УВАХОДЗЬЦЕ, КАЛІ ЛАСКА!
Арганізацыйны бок цяперашняга мерапрыемства быў лепшым за ранейшыя. Па-першае, сказаўся назапашаны вопыт. Бо гэта быў ужо шосты такі фартэпіянны конкурс у Беларусі. Дый сярод выканаўцаў на іншых інструментах падобныя спаборніцтвы міжнароднага маштабу ў нас праходзілі. Можа, не так часта ды рэгулярна, як хацелася б, але ладзіліся — і не раз. Замежныя ўдзельнікі адзначалі і беларускую гасціннасць, добразычлівасць, і шчырую дапамогу валанцёраў.
Па-другое (і гэта насамрэч вельмі важна), змяніліся некаторыя традыцыйныя падыходы да конкурсных праслухоўванняў. У прыватнасці, сёлета больш актыўна былі скарыстаны магчымасці інтэрнэту. Конкурс займеў асобны сайт, дзе своечасова з’яўлялася ўся неабходная інфармацыя — пра ўдзельнікаў, вынікі лёсавання і кожны з тураў, прычым доступ да яе быў вольным.
Максімальна шырокімі аказаліся і магчымасці праслухоўвання ўдзельнікаў. Як ні дзіўна, але дапамаглі наступствы пандэміі, прывучыўшы нас да наладжвання анлайн-трансляцый. Журы і частка публікі ўспрымалі ўсё жыўцом. Астатнія зацікаўленыя — праз экраны манітораў. Дарэчы, трансляцыя першых двух тураў, што праходзілі ў зале Акадэміі музыкі, вялася таксама на манітор, усталяваны ў фае гэтай навучальнай установы. Трэці тур, дзе піяністы выступалі ў сталічнай філармоніі з тамтэйшым аркестрам, таксама патрапіў у інтэрнэт. А спазніўшыся на прамы эфір ці будучы занятым у час выступленняў, можна было далучыцца да іх прагляду ў запісе. І пры жаданні пераслухаць улюбёнцаў нанова, спасцігаючы дэталі. Адзначу, што гэта былі папраўдзе якасныя здымкі, якія вяліся з некалькіх камер, усталяваных у розных кутках залы. Гэта дазваляла не толькі бачыць агульны план, але і сачыць за рукамі піяністаў, што бывае не заўжды магчыма ў зале. Заключны гала-канцэрт з узнагароджваннем лаўрэатаў атрымаў тэлевізійную версію.
Такога шырокага доступу не меў ніводны наш конкурс раней. Магчыма, праз час мы прыйдзем да падобных трансляцый іншых музычных імпрэз. Боязь таго, што гэта знізіць колькасць філарманічных наведвальнікаў, беспадстаўная. Сапраўдны меламан ніколі не прамяняе жывую акустыку на запіс, хай і самы дасканалы. А да новых твораў і выбітных выкананняў класікі змогуць далучыцца новыя слухачы. Фінансавы бок пытання таксама вырашальны: сёння многія тэатры свету практыкуюць платныя прагляды як прамых трансляцый, так і ранейшых запісаў — нават архіўных, зробленых адной камерай.
У ПОШУКАХ “САМ САБЕ РЭЖЫСЁРА”
Высокі ўзровень сёлетняга конкурсу, як і падобных ранейшых, быў зададзены спісам твораў першага туру — у прыватнасці, наборам найвіртуознейшых эцюдаў, справіцца з якімі можа толькі добра падрыхтаваны прафесіянал. Як справядліва заўважыў у час закрыцця конкурсу старшыня журы — народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў: “Пераможаных няма: калі б гэта быў іспыт, усім паставілі б дзясяткі”.
Сапраўды, выпадковых удзельнікаў не было, і гэта ставіла перад канкурсантамі галоўную мэту — прадэманстраваць не толькі ўменне спраўляцца з тэхнічнымі складанасцямі, але і, галоўнае, сваю індывідуальнасць. У выніку творчае спаборніцтва засведчыла неверагодны попыт на новую фракцыю — “піяністаў разумных”. Бо ў некаторых канкурсантаў, здавалася б, было ўсё, што трэба: добрая тэхніка, эмацыйнасць, разуменне стыляў, але пры ўсёй такой дасканаласці і “адшліфаванасці дыяментаў” слухаць іх выкананне было чамусьці зусім нецікава. Бо адсутнічала нейкая новая аўтарская думка, якую яны хацелі б данесці да слухачоў.
У тэатры за гэта адказвае каманда пастаноўшчыкаў і найперш рэжысёр, які ў музычных жанрах павінен працаваць разам з дырыжорам, чуйна прыслухоўваючыся да яго пункту гледжання: ці адпавядае ўсім ягоным прыдумкам, а часам і перайначванням, сама музыка. У інструментальным выканальніцтве такім “рэжысёрам” можа стаць педагог, але толькі на пачатковым этапе. Бо ў далейшым музыкант будзе самастойна шукаць інтэрпрэтацыю, напаўняючы яе музычным сэнсам, а не механічна агучанымі нотамі. Ці знойдзе? Залежыць ад яго самога і, у тым ліку, ад шырыні кругагляду, творчага, а не проста рамеснага пасылу — ад усяго таго, што складаецца ў інтуіцыю і атрымліваецца часцяком падсвядома.
Сярод лаўрэатаў я вылучыла б дваіх піяністаў-“рэжысёраў”, якія, па збегу абставін, падзялілі трэцюю прэмію. Уладзіслаў Хандогій (Беларусь) захапіў з першых гукаў экспромтаў Шуберта, ператварыўшы іх у надзвычай натхнёную віньетку-імправізацыю, як гэта было ўласціва кампазітару, і адначасова знайшоў у яго музыцы тыя глыбіні трагедыйнасці, што прадчуваюць многіх будучых рамантыкаў “буры і націску”. Найвіртуознейшыя эцюды Шапэна і Рахманінава ён сыграў амаль запар, без перапынку-адпачынку, сумеўшы імгненна пераключыцца з аднаго стылю на іншы. А ў “Рытмах вуліцы” Галіны Гарэлавай цудоўна закцэнтаваў не толькі знешнюю мітусню ўражанняў вачыма героя-вандроўніка, але і не менш зменлівы яго ўнутраны стан. На першае месца паставіў памкненні душы, а не ўрбаністыку. І ўсё гэта — у непадзельным адзінстве музычнай драматургіі, быццам кіназдымка доўгім кадрам, без аніякіх швоў мантажу.
Валянцін Малінін (Расія) выконваў Французскую сюіту І.С.Баха на тым жа раялі, што і астатнія творы. Але складалася ўяўленне, што піяніст грае на дзесьці прыхаваным клавесіне. Затое ў Эцюдах А.Скрабіна, быццам па ўзмаху чароўнай палачкі, раяль раптоўна “падмянілі”: на змену сухаватаму “шчоўканню” клавесіна прыйшла такая вытанчаная каларыстыка гуку, быццам гэта быў палёт стракоз над воднай рабізною. А ў Эцюдзе С.Пракоф’ева, што гучаў у першым туры і гала-канцэрце закрыцця, панавала структурна дакладная графічная акрэсленасць.
Цікава было назіраць, як па-рознаму гучаў Першы фартэпіянны канцэрт П.Чайкоўскага адразу ў трох фіналістаў. Мікіта Сцяцэнка (Узбекістан, другая прэмія) пачаў яго ўрачыста, нават пампезна, з прыседам на кожную долю, ператварыўшы ў побытавае вальсаванне. Такі ж налёт жанравага спрошчвання прысутнічаў у яго і ў іншых творах. Нават рахманінаўская Саната №2 гучала ў стылі “фонавай” музыкі, што ціха ці гучна цурчыць, раз-пораз выдае “бясколеравым” гукам эмоцыі-смайлікі, але не нясе ніякай думкі, што мела б патрэбу ў асэнсаванні.
У В.Малініна першая частка таго ж Канцэрта П.Чайкоўскага аказалася надзвычай драматычнай, нервовай, часам нават крыху грувасткай — хіба з невялічкімі астраўкамі роздуму і шчырага зачаравання. Тую ж імпульсіўнасць, нават некаторую з’едлівасць ён захаваў і ў фінале, працягнуўшы лірыка-драматычны настрой замест больш звыклага святочнага.
Нарэшце, У.Хандогій сыграў той жа Канцэрт з такой жывой іскрай і музычным “дыханнем”, што многія (і я ў тым ліку) былі перакананы: вось яна, першая прэмія! Але на конкурсах часцей перамагае не празрыстая летуценнасць, быццам гатовая знікнуць, “парвацца”, а стабільнасць, гранітная ўпэўненасць. Гэтыя якасці напоўніцу прадэманстраваў Арсеній Мярзлоў (Расія, першая прэмія). Другі канцэрт С.Пракоф’ева ён сыграў так, што ніводзін мускул не ўздрыгнуў.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АДМЕТНАСЦЬ ЦІ ГЛАБАЛІЗАЦЫЯ?
Абавязковае выкананне беларускага твора, прынятае на гэтым конкурсе, не толькі знаёміць замежных канкурсантаў і іх атачэнне з нашай музыкай, але і адкрывае новыя грані самой нацыянальнай спадчыны, бо тая адразу атрымлівае суцэльны шэраг розных прачытанняў.
Сярод найбольш запатрабаваных у выканаўцаў твораў аказаліся “Беларускія сувеніры” Я.Глебава/І.Алоўнікава — віртуозная фартэпіянная транскрыпцыя глебаўскага твора, дзе закрануты фальклорныя мелодыі. Андрэй Шычко (Беларусь, спецпрыз за віртуознасць) выдатна адбудаваў драматургію: ад інтэлігентнага правядзення асноўнай тэмы да нястрымана разгульнага. Яшчэ адна наша піяністка Настасся Аляксейчык падзяліла п’есу на асобныя ячэйкі агульнай мазаікі, давёўшы кантраст між імі да мяжы. А Сабіна Сакеева (Казахстан) падкрэсліла фальклорны пачатак, унесла ў некаторыя моманты эфект “лялечнасці” — ці то дзяцінства, ці то батлеечнага прадстаўлення і побач з гэтым адчування настальгіі.
Цікавае назіранне: у кітайскіх піяністаў, якія навучаліся ці яшчэ працягваюць вучыцца ў нас, выкананне беларускай музыкі атрымлівалася часам лепей, чым зварот да сусветнай класікі. У гэтым бачыцца тое ўздзеянне нашай нацыянальнай культуры і яе дыялог з кітайскай, што адбываюцца ўжывую, а не толькі на адлегласці, і тым самым плённа рухаюць далейшае развіццё мастацтва.
Дарэчы, стаўленню да сваёй нацыянальнай культуры можна было павучыцца ў маладых музыкантаў з Казахстана: яны спраўна ўключалі творы сваіх кампазітараў у другі тур, дзе прадугледжана вольная праграма. Алія Жакпарава, якая іграла “Легенду пра домбру” Нагіма Мендыгаліева, напісаную ў 1965 г., была ўзнагароджана “за лепшае выкананне твора нацыянальнага кампазітара”. А яе суайчынніца Жанна Здорнава, якая звярнулася да Прэлюдый Пятра Падкавырава, — “за лепшае выкананне твора беларускага кампазітара”.
Яшчэ адна нацыянальная асаблівасць звязана з нашай спагадлівасцю да гасцей. Да фіналу дайшла адзіная студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Навуменка (дыплом і спецпрэмія БДАМ). Сыграўшы з аркестрам найскладанейшы Трэці фартэпіянны канцэрт С.Рахманінава, яна вылучыла ў музыцы вытанчаную ажурную вязь, штораз па-новаму выбудоўваючы фразіроўку. Спецпрэміямі былі адзначаны Таццяна Глушаніна, Марыя Дзяруга, Любоў Глазава і інш.
Увогуле на вышыні аказаліся ўсе беларускія ўдзельнікі. Але журы, у складзе якога былі трое прадстаўнікоў нашай краіны, і тут выяўляла нацыянальную сціпласць. І тым самым захоўвала як мага больш шырокую геаграфію ва ўсіх турах. Пэўна, з разлікам на будучыню? Што ж, будзем чакаць наступнага конкурсу, які па раскладзе павінен адбыцца праз чатыры гады.