Дарэчы, амаль адначасова з мінскай выставай і ў Віцебскай абласной бібліятэцы адкрылася выстава праекта “Constructio”, складзеная з твораў самой Галіны Васільевай як мастачкі. Пачатак традыцыі быў у 1993 годзе, і за амаль 30 гадоў праект неаднаразова праходзіў у Беларусі, паказваўся ў іншых краінах. Яго героямі, як правіла, былі віцебскія мастакі. Галіна Васільева зазначае, што ў нейкім сэнсе падобныя праекты для Беларусі ўнікальныя, бо асобныя работы канструктыўнага напрамку не губляюцца сярод іншых твораў, як гэта звычайна здараецца, а прадстаўлены канцэнтравана. Да таго ж у Беларусі вельмі нямногія творцы працуюць у эстэтыцы канкрэтна-канструктыўнага мастацтва, а Віцебск якраз славіцца сваім авангардам. І на гэты раз у сталічнай зале НЦСМ на праспекце Незалежнасці можна ўбачыць творы тых віцебскіх мастакоў, з якімі Галіна Васільева ўжо даўно супрацоўнічае.
Не сказаць, што выставачная плошча перанасычана творамі, і спіс мастакоў-удзельнікаў не такі вялікі, як, можа, хацелася б, але ёсць нагода і ўбачыць нешта з фондаў самога НЦСМ — у першую чаргу аб’ёмна-прасторавыя работы знакамітага віцебскага авангардыста Аляксандра Малея, і ацаніць экспазіцыю як твор канцэптуальнага мастацтва. Галіна Васільева сваімі квадратамі з прысвячэннем Малевічу пастаралася пазначыць пункт адліку ад супрэматызму і паразважаць над тым, што ж такое канструктыўнае мастацтва і канкрэтнае мастацтва на прыкладзе прапанаваных работ.
Геаметрычная абстракцыя, мінімалізм, работа з формай і прасторай — паводле куратара Галіны Васільевай, на гэтым робіцца акцэнт Constructio. Сутнасці ідэі, мабыць, найбольш адпавядаюць работы зноў жа Аляксандра Малея. Можна нават проста працытаваць апісанне аднаго ягонага арт-аб’екта: “Кубаквадрат. Прасторавая структура Зваротнай інфармацыі” — ён таксама з фондаў НЦСМ. Творы Аляксандра Малея, трэба прызнацца, найбольш прыцягваюць позіркі на выставе. Арт-аб’ект Аляксандра Слепава “Кентаўр, які страляе з лука” наўпрост адсылае да ідэй супрэматызму. Вялікія тэкстыльныя палотны Антаніны Фалей — з “геаметрычнай” серыі “Сіметрыя стварае падзею”. Арт-аб’ект Васіля Васільева “Эцюд” з заточнага каменя захапляе не толькі выразнай геаметрычнасцю, але і талентам ператварэння самага звычайнага прадмета ў твор мастацтва. На выставе Constructio можна ўбачыць і яшчэ адзін твор Васіля Васільева — вялікую скульптуру “Анёл”, зробленую са старой ванны. Яна, мабыць, не зусім адпавядае заяўленай канцэпцыі канкрэтнага і канструктыўнага мастацтва. Але ж гэта яшчэ адна нагода мінчанам пабачыць твор, які мінулай вясной так усіх захапіў на фестывалі скульптуры SculptFest і ў выніку атрымаў першую прэмію ў намінацыі “Канцэпцыя”. Яскравыя, шматкаляровыя і вялікія па памерах творы мінскай мастачкі Дзіны Даніловіч таксама толькі пасля некаторага роздуму дазваляюць разгледзець у сабе канструктывізм, але геаметрычныя фігуры ў іх дакладна пабачыць можна. Дарэчы, Дзіна Даніловіч вучылася ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным інстытуце і была студэнткай куратара Constructio Галіны Васільевай, якая ў гэтым інстытуце выкладае. Яшчэ аднаго мастака варта згадаць — Уладзіміра Макаркова з абстрактнымі карцінамі на касмічную тэматыку.
Пару слоў варта сказаць пра кнігу, якая прэзентавалася і ў Мінску, і ў Віцебску. Гэта манаграфія Галіны Васільевай “Віцебскі авангард у дзеянні”, якая ахоплівае гісторыю авангардных праектаў Віцебска, пачынаючы з другой паловы мінулага стагоддзя: там артыкулы і пра легендарнага мастака Аляксандра Салаўёва, і пра творчае аб’яднанне “Квадрат”, і пра выставачныя праекты Васіля Васільева Abstract, і пра многае іншае. Кніга можа даць уяўленне пра тое, як Віцебск дзесяцігоддзямі падтрымлівае званне цэнтра авангарднага мастацтва.