Неяк на днях мне трапіла ў спадарожніцы маладая жанчына Наталля, якой гадоў крыху за трыццаць. Размова пайшла пра мабільны дадатак “Літрэс”, які апошнім часам папулярны ў чытачоў раённай бібліятэкі. Я расказвала, што карыстаюся гэтай паслугай, а калі не стае часу, не чытаю, а праслухоўваю аўдыякнігі. Нават і не заўважыла, збіраючыся ранкам на працу ці завіхаючыся па гаспадарцы, як пераслухала творы Дастаеўскага, Гогаля, некалькі галіновых кніг. За адзін месяц — пяць твораў. На ўсё гэта жанчына мне адказала: “А я цяпер чытаю кнігу пра вайну, наогул люблю чытаць творы такой тэматыкі. Аўтара не памятаю, але пакажу кнігу”. І выцягвае выданне беларускага аўтара. Не скажу, што для мяне гэта было вялікім дзівам, але я з павагай паглядзела на маладую субяседніцу і падумала, што яна, маці траіх дзяцей-падлеткаў, з’яўляецца прыкладам для іх не толькі ў адносінах да кнігі і чытання, але і да таго, што неабходна чытаць.
ДЛЯ ПАЧАТКУ — 30 ВЫДАННЯЎ
Я з упэўненасцю кажу, што моладзь чытае, і прыводжу ў прыклад рэалізацыю праекта “Літаратурны краязнаўчы чэлендж”, які быў анансаваны на пачатку 2021 года ў сацыяльных сетках. Так, бібліятэка выходзіць за межы сваёй прасторы, ідзе насустрач чытачу. Дзе чытач, там і бібліятэка!
Як вядома, большая частка карыстальнікаў сацыяльных сетак — гэта маладзёжная аўдыторыя. Тройчы летась для карыстальнікаў сацыяльных сетак бібліятэка прапанавала ўдзел у названым праекце. Спачатку быў запушчаны кніжны чэлендж па творчасці ўсіх літаратараў-землякоў, а затым — да юбілеяў Васіля Праскурава і Алеся Каско. Для паспяховасці праекта яго рэклама была змешчана не толькі ў інтэрнэт-прасторы, але ў СМІ. Не скажу, што адразу ўсе кінуліся чытаць творы ганцавіцкіх літаратараў, але для нас ужо поспех, калі ў рамках першага кніжнага чэленджа было прачытана 30 кніг літаратурнай спадчыны землякоў. Запускаючы праект да юбілею Васіля Праскурава, творчасць якога можна назваць узорам беларускай журналістыкі, для нас саміх было нечаканасцю тое, што карыстальнікі сацыяльных сетак з такой зацікаўленасцю адносяцца да прачытання кніг пісьменніка. Адзін з удзельнікаў распавёў: “Дык гэта ж наша гісторыя! Жыццё нашых бацькоў і дзядоў, іх жыццё, якім яно было!”
Падчас урачыстай юбілейнай вечарыны Васіля Праскурава былі ўзнагароджаны тыя, хто прачытаў усе творы, якія па ўмовах праекта павінны быць прачытаны.
ЖЫЎ БЫ ПАЭТ…
У снежні мінулага года ў сацыяльных сетках быў запушчаны кніжны чэлендж па творчасці пісьменніка-юбіляра Алеся Каско. Яго творы сур’ёзныя, і чытаць іх патрэбна ўдумліва. Таму прыклад — удзел у праекце Марыі Орса, у мінулым настаўніцы. Жанчына не толькі прыняла ўдзел у літаратурным чэленджы і да таго яшчэ прыахвоціла да чытання ўнукаў, Мікалая і Дзяніса, вучняў 6 і 8 класаў адной са школ горада. Хлопчыкі разам з бабуляй не толькі прачыталі творы, але стварылі даследчую працу па творах пісьменніка, якая змяшчае эсэ і водгукі, разважанні, слоўнікі метафар і эпітэтаў. Па словах жанчыны, творчасць Алеся Каско даступна для чытачоў рознага ўзросту, кнігі аўтар пісаў для дарослых і дзяцей, і кожны, хто дакрануўся да яго творчасці, не застанецца абыякавым. У шчырым водгуку васьмікласніка Мікалая прагучала: “Жыў бы паэт, я б шукаў магчымасці з ім сустрэцца…”
Людзі рознага ўзросту станавіліся ўдзельнікамі літаратурнага краязнаўчага чэленджа. Болей за паўсотню твораў Алеся Каско было прачытана і пракаментавана ў сацсетках. А што моладзь? А вось моладзь па-асабліваму, творча падышла да ўдзелу ў праекце. І прыкладам таму старонка “Укантакце” Яўгеніі Пракапчук. Маладая дзяўчына да кожнага твора знайшла свой падыход, упрыгожыўшы каментарый крэатыўным фота.
А цяпер я хацела б адказаць на пытанне: “Ці чытае друкаваную кнігу моладзь?” Моладзь у нас прыгожая і таленавітая, пісьменная і перспектыўная, таму кожны ведае: каб быць паспяховым, трэба чытаць кнігі. І не важна якія — электронныя праз дадатак “Літрэс” ці друкаваныя, творы беларускіх пісьменнікаў ці замежных, мастацкую літаратуру альбо галіновую. Галоўнае знайсці сваю і ад першага радка да апошняга яе прачытаць так, як чыталі творы літаратараў-землякоў удзельнікі літаратурнага краязнаўчага чэленджа ці як любіць і чытае ваенныя кнігі мая спадарожніца Наталля.
Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава
На здымках: Скрыншоты.