Па-за ўвагай прадстаўнікоў культуры не засталіся палажэнні, звязаныя з выхаваннем патрыятызму.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Ларыса Бібік:
— Працэс падрыхтоўкі абноўленай Канстытуцыі, які ішоў на працягу не аднаго месяца, нікога не пакінуў абыякавым. І людзі, звязаныя з захаваннем гістарычнай спадчыны, зацікаўлены ў ім як ніхто іншы. Наш калектыў распрацаваў свае прапановы, і было радасна пабачыць іх у праекце на выніковым этапе. Мы можам падпісацца пад кожным словам у палажэннях, якія тычацца захавання памяці і супрацьдзеяння фальсіфікацыі гісторыі. Трэба фарміраваць паважлівае стаўленне да мінулага яшчэ ў сям’і. Мы бачым, з якой зацікаўленасцю дзеці глядзяць на рэліквіі ў нашых экспазіцыях, з якой ахвотай наведваюць мерапрыемствы і сочаць за рэканструкцыямі гістарычных падзей у мемарыяльным комплексе. Так з дзяцінства фарміруецца грамадзянін, здольны абараніць краіну ў той момант, калі нехта замахваецца на яе каштоўнасці. І выхаванне такой асобы — агульная справа.
Намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вольга Палітыка:
— У нашай установе актыўна абмяркоўваўся праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Асаблівую ўвагу вызваў артыкул 15, які дапоўнены такім палажэннем: “Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Падчас дыялогавых пляцовак многія навучэнцы выказаліся ў падтрымку дадзенага дапаўнення і запэўнілі ў гатоўнасці далучыцца да працы ў гэтым кірунку.
Вялікую цікавасць заўсёды выклікае наведванне знакавых мемарыяльных аб’ектаў і музеяў. Нашы навучэнцы таксама ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях, святочных канцэртах да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці і іншых важных дат. У рамках рэспубліканскага культурна-патрыятычнага кінамарафону “Глядзі і памятай”, прысвечанага 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у інтэрнаце каледжа праходзілі прагляды фільмаў пра гэтыя старонкі нашай гісторыі. Да такіх форм працы варта звяртацца далей. І мы будзем упэўненыя, што наша моладзь у будучыні зможа абараняць нацыянальныя інтарэсы краіны, быць сапраўднымі патрыётамі.
Данііл ШЭЙКА