— На мінулым тыдні скончылася галасаванне па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю краіны. На ўстановы культуры, дзе таксама змяшчаліся выбарчыя ўчасткі, прыйшлася пэўная нагрузка, ды і наогул культурная галіна ва ўсіх кутках Беларусі стварала святочную праграму ў асноўны дзень галасавання. Як прайшоў рэспубліканскі рэферэндум у рэгіёнах?
Іна Праневіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама:
— Каля трэці ад усіх участкаў галасавання на рэферэндуме былі змешчаны ва ўстановах культуры. Канцэртную праграму мы арганізавалі ў горадзе, дзе выступаў народны калектыў “Зараначка”, а таксама ў вялікіх аграгарадках, якія рыхтавалі святочныя мерапрыемствы сваімі сіламі. Уся падрыхтоўка канцэртнай праграмы вялася з дапамогай нашага аддзела. Мы нядрэнна папрацавалі, быў добры настрой, атмасфера, людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і прагаласавалі.
Наталля Курпан, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Талачынскага райвыканкама:
— Лічу, што галасаванне прайшло згодна з усімі нормамі заканадаўства. На ўчастках было спакойна, людзі прыходзілі галасаваць, віталіся, размаўлялі. У асноўны дзень галасавання на ўсіх участках адбылася канцэртная праграма. Жыхары раёна загадзя цікавіліся, дзе і на што можна паглядзець у яе рамках. Акрамя дарослых мясцовых артыстаў, на ўчастках выступалі дзеці з нашай школы мастацтваў. Дарэчы, вельмі добра выступілі.
Дзмітрый Бондараў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мазырскага райвыканкама:
— Прыкладна трэць ад усіх участкаў для галасавання ў нашым раёне змяшчалася ва ўстановах культуры. Рэферэндуму былі прысвечаны як канцэртныя праграмы з удзелам народных і заслужаных калектываў, так і спартыўныя спаборніцтвы. Нішто не замінала грамадзянам зрабіць на рэферэндуме той выбар, які яны лічылі правільным.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ