Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь вельмі ўзрадавала, што 2022 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Самі паняцці “памяць”, “гісторыя Айчыны” — надзвычай гаваркія і нават святыя для кожнага сумленнага, добрага чалавека. Нездарма апошнім часам у нашай краіне вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. І нават у наш складаны час, калі ў “дэмакратычнай” Еўропе руйнуюцца помнікі Другой сусветнай вайны, у Беларусі ўзводзяцца новыя помнікі, абеліскі, мемарыялы, рэстаўруюцца старыя помнікі, вядзецца актыўная пошукавая дзейнасць. Скажу больш: калі ты не цэніш гісторыю сваёй сям’і, свайго роду, не ведаеш яго каранёў, калі тваё генеалагічнае дрэва расце недзе сярод бур’яну і чартапалоху, то і паняцці “малая радзіма”, “Бацькаўшчына” для цябе нешта другаснае…
Гістарычная памяць — менавіта тая кроўна-жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Нездарма славуты аўтар “Новай зямлі” Якуб Колас пісаў: “Толькі на ўласных каранях дае дрэва багаты плод”.
У розных кутках Бацькаўшчыны, якая страціла ў вайну кожнага трэцяга, а ў некаторых раёнах кожнага другога жыхара, створаны мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы. Сёння ў краіне каля 9 тысяч помнікаў Вялікай Айчыннай. І вельмі добра, што яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі. З’яўляюцца святымі мясцінамі ўшанавання загінулых, вечным напамінам пра сапраўдную каштоўнасць міру.
Залы і экспазіцыі, прысвечаныя вайне, адкрыты ва ўсіх гісторыка-краязнаўчых музеях Беларусі. Бясцэнныя рарытэты, ваенныя хронікі гарадоў і вёсак, трагедыі ўкрадзенай маладосці, апавяданні аб подзвігу салдат і афіцэраў, якія ўносілі уклад у доўгачаканую Перамогу. Кожны раён Бацькаўшчыны захоўвае памяць пра тыя страшныя гады. Вельмі добра, што шматлікія экспанаты ёсць і ў музеях школ, каледжаў, універсітэтаў, дзе на працягу дзесяцігоддзяў паваенныя пакаленні скрупулёзна збіралі сведчанні, запісвалі ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў.
Ужо некалькі разоў я, бываючы ў сталіцы, наведаў галоўнае сховішча рарытэтаў — першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, гэта яшчэ і адзін з найбуйнейшых збораў планеты, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны. Менавіта яго трэба перш за ўсё наведаць замежным гасцям сталіцы…
Мінулае для нас павінна быць не проста пустым гукам, а найважнейшай крыніцай для фарміравання свядомасці і вызначэння свайго месца ў грамадстве, у краіне. Толькі сур’ёзна аналізуючы вопыт мінулых дасягненняў і памылак, мы здольны па-сапраўднаму ствараць новую гісторыю.
Зразумела, што сёння асноўнымі крыніцамі асвятлення гістарычных фактаў сталі СМІ, інтэрнэт, аналітычныя праграмы тэлебачання, якіх, на жаль, заўсёды бракуе. З тэлевізійных экранаў, у газетах і часопісах, у інтэрнэце сёння нярэдка прысутнічаюць кардынальна супрацьлеглыя асвятленні адных і тых жа падзей, як сучасных, так і падзей мінулых гадоў і стагоддзяў.
Таму вельмі важным ідэнтыфікатарам нашага грамадства з’яўляецца памяць пра Вялікую Айчынную. Заслугі нашых продкаў, якія адстаялі незалежнасць краіны, і памяць сучасных і будучых пакаленняў — гэта, канешне ж, адна гістарычная прастора, пераемнасць паміж дзядамі і бацькамі, бацькамі і сынамі.
Памяць пра вайну — гэта і апісанні падзей ваенных гадоў у кнігах. Радуе той факт, што цікавасць да ваеннай тэматыкі сёння выяўляецца не толькі да юбілейных дат. Нават у 21 стагоддзі з’явілася мноства дакументальных і мастацкіх фільмаў, якія распавядаюць пра 1418 цяжкіх ваенных дзён і начэй.
Зразумела, што гістарычная памяць пра вайну — вялікая духоўная каштоўнасць нашага народа.
Аўтар многіх твораў пра ваенную гісторыю, удзельнік Вялікай Айчыннай Васіль Быкаў сцвярджаў: “Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, з яе робяць урокі. З хлусні ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні”.
З павагай,
Канстанцін КАРНЯЛЮК