“АНАСТАСІЯ” Ў АМАНЕ — ВІКТОРЫЯ
3—5 лютага балет “Анастасія” Вячаслава Кузняцова ў пастаноўцы Юрыя Траяна тройчы паказваўся ў Амане. Слова “вікторыя” азначае перамогу, бо гэта былі першыя гастролі за час ковіду, пры ўсіх сваіх складанасцях — вельмі паспяховыя. І адначасова гэта імя выканаўцы галоўнай партыі названага балета — Вікторыі Трэнкінай, якая раней танцавала ў ім іншую гераіню — дачку крымскага хана Заіру.
— Насамрэч у нас было не тры паказы запар, а чатыры, — расказала вядучы майстар сцэны Вікторыя Трэнкіна. — Спачатку ўвесь спектакль глядзела спецыяльная камісія, каб пераканацца, што нідзе (і асабліва ў сцэнічных строях) не будзе нічога забароненага для іх веравызнання. Для мяне на тым прагоне самым складаным былі хуткія пераапрананні. Бо Анастасію я дагэтуль не танцавала, тэрмінова рыхтавала партыю менавіта для гэтых гастроляў, каб быць дублёркай Ірыны Яромкінай. Але калі мы здалі тэсты для выезду за мяжу, у часткі нашай дэлегацыі пацвердзіўся каранавірус, што працякае бессімптомна. Таму давялося рэзка ўсё змяняць: і сярод артыстаў балета, і ў коле аркестрантаў. Не змаглі паляцець ні Юрый Траян, які ставіў “Анастасію”, ні мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар’еў. А замест Івана Касцяхіна, які павінен быў дырыжыраваць гэтым балетам, паляцеў Мікалай Калядка. Ён усю дарогу партытуру з рук не выпускаў, “пражываў” яе ўнутраным слыхам. І на спектаклях зрабіў немагчымае: музыка гучала проста выдатна. Дый партнёры Антон Краўчанка і Юрый Кавалёў мяне падтрымлівалі, дапамагалі на сцэне. Ведаеце, я ж ледзь усю гісторыю Анастасіі Слуцкай не перапісала! Як зайграла тэма Заіры, маё цела міжволі адрэагавала, адпаведныя мускулы зарухаліся. А хлопцы мне: “Ты куды? Стой спакойна”. Уяўляю, як усе здзівіліся б, калі б мая Анастасія нечакана пачала пераймаць усходнюю пластыку. Такая партыя для мяне — сапраўдны творчы рост, бо трэба было ўвасобіць гераіню драматычную, а не характарную, на чым я “спецыялізуюся” куды больш. Адказнасць на кожным з нас была павышаная, усё адбывалася ў стане стрэсу. Нават горад як след не паглядзелі — хіба з акенца аўтобуса: зеляніна, блакітнае мора — і нязвыкла светлыя будынкі. Але да мора мы ўсё ж прагуляліся. І ацанілі прыгажосць, велічнасць, зручнасць тэатра з залай больш як на тысячу месцаў, клопат гаспадароў: каб хто не заблукаў, яны ўсе напрамкі стрэлачкамі для нас пазначылі. А на развітанне мне і дырыжору падарылі па кнізе пра Каралеўскі тэатр Маската, дзе мы выступалі. Шыкоўнае выданне!
БАЛЕТА НЕ БЫВАЕ ЗАМНОГА
Артысты вярнуліся з гастроляў 6 лютага, і акурат у гэты дзень споўнілася 75 гадоў народнаму артысту Беларусі Віктару Саркісьяну. У хуткім часе ў тэатры адбудзецца ўрачыстае шанаванне майстра з удзелам міністра культуры Беларусі Анатолія Маркевіча. А ці ведаеце вы, што В.Саркісьян стаў першым лаўрэатам міжнароднага конкурсу ва ўсёй гісторыі беларускага балета? Прычым гэта было не абы-якое творчае спаборніцтва, а Першы Міжнародны конкурс артыстаў балета ў Маскве, што праходзіў у чэрвені 1969 года. Сярод увасобленых салістам герояў — увесь спектр эмоцый, пачуццяў, характараў, і не толькі чалавечых. Прыкладам — непадробна жудасны Д’ябал са “Стварэння свету”.
Дарэчы, тое “Стварэнне свету”, што ішло 13 лютага, мела прысвячэнне: сыходзячы на пенсію, з тэатрам развітваўся яго галоўны балетмайстар Юрый Траян, які ў гэтым спектаклі Валянціна Елізар’ева быў першым Адамам. Самому ж В.Елізар’еву і яго папраўдзе легендарным пастаноўкам, асабліва балету “Шчаўкунок”, прысвечана новая кніга, што выходзіць з друку: “Феномен Валянціна Елізар’ева” вядомай журналісткі і вандроўніцы Інэсы Плескачэўскай. Яна склала гэтае выданне пераважна са сваіх размоў з майстрам, таму яно даносіць да нас жывое аўтарскае слова сучаснага класіка айчыннага мастацтва. Прэзентацыя кнігі і творчая сустрэча з яе аўтарам, а таксама самім героем адбудуцца 2 сакавіка перад пачаткам яшчэ аднаго елізар’еўскага балета — “Спартак”. Ужо вызначаны пераможцы конкурсу на лепшае пытанне: яны атрымаюць гэтую кнігу ў падарунак.
Ну а сам Валянцін Мікалаевіч рыхтуецца да новай прэм’еры: 26 і 27 сакавіка, акурат да Міжнароднага дня тэатра, гледачы ўбачаць “Спячую прыгажуню” Чайкоўскага. Падкрэслім, гэта будзе цалкам новы спектакль. Мяркуючы па эскізах знанага расійскага мастака Вячаслава Окунева, які працаваў і над дзвюма мінулымі пастаноўкамі гэтага балета ў нашым тэатры — у 1990 і 2001 гадах, нас чакае вытанчанае супрацьстаўленне барока і класіцызму: прынцэса Аўрора, калі памятаеце, прачынаецца роўна праз стагоддзе.
ОПЕРНЫЯ ГОСЦІ І ГАСПАДАРЫ
Абмен салістамі для оперных тэатраў з’ява звыклая. Асабліва многа гасцей бывае ў час штогодняга Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Але ў лютым не пакідае ўражанне, быццам ладзіцца яшчэ адзін такі фестываль — паслякалядны. Двойчы публіка насалоджвалася спевамі расійскага тэнара Міхаіла Губскага — саліста “Новай оперы” ў Маскве, удзельніка шматлікіх замежных фестываляў і арганізатара свайго — у Самары, дзе ён у свой час вучыўся і працаваў. Гэты артыст і раней выступаў на нашай сцэне, але 4 лютага мы ўпершыню ўбачылі і пачулі яго ў партыі Пінкертона ў оперы “Мадам Батэрфляй” Пучыні. А 15-га ён паўстаў Германам у “Пікавай даме”: менавіта за гэтую партыю ён быў намінаваны на знакамітую расійскую прэмію “Залатая маска”.
Дарэчы, Томскім у тым спектаклі быў яшчэ адзін госць — Уладзіслаў Сулімскі з Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. Праз дзень ён ператварыўся ў апрычніка Гразнога ў “Царскай нявесце” Рымскага-Корсакава, а 20-га паўстаў Валянцінам у “Фаўсце” Гуно: менавіта ў гэтай партыі ён заваяваў прыхільнасць нашай публікі ў час нядаўняга Каляднага форуму. Гэты спявак не проста цудоўны вакаліст: ён найперш артыст і акцёр, здольны перадаць і пластыкай і голасам складаныя характары сваіх герояў.
Прыезд салістаў зусім не значыць, што ў нас сваіх зорак не хапае. Між іншым, У.Сулімскі — родам з Маладзечна, менавіта ў тамтэйшым музычным каледжы імя М.К.Агінскага атрымаў добрую вакальную падрыхтоўку, якая дазволіла яму рушыць у Санкт-Пецярбург па далейшую адукацыю і скарэнне спеўных алімпаў.
Дый “цалкам наш” саліст тэатра Дзмітрый Шабеця — выпускнік Гомельскага музычнага каледжа імя Н.Сакалоўскага і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі разам з магістратурай — днямі стаў фіналістам найпрэстыжнейшага Міжнароднага конкурсу Competizione dell’Opera, што праходзіў у Маскве: са 120 спевакоў, адабраных у паўфінал, засталося ўсяго 12 — і Дзмітрый сярод іх.
Наяўнасць у нас таленавітых вакалістаў дадаткова сведчыць пра заканамернасць з’яўлення Шаляпінскага таварыства Беларусі, якое ўзначальвае заслужаны артыст нашай краіны Алег Мельнікаў. Да 10-годдзя гэтай грамадскай арганізацыі ў фае Вялікага тэатра была разгорнута выстаўка “Званы” мастака Уладзіміра Чарнышова, які плённа працуе таксама ў галіне тэатра і кіно.
А 3 лютага адзначыла 75-гадовы юбілей заслужаная артыстка Беларусі Надзея Губская. Публіка старэйшага пакалення, у тым ліку замежная, добра памятае яе насычанае фарбамі і адценнямі драматычнае сапрана, асабліва ў партыях Тоскі, Аіды ў аднайменных операх Пучыні і Вердзі. Тэмбр яе голасу вылучаўся асаблівай прыгажосцю, нешараговасцю, яго імгненна можна было заўважыць нават у шчыльным tutti. Вядома, сам голас “перадаць у спадчыну” немагчыма, а вось уласна прафесійнымі сакрэтамі спявачка шчодра дзялілася са студэнтамі Акадэміі музыкі, стаўшы прафесарам гэтай ВНУ.
Чарговая оперная прэм’ера запланаваная на чэрвень, таму днямі мастацкі савет тэатра абмеркаваў яе макет і пастаноўчую канцэпцыю. Па задуме рэжысёра Ганны Маторнай, дзеянне “Любоўнага напою” Г.Даніцэці будзе перанесена з вёскі ХІХ стагоддзя на пляж пачатку ХХ. Таму мастак па касцюмах Любоў Сідзельнікава прапанавала сутыкненне старой моды з тагачаснымі навінкамі ад куцюр’е накшталт Како Шанэль. Ад пяску на сцэне, пра які марыў сцэнограф Андрэй Меранкоў, адмовіліся, але мы ўбачым і кабінкі для пераапранання, і драўляныя насцілы для падыходу да мора, а яшчэ — карабель, падводную лодку і... ванну.
ДАМОВЫ ДЛЯ МУЗЫЧНАЙ МОВЫ
Генеральны дырэктар тэатра, доктар мастацтвазнаўства Кацярына Дулава наведала Маскву. Ды не дзеля экскурсіі, а з мэтай далейшага развіцця творчых кантактаў з вядучымі музычна-тэатральнымі калектывамі Расіі. Так, была дасягнута дамоўленасць пра гастролі нашай трупы ў Вялікім тэатры Расіі — ужо ў кастрычніку. А праз год пасля гэтай паездкі плануецца візіт у адказ — вядома, з расійскімі спектаклямі. З Маскоўскім акадэмічным музычным тэатрам імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі былі ўдакладнены нават канкрэтныя назвы. У прыватнасці, да нас прыедзе “Яўген Анегін” рэжысёрскай версіі Аляксандра Ціцеля, які ўвасабляў у нас “Багему” са спасылкамі да Марка Шагала. У сваю чаргу, наш тэатр можа павезці оперу “Самсон і Даліла” і балет “Спячая прыгажуня”, які пакуль у працэсе рэпетыцый. Да таго ж дасягнута дамоўленасць аб сумеснай пастаноўцы оперы “Руслан і Людміла” М.Глінкі, аб удзеле Маскоўскага музычнага тэатра ў фестывалі “Балетнае лета ў Вялікім” — не сёлета, а ў чэрвені наступнага года. Прычым масквічы абяцалі прывезці аднаактовыя спектаклі такіх зорных харэографаў сучаснасці, як Акрам Хан, Шарон Эяль. Абмяркоўваліся і іншыя сумесныя праекты: майстар-класы, стажыроўкі — самыя разнастайныя варыянты супрацоўніцтва і культурнага абмену. Так што ёсць мноства нагод і магчымасцей пераканацца: наш тэатр Вялікі не толькі па сваіх памерах, але і па творчых поспехах і планах.