У Валерыя Лявонцьевіча былі тры вельмі важныя рысы: сціпласць, уменне захоўваць спакой і такая любоў да музыкі разам са звязанымі з ёй установамі, што перарасла ў сапраўдную адданасць гэтаму віду мастацтва. Тое, што завецца служэннем у самым высокім сэнсе гэтага слова. Усе, хто яго ведаў, згадваюць і цытуюць адну яго фразу, якую ён любіў паўтараць у розных варыянтах, зрабіўшы яе крылатай — ды практычна выслоўем: “Я не працую ў Акадэміі музыкі, я ёй служу”.
Гэта былі не проста словы, а своеасаблівая формула жыцця. Служэнне не ператваралася ні ў “прыслугоўванне”, ні ў клопат пра кар’ерны рост ці іншыя выгоды: так служыць, як ён, можна толькі сапраўднаму мастацтву ці навуцы — альбо ім разам.
Служэнне мастацтву ён спавядаў на ўсіх сваіх пасадах: калі быў дырэктарам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі імя Р.Шырмы, а потым — Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі, Рэспубліканскага Дома народнай творчасці — навукова-метадычнага цэнтра, скіраванага на дапамогу аматарскім калектывам. Разумеючы важнасць папулярызацыі акадэмічных харавых спеваў, шмат сіл аддаў Народнай харавой капэле Палаца культуры прафсаюзаў: быў і яе хормайстрам, і мастацкім кіраўніком.
Але больш за ўсё Валерый Лявонцьевіч быў звязаны з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі. Спачатку, калі гэтая навучальная ўстанова называлася кансерваторыяй, ён скончыў яе як студэнт. Праз тры гады — як асістэнт-стажор. Нарэшце, акурат сорак гадоў таму пачаў тут выкладаць, а ў хуткім часе стаў дэканам вакальна-харавога факультэта — ажно на чвэрць стагоддзя.
Яго стаўленне да студэнтаў і выкладчыкаў было папраўдзе бацькоўскім. У кожным, нават у “зялёным” першакурсніку, ён бачыў малодшага калегу. У любых выпадках умеў захоўваць раўнавагу і спакой, што перадавалася навакольным. Паводзіў сябе мудра, як і належыць сталаму майстру. А вось сціпласць яго часам была залішняй. Мабыць, з-за гэтага ён не быў абцяжараны ганаровымі званнямі — толькі шматлікімі граматамі і медалём Францыска Скарыны.
Але ж у памяці нашчадкаў застаюцца добрыя справы, а не пералік узнагарод. Сярод здзейсненага Валерыем Аўраменкам — Рэспубліканскае дзіцячае харавое свята “Сябрына”, якое ён разам з Віктарам Роўдам арганізоўваў і праводзіў дзевяць разоў. Тыя “сябрыны”-зярняткі далі добрыя парасткі: з іх паўсталі і ўзраслі многія далейшыя харавыя фестывалі ды іншыя праекты. Бо тое, што ўкладзена ў дзяцей і моладзь, адгукаецца ў некалькіх пакаленнях і становіцца нацыянальнай спадчынай.