На вуліцы зіма ў гэты момант была больш падобная на вясну, а ў выставачнай зале яна ў большай ступені адпавядала стэрэатыпным уяўленням пакалення, якое памятае Мінск адносна невялікім горадам. Горадам, дзе травы калісьці было больш, чым асфальту.
На выставе збольшага краявіды менавіта сталіцы з 60-х гадоў па сённяшні дзень. Асабіста я не маю настальгіі па сваім дзяцінстве і юнацтве. Па маладых гадах я, мінчук, адчуваў нейкае падабенства комплексу непаўнавартаснасці, параўноўваючы мой горад са сталіцамі суседніх рэспублік — Масквой, Кіевам, Рыгай. Сёння, дзякуй Богу, гэта ў мінулым. Мінск займае годнае месца сярод еўрапейскіх сталіц. Але прагрэсу без страт не бывае. Чым больш асфальту, тым менш травы. “Чем больше окружающей среды, тем меньше окружающей природы”. Так што найбольш цікавы на выставе той драўляны Мінск, якога ўжо няма.
Экспазіцыя, як ужо згадана, ахоплівае перыяд у шэсцьдзесят год, адлюстраваны ў жывапісе і графіцы. Ад беларускай версіі агульнасаюзнага “суворага стылю” — па сённяшні стылёва і сэнсавы плюралізм. У памятныя мне 60-я гады ў выяўленчым мастацтве пры агульным захапленні фармалістычнымі эксперыментамі ўсё адно сярод прафесіяналаў вельмі шанавалася, нават лічылася вышэйшым пілатажам, уменне працаваць паводле канонаў артадаксальнага рэалізму. Папулярна кажучы, здольнасць мастака намаляваць “як на фатаграфіі”. Попыт на такое мастацтва існаваў з той прычыны, што сама фотатэхніка была яшчэ вельмі недасканалай, а пра фаташоп нават і не чулі — ён з’явіцца толькі ў 1987 годзе, а шырока пойдзе ў народ яшчэ пазней. Так што гэткая “фотаграфічнасць” — то-бок падсвядомая арыентацыя на фатаграфію — досыць выразна прысутнічала і ў творах, дзе колер ці эфектны мазок мелі рысы самадастатковасці.
Сёння ж, калі кожны ўладальнік смартфона сам сабе нібыта мастак, запатрабавана стала менавіта рукатворная жывапіснасць, дзе выразна адчуваецца эмацыйны лад, якім кіраваўся аўтар. Калі ўсё наўкол тыражаванае, хочацца чагосьці ўнікальнага, эксклюзіўнага, аўтарскага. На гэтай выставе ўзорамі жывапіснасці з’яўляюцца творы пейзажыста Васіля Пешкуна. Мастак піша менавіта партрэт горада, як пісаў бы партрэт сябра ці сваяка.
Таксама ў экспазіцыі ёсць творы Георгія Паплаўскага, Валерыя Шкарубы, Кастуся Качана, Васіля Сумарава, Абрама Кроля, Натана Воранава, Віктара Яўсеева. І што нечакана — Міхаіла Савіцкага. Аказваецца, у рэаліста з трагічнымі тэмамі на карцінах на пачатку ягонай творчасці былі сякія-такія памкненні ў бок лірычнасці. Праўда, брутальнасць ягонай натуры прабіваецца і тут.