Людміла Бусел, бібліятэкар Дуброўскай сельскай бібліятэкі Светлагорскага раёна, блогер, краязнаўца:
— Выпісваю “Культуру” не першае дзесяцігоддзе. Усё, што тычыцца творчасці маіх сельскіх калег, чытаю, як кажуць, ад дошчачкі да дошчачкі. У першую чаргу цікавяць публікацыі, звязаныя з доўгатэрміновымі бібліятэчнымі праектамі. Нават назвы кніжных выстаў выпісваю. А раптам спатрэбіцца? Назвы назвамі, але самае галоўнае — новыя ідэі. Здабыткі бібліятэкараў рэспублікі натхняюць і мяне на творчы пошук новых форм працы.
Чаго мне не стае на старонках “К”? Шчырых нарысаў пра калег. Якімі праблемамі яны жывуць, як іх вырашаюць, як будуюць сваю штодзённую працу? Прычым гэта могуць быць як журналісцкія публікацыі (толькі, калі ласка, без мудрагелістасці і пафасу!), так і артыкулы, напісаныя самімі бібліятэкарамі пра сябе і сваіх калег.
Марына Сухадолава, загадчык Іваноўскага сельскага дома культуры Хоцімскага раёна:
— Так, “К” — мая газета! Дзе я яшчэ прачытаю пра работу сельскіх дамоў культуры? Тут мяне цікавіць усё да драбніц: выкананне плана па аказанні насельніцтву платных паслуг, узаемадзеянне з бібліятэкай і школай, канцэртная і тэатральная дзейнасць, арганізацыя працы клубных фарміраванняў… Так што ў першую чаргу шукаю такія публікацыі. А праблем, як вядома, шмат. Вось, дарэчы, у сувязі з гэтым больш аналітыкі хацелася б.
Вельмі люблю фальклор, наша традыцыйнае народнае мастацтва. Як па мне, дык такіх артыкулаў павінна быць больш. Пра аўтэнтычныя гурты, пра адраджэнне абрадаў. Сама гэтым актыўна займаюся, таму вельмі цікава пачытаць, як гэта справа наладжана ў калег з іншых раёнаў і абласцей. Да слова, вельмі добра, што вы адрадзілі выпуск рубрыкі “Куфар-радца”, пачалі даваць аўтарскія сцэнарыі, максімальна набліжаныя да нашых патрэб.
Занатаваў Яўген РАГІН