Шмат гадоў я ведаў гэтую цудоўную жанчыну, якая, акрамя ўсяго іншага, прафесійна займалася і мастацтвазнаўчай дзейнасцю. Не толькі як навуковец, але і як жывы сведка мастацкага развіцця гісторыі ў пасляваенны перыяд. На прыкладзе свайго бацькі, народнага мастака Беларусі Паўла Васільевіча Масленікава, і яго мастакоў-калег вельмі ярка распавядала ў кнізе “Павел Маслеников. Портрет художника в зеркале времени”, якую яна мне падаравала ў 2012 годзе. А праз год выйшла і яе міні-манаграфія пра Масленікава — у серыі “Славутыя мастакі Беларусі”. У гэтых кнігах Вера Паўлаўна не толькі ўславіла вобраз таленавітага бацькі — мастака-жывапісца, сцэнографа, рэктара Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, педагога, навукоўца, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, але і чалавека сваёй эпохі, які на чале з іншымі мастакамі фарміраваў нацыянальную духоўную культуру.
Вера Пракапцова працавала больш за 40 год у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў: на пасадах загадчыка кафедры тэорыі музыкі і фартэпіяна, загадчыка кафедры фартэпіяна, дацэнта кафедры эстраднай музыкі, намесніка дэкана факультэта мастацкай творчасці, а з 1994 года ўзначальвала кафедру беларускай і сусветнай мастацкай культуры.
Хачу асабіста падкрэсліць, што яна з’яўлялася адзіным мастацтвазнаўцам, якая даследавала гісторыю і тэорыю мастацкай адукацыі, была стваральнікам і распрацоўшчыкам тэорыі і метадалогіі першай на постсавецкай прасторы спецыялізацыі “Кампаратыўнае мастацтвазнаўства” і ў апошнія 20 гадоў пад гэтай назвай узначальвала навукова-педагагічную школу.
А яшчэ можна ўспомніць, як яна на працягу навукова-педагагічнай дзейнасці выдатна забяспечвала выкладанне лекцыйных курсаў для беларускіх і кітайскіх магістрантаў, аўтарскіх курсаў “Мастацкая адукацыя ў Беларусі”, “Кампаратывізм у мастацтве”, “Мастацтвазнаўчы семінар” і распрацоўвала адпаведныя лекцыі, тэмы і заданні для семінарскіх заняткаў і здзяйсняла кіраўніцтва дыпломнымі работамі. Усё гэта, зразумела, грунтавалася на яе ўласных праграмных навукова-метадычных распрацоўках.
Вера Паўлаўна праявіла сябе і як таленавіты кіраўнік навуковай (навукова-педагагічнай) школы. Пад яе крылом падрыхтаваны 3 доктары і 18 кандыдатаў мастацтвазнаўства, у тым ліку 6 грамадзян КНР. Яна аўтар 5 манаграфій, прысвечаных станаўленню і развіццю музычнай і мастацкай адукацыі ў Беларусі, каля 400 навукова-метадычных прац і навуковых артыкулаў, у тым ліку ў розных беларускіх энцыклапедыях. Яе фундаментальныя даследаванні ў архівах пра музычную і мастацкую адукацыю ў Беларусі сталі сёння моцнай асновай для лекцыйных і праграмных курсаў для выкладання студэнтам, навукоўцам. Яна здолела ўзняць цэлы пласт па падрыхтоўцы і фарміраванні на Беларусі гэтай адукацыйнай інстытуцыі.
Мяне заўсёды ўражвала яе жыццёвая і грамадская актыўнасць і энергія. Я іншы раз запытваў Веру, як ёй удаецца “объять необъятное” — знаходзіць час на ўсё тое, што прымала яе душа? У адказ яна толькі весела ўсміхалася і прыгожа паводзіла плячамі. Маўляў, што зробіш — такое жыццё. Але памяркуйце самі: старшыня экспертнага савета па мастацтвазнаўстве і культуралогіі ВАК Рэспублікі Беларусь, член Савета па абароне дысертацый па спецыяльнасці — тэорыя і гісторыя мастацтва пры Нацыянальнай акадэміі мастацтваў імя Жургенава ў Алматы, член Савета па абароне дысертацый пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, член рэдкалегій шэрагу навуковых часопісаў, якія выдаваліся ў вышэйшых навучальных установах Мінска, Віцебска і Полацка. Я ўжо не кажу пра тое, што яна шмат зрабіла і ў галіне міжнароднага навуковага супрацоўніцтва па падрыхтоўцы навуковых кадраў ва ўніверсітэтах Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Казахстан. Ганаровы прафесар дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта г. Чжэньджоў (КНР) — гэта таксама шмат што значыць...
Высокі прафесіяналізм, інтэлігентнасць гэтай прыгожай як знешняй, так і ўнутранай культурай жанчыны — такой была Вера Паўлаўна, якую паважалі шматлікія калегі і студэнты з навучальных устаноў як нашай краіны, так і за яе межамі, з якімі яна заўсёды знаходзіла паразуменне і агульную мову.
Так, яна належала да кагорты прафесіяналаў-культуролагаў самага высокага ўзроўню. І гэта зразумець можна: нарадзілася ў інтэлектуальнай сям’і, змалку расла і гадавалася ў выяўленчым і музычным мастацтве, закончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу фартэпіяна, затым — аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, абараніла кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. І як вынік яе творчага і навукова-педагагічнага жыцця — медаль Францыска Скарыны, ордэн Святой Прападобнай Ефрасінні Полацкай Беларускага Экзархата, нагрудны знак Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, ганаровыя граматы Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі краіны...
Я добра ведаў яе змалку, па-суседску, калі яна жыла яшчэ з бацькамі ў доме мастакоў на вуліцы Сурганава. А калі выйшла замуж за Уладзіміра Пракапцова, нашы сустрэчы не перарываліся, больш за тое, сталі больш частымі, калі Валодзя стаў дырэктарам Мастацкага музея. Яны добра глядзеліся побач, Богам было наканавана ім ісці поруч, яны дапаўнялі адно аднаго, нарадзілі і выхавалі двух выдатных сыноў — Антон пайшоў па матчынай дарозе, а Павел як мастак — па бацькоўскай. Шмат сустракаліся мы і на канцэртах, і на прэм’ерах фільмаў, і на выставах ў музеі, бывалі ў гасцях у Вальмена і Радаславы Аладавых, у майстэрнях Леаніда Шчамялёва і Георгія Паплаўскага.
Мне здаецца, што Вера Паўлаўна не толькі як жонка, але як і творчы і навуковы чалавек сфарміравала Уладзіміра Іванавіча як асобу, як мастака і мастацтвазнаўцу. Ведаю, што Вера была першым і галоўным рэцэнзентам яго жывапісных твораў і навуковых артыкулаў і кніг. Менавіта яна параіла мужу выдаць 12-томнае выданне калекцыі музея, першы том якога выйшаў у канцы 2021 года, але ёй не ўдалося як члену рэдкалегіі патрымаць яго ў руках.
На жаль, такія таленавітыя людзі, як Вера Паў-
лаўна, адыходзяць вельмі рана, і гэта сапраўдная страта для ўсяго нашага інтэлектуальнага грамадства. Сёння ў роднай для Веры Паўлаўны alma mater адбудуцца ўрачыстасці: у бібліятэцы — выстаўка яе навуковых прац і круглы стол з успамінамі пра яе выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама яны ўбачаць на Сцяне памяці ўніверсітэта адбітак ейнага імя...
Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі