуізме і будызме, а літаральна следам узнікаюць павевы славянскай карагоднай гульні “Ручаёк”. Скажаце, перабольшванне? А між тым спектакль разлічаны на максімальна суб’ектыўнае, асабістае не толькі ўражанне, але і сэнсавае ўспрыманне, бо ў кожнай дэталі хтосьці ўбачыць штосьці сваё. Такая шматслойнасць прачытання — адзін з паказальнікаў сапраўднага канцэпцыйнага мастацтва, здольнага на мове асацыяцый распавесці самыя розныя гісторыі не столькі наяве, колькі ў думках гледача. Бо ў самім спектаклі — ніякага наратыву, толькі песні, сумныя прыпеўкі, рытуальныя замовы, адчуванні, шэпты-шоргаты і многа ўсяго іншага, што абуджае ў напаўцемры пачуцці і фантазіі.
Немаўляткі паказаны праз лялькі — такія ж чорныя, бы зашмараваныя вугалем. Хтосьці згадае Папялушку, хтосьці — печы крэматорыя, а хтосьці — жахлівыя стужкі Хічкока. Эстэтыка тэатра лялек уплывае і на астатняе. Усе артысты — з заматанымі тканінай тварамі, што адпавядае безаблічнасці старадаўніх беларускіх лялек, на якіх ніколі не маляваліся тварыкі. Вялікую ролю адыгрываюць вада, зерне — бы жывыя істоты, што ўласціва дахрысціянскай культуры. Камяністае “вуголле”, што сыплецца зверху, нібыта бульба з капца ў хатнім склепе. Дзіцячыя ложачкі-клеткі з металу — ад зусім маленечкіх да ўсё большых. Празрыстая шкляная ёмкасць, што выклікае асацыяцыі і з хрысцільнай купеллю, і з крышталёвым куфрам-труною, падвешаным у казачным лесе. Кожная рэч здольная ператварацца ў іншыя, набываць шэрагі сэнсаў. Тыя ж правады ад мікрафонаў раптам нагадваюць пупавіну. Цацачныя коні-каталкі з сабачымі мордамі — воўчую зграю ці нямецкіх аўчарак, што цкуюць чалавека. Маленечкія экраны з выявамі — то вынікі ультрагукавых даследаванняў цяжарных, то камеры сачэння, то рэнтгенаўскія здымкі асобных частак цела. Стужкі ў руках акцёра ператвараюць яго і ў званара, што б’е ў званы, і ў вязня, прыкаванага ланцугамі, і ў марыянетку.
Беларускія народныя песні (у тым ліку і калыханкі, і жніўныя, прычым розных рэгіёнаў, уключаючы Палессе і паўдзённыя памежныя зоны) спяваюцца і ў аўтэнтычным выглядзе, і ў рознастылёвых апрацоўках: пад гітарныя пераборы накшталт старадаўніх рамансаў, у тэхніцы мінімалізму, з фольк-рокавым, фольк-джазавым адценнем. Самі спевы (дадам: шматгалосныя, з выкшталцоным голасавядзеннем і адметнымі гармоніямі) не проста добрыя, а настолькі выдатныя, што ім маглі б пазайздросціць многія прафесійныя гурты. Чым бліжэй да фіналу, тым часцей у цэнтры аказваецца надзвычай пластычны артыст — Арцём Курэнь, які ў “Шлюбе...” іграў ролю Жаніха, і гэта таксама працягвае нябачныя повязі між спектаклямі.
“Пачупкі” са “Шлюбам...” утвараюць сапраўдную дылогію — не толькі пра беларускую мінуўшчыну, але і пра сучаснасць. Пра агульначалавечыя каштоўнасці, галоўнай з якіх з’яўляецца, безумоўна, само чалавечае жыццё ва ўсіх яго праявах. Невыпадкова абодва спектаклі ўшчыльную закранаюць тэму жыцця і смерці, трывогі за будучыя пакаленні і іх лёс: чорны колер — фарба неабсяжнага космасу. Таму і заканчваецца дзея не тлустай кропкай, не ганарлівым клічнікам і нават не пытальнікам з яго вечным сумневам, а шматкроп’ем: гісторыя не завершаная, яна пішацца сёння і цяпер. І кожнае народжанае немаўлятка — як і ўсе, хто яго атачае, — можа зрабіць свой унёсак у гістарычны працэс і захаванне духоўнасці.
Дарэчы, пакуль публікацыя рыхтавалася да друку, трупа нарадзіла новае дзіцятка: 26 і 27 сакавіка тут прэм’ера “Каменя дурасці” — “меланхалічных сцэн з жыцця” па аднайменнай п’есе знанага беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ