Па выніках фальклорных экспедыцый, пошукава-збіральніцкай, краязнаўчай, этнаграфічнай дзейнасці праводзяцца народныя святы і мерапрыемствы “З народнай скарбонкі Полаччыны”, аўтэнтычныя песні трапляюць у рэпертуар аматарскіх калектываў, складзены зборнік кулінарных рэцэптаў “Смачнае падарожжа Надзейкі” і адзняты відэасюжэты з удзелам носьбітаў, распрацаваны турыстычна-пазнавальныя праграмы “Культура і звычаі роднага краю”, паспяхова ладзяцца агляды-конкурсы сярод калектываў фальклорнага напрамку. Матэрыялы, атрыманыя падчас праекта, выкарыстоўваюцца для работы па ўключэнні новых элементаў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
БАГАТЫРСКІ СДК ПАЧЫНАЕ
2022 год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Без ведання мінулага няма паспяховай будучыні. Менавіта таму на дзяржаўным узроўні такая вялікая ўвага надаецца захаванню спадчыны нашага народа і асабліва культурнай. З гэтай нагоды Полацкі РЦК распрацаваў падпраект “Школа народных традыцый”, які накіраваны на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай самабытнасці Полацкага рэгіёна, нематэрыяльнай культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і фальклору, перадачу гэтых ведаў больш шырокаму колу і ў тым ліку маладому пакаленню.
Першае мерапрыемства новага праекта адбылося ў філіяле “Багатырскі сельскі Дом культуры” зусім не выпадкова. Менавіта тут паспяхова дзейнічаюць тры фальклорныя калектывы: дзіцячыя “Лецейка” і “Каласочкі” і дарослы “Галасы спадчыны”, які больш за паўстагоддзя захоўвае спеўную традыцыю выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”, унесеную ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У СДК пастаянна дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя ў гонар Веры Уладзіміраўны Пісюковай — заснавальніцы ансамбля “Галасы спадчыны” і носьбіта мясцовага фальклору.
Падчас мерапрыемства кіраўнікі фальклорных калектываў раёна змаглі абмяняцца вопытам, падзяліцца адно з адным сваімі культурнымі напрацоўкамі.
ПЕРШЫ ЎРОК
Першае мерапрыемства “Школы народных традыцый” было прысвечана народнаму святу “Масленіца”, таму кожны ўдзельнік атрымаў ад арганізатараў метадычны зборнік “Сучасныя масленічныя гульні”, матэрыялы якога можна будзе выкарыстаць пры падрыхтоўцы святочных гулянняў ужо ў сакавіку.
Полацкі РЦК выказвае вялікую падзяку майстру Полацкага РЦР Таццяне Красікавай і кіраўніку народнага клуба “Майстар” Іне Карандзей за цудоўны майстар-клас па вырабе лялькі-вяснянкі. Дзякуем хлопцам і дзяўчатам з фальклорных калектываў “Лецейка” і “Каласочкі” і іх кіраўнікам Вользе Лобкіс і Таццяне Стараннік за выкананне масленічных песень і за майстар-клас па побытавых танцах, а “Галасам спадчыны” — за пранікнёныя спевы “ў перахлёст”, загадчыку філіяла “Багатырскі СДК” Алене Лукавіцкай — за грунтоўны экскурс па этнаграфічным кутку. Таксама выказваем шчырую падзяку загадчыку Багатырскай бібліятэкай-філіялам № 48 Іне Карабан за цёплы прыём у сценах сваёй установы.
ПЕРСПЕКТЫВЫ
Мерапрыемствы “Школы народных традыцый” — семінары-практыкумы, творчыя лабараторыі, этнафэсты — плануецца правесці не толькі ў розных куточках Полаччыны, але і за яе межамі з удзелам фальклорных калектываў іншых раёнаў Віцебскай вобласці. Такія творчыя сустрэчы найлепшым чынам будуць спрыяць абмену вопытам, папулярызацыі і пераемнасці самабытнай творчасці. Полацкі РЦК запрашае да ўдзелу ўсіх зацікаўленых, тым больш уваход на мерапрыемствы вольны.
Кацярына ПАЎЛОВІЧ, рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры