Яе ўтульная майстэрня поўніцца цудоўнымі ўзорамі ганчарнага мастацтва — рэканструкцыямі аўтэнтычных вырабаў, фантазійнымі работамі ў традыцыйным стылі і цалкам аўтарскімі творамі. Красуюцца на паліцах збаны, гаршкі ды іншыя пасудзіны, фігуркі народных персанажаў і жывёл. Некаторыя маюць уласны голас. Вось Таццяна Васільеўна дастае з шафы сазлучаныя гліняныя сасуды, напаўняе іх вадой, крыху разгойдвае вадкасць — слоікі пачынаюць завываць, нібыта вецер. А цяпер быццам салавей заспяваў: то свісцёлкі імітуюць звонкія птушыныя пералівы. Дарэчы, выраб свістка лічыцца найбольш складаным этапам лепкі аршанскай цацкі. Каб статуэтка загучала, трэба якасна зрабіць тры элементы — паветраную камеру, канал для выдзімання паветра і язычок.
Свісцёлку можна стварыць трыма метадамі: зрабіць унутраную пустэчу для паветра палачкай у гатовай форме, зляпіць вакол вялікага пальца або расцягнуць кавалак гліны ў тонкую аладку і замацаваць яе краі ў форме пельменя. Усё гэта патрабуе ад ганчара спрытнасці і пачуцця матэрыялу. Робіцца такая цацка толькі з аднаго кавалка гліны, з яго пазней выцягваюцца дэталі.
Аршанская цацка вылучаецца выразнай пластыкай і лаканічным сілуэтам. Майстры не імкнуліся паказаць усе падрабязнасці людзей і жывёл, стваралі абагуленыя вобразы. Але ў работах лёгка пазнаюцца коні з вершнікамі, птушкі, козлікі, баранчыкі. Ёсць даволі дзіўныя творы, напрыклад вершнікі на птушках. Усе гэтыя вобразы адсылаюць да міфалагічных уяўленняў крывічоў, якія жылі ў вярхоўі Дняпра і Заходняй Дзвіны. Спачатку вырабы адыгрывалі рытуальную ролю, яны мусілі паўплываць на здароўе і дабрабыт.
— Як і бразготкі, нашы цацкі маюць старадаўнія карані. Людзі ляпілі фігуркі татэмных жывёл як ахоўны прадмет. Пазней сталі рабіць гучальныя цацкі, каб адпужваць злых духаў. А з распаўсюджаннем хрысціянства гэта ператварылася ў забаву, — расказвае Таццяна Шынкарова. — Стварэнне цацак сталася промыслам пабочным у сям’і ганчара: пакуль бацька рабіў посуд ці іншыя ўжытковыя рэчы, маці з дзецьмі магла ляпіць фігуркі для гульні. Таму справа не атрымала такога маштабу, як гэта адбылося са знакамітымі дымкаўскімі фігуркамі.
Майстрыха аднавіла традыцыйную аршанскую цацку паводле нешматлікіх этнаграфічных прадметаў і археалагічных знаходак. Падобныя артэфакты некалі адшукалі на тэрыторыі замчышча і былога пасада за ракой Аршыца, дзе жылі рамеснікі і гандляры. Важна, што Таццяна Васільеўна не проста рэканструюе фігуркі па старадаўніх узорах, а перадае традыцыю новаму пакаленню. Тэхналогію пераймаюць дзеці, якія наведваюць ганчарны гурток Аршанскага дома рамёстваў. Далучыцца да творчасці могуць і дарослыя: гаспадыня з ахвотай прадэманструе свае набыткі і правядзе майстар-клас для гасцей установы. Таксама гасцям прапануюць наведаць сувенірную лаўку і набыць гатовыя работы ў розных відах народнага мастацтва. Але, на маю думку, традыцыйным цацкам месца не толькі ў такіх пунктах продажу, яны заслугоўваюць асобнага аддзела ў кожнай дзіцячай краме. І гульнявыя пакоі садкоў варта было б папоўніць падобнымі рамеснымі вырабамі. Гэта дазволіць далучыць дзяцей да нацыянальнай спадчыны, прышчапіць мастацкі густ і дапамагчы ім лепш пазнаць навакольны свет навобмацак. Пагадзіцеся, гліна жывейшая за пластык.
Данііл ШЭЙКА