— Тэатру неабходна нарошчваць рэпертуар, — расказала на прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаная артыстка Беларусі Вольга Няфёдава. — Вялікая нагрузка ідзе на акцёраў: іх у нас каля 25 чалавек. Калі б трупа была, як у савецкія часы, 70 чалавек ці хаця б, як у постсавецкія, 60, было б прасцей. Але мы імкнёмся зрабіць гледачам святочныя падарункі. Казку хацелася паставіць незвычайную — не тую, якую ўсе ведаюць. І абавязкова беларускага аўтара. Наш рэжысёр Зінаіда Вядзеніна такую знайшла.
Пачалася праца, да якой крыху пазней далучыўся яшчэ адзін малады рэжысёр — Данііл Філіповіч. Мастаком-пастаноўшчыкам запрасілі вопытную Любоў Сідзельнікаву, якая напрыдумляла казачным персанажам яркія, часам нечаканыя, неардынарныя абліччы. Музыку стварыў Марат Абрамян, ён жа напісаў новыя песенныя вершы. Надалей плануецца, што спектакль не абмяжуецца перыядам калядных канікул, а трывала ўвойдзе ў рэпертуар і, да ўсяго, будзе паказвацца на выездах.
— Ён вучыць дзяцей задумвацца над сваімі ўчынкамі, — дадаў Данііл Філіповіч. — Што ж да “Скрыжавання”, дык гэты спектакль мы зрабілі эксперыментальным. Ён пройдзе ў Каміннай зале і пакажа, як дзяўчына праходзіць суцэльны цыкл абрадавых дзеянняў, каб правільна выйсці замуж. Але абрад у такой справе не заўжды дапамагае, бо галоўным павінна быць каханне.
Дададзім, што Камінная зала і раней абжывалася гледачамі не толькі ў антрактах спектакляў, што ідуць на вялікай сцэне. Калісьці тут ладзіліся музычныя вечары. У канцы лістапада з’явілася музычна-літаратурная сустрэча “Сніўся мне сон...” з лірычнымі вершамі Канстанцыі Буйло. Падобныя сутыкненні розных відаў мастацтва ў камернай “салоннай” прасторы, што стварае асаблівую атмасферу, будуць працягвацца і надалей.
Нарэшце, 23 і 24 снежня на Камернай сцэне ў час прэм’еры спектакля Donna sola можна будзе сустрэцца з Вольгай Няфёдавай не як з мастацкім кіраўніком, а як з актрысай, прычым у цэнтральнай ролі.
— Гэта цудоўная п’еса італьянскага драматурга Дарыа Фо, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, і яго жонкі Франкі Рамэ, вядомай актрысы і шматгадовага суаўтара, — працягвае Вольга Няфёдава. — Хтосьці, маўляў, скажа, што я гэтую ролю на сябе “падгрэбла”, але ў тэатры зараз няма актрыс сярэдняга пакалення, на якіх разлічаны гэты матэрыял. Спектакль распавядае пра тое, як жанчынам бывае цяжка ў свеце мужчын. Ён пра вечнае — пра каханне. Я знайшла гэту п’есу гадоў пяць-сем таму, падумала, што, магчыма, я яе калісьці сыграю. І калі цяпер паўстала пытанне, якой прэм’ерай адкрываць Камерную сцэну, я перачытала шмат п’ес, лежачы ў шпіталі з каранавірусам, і ўзгадала пра яе. Звярнулася да рэжысёра Венедыкта Растрыжэнкава, ён пагадзіўся. Хацеў рабіць трагіфарс, штосьці паводле камедыі дэль артэ, але ў некаторых момантах я свядома сыходжу ў іншы жанр, гавару быццам “ад сябе”. Дарэчы, італьянскі бок быў вельмі ўражаны, што пераклад на беларускую мову рабіўся з арыгінала, а не рускамоўнай версіі.