На адкрыцці выставы з прывітальным словам выступіла Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава. Наведвальнікі экспазіцыі таксама з цікавасцю выслухалі выступ удзельніцы вайны Валянціны Баранавай, якая нарадзілася ў 1923 годзе, а ў жніўні 1942-га добраахвотна пайшла на фронт сувязісткай, прайшоўшы ўсю вайну ад Старабельска да Прагі і паўдзельнічаўшы ў штурме Берліна.
Упершыню тэма бітвы за Маскву атрымала такое шырокае асвятленне ў рамках узаемадзеяння Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага музея абароны Масквы і маскоўскага Музея Перамогі. Гэтая бітва — адна з найбуйнейшых у гісторыі сусветных войнаў як па колькасці ўдзельнікаў, так і па колькасці ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Бітва за Маскву была сапраўдным пралогам Перамогі, бо крушэнне планаў акупантаў па захопе сталіцы Савецкага Саюза прадвызначыла далейшы ход вайны.
Экспазіцыя паказвае трагедыю і подзвіг абаронцаў Масквы і ролю той бітвы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праз прызму чалавечых лёсаў. На выставе прадстаўлена каля двухсот пяцідзесяці прадметаў з калекцый фатаграфій, дакументаў, лістоў, плакатаў, узнагарод, асабістых рэчаў, зброі і прадметаў выяўленчага мастацтва з фондаў Дзяржаўнага музея абароны Масквы, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і маскоўскага Музея Перамогі. Дзяржаўны музей абароны Масквы прадстаўляе ўнікальныя сведчанні бессмяротнага подзвігу абаронцаў савецкай сталіцы — здымкі ваенных фотакарэспандэнтаў Аляксандра Усцінава, Уладзіміра Мінкевіча, Міхаіла Савіна, плакаты і дакументальныя матэрыялы.
Таксама на выставе дэманструецца фільм “Разгром немцаў пад Масквой”, зняты ў 1942 годзе кінагрупай Заходняга фронту, у складзе якой быў у тым ліку ўраджэнец Мінска, кінааператар, будучы лаўрэат Сталінскай прэміі Іосіф Вейняровіч. Змешчаныя ў экспазіцыі і ўзоры савецкай стралковай зброі, якая выкарыстоўвалася падчас абароны Масквы, у тым ліку і буйнакаліберны кулямёт Дзегцярова — Шпагіна, які ўжываўся ў якасці зенітнага. Мастацкі акцэнт экспазіцыі дадаюць карціна “Беларускі вакзал” Сяргея Раманава, які таксама ўдзельнічаў у абароне Масквы, а пазней змагаўся ў шэрагах беларускіх партызан, і роспіс “Абарона Масквы”, выкананы народным мастаком Беларусі Георгіем Паплаўскім.
Біяграфіі герояў
Сапраўдныя прадметы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны арганічна ўпісаны ў апавяданне аб абароне і контрнаступленні пад Масквой. Гэта матэрыялы, якія расказваюць пра лёсы байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, ураджэнцаў Беларусі і Расіі, чые лёсы звязала вайна. Сярод герояў, чые біяграфіі раскрытыя на выставе, — Пётр Бухтаяраў, які сямнаццацігадовым студэнтам разам з бацькам уступіў у Народнае апалчэнне Масквы, а пазней прайшоў усю вайну і ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі. У Народным апалчэнні таксама пачынаўся баявы шлях заслужанага мастака БССР Мікалая Абрыньбы, які пасля патрапіў у палон пад Вязьмай, але здолеў уцячы і далучыўся да беларускіх партызанаў брыгады Дубава, якая дзейнічала ў Віцебскай вобласці. Генерал-лейтэнант артылерыі Іван Камера, які паходзіў з Беларусі, падчас бітвы пад Масквой камандаваў артылерыяй Заходняга фронту.
Медалём “За абарону Масквы” быў узнагароджаны і камандзір батальёна Асобнай мотастралковай брыгады асаблівага прызначэння Народнага камісарыята ўнутраных спраў, Герой Савецкага Саюза Аляксандр Рабцэвіч, які паходзіў з Бабруйшчыны. Ураджэнцам Віцебшчыны быў славуты генерал-маёр кавалерыі Леў Даватар, які загінуў падчас абароны Масквы ў снежні 1941 года. Акрамя шматлікіх асабістых рэчаў і дакументаў удзельнікаў бітвы, цэнтральную частку экспазіцыі складаюць фотадакументальныя матэрыялы Музея Перамогі, якія расказваюць аб падрыхтоўцы і правядзенні ўнікальнага парада 7 лістапада 1941 г. на Краснай плошчы ў Маскве, з якога вайсковыя часткі, што ў ім удзельнічалі, адпраўляліся проста на фронт. Выстава будзе даступная для агляду да 30 студзеня 2022 года.
Карані агульнай памяці
У рамках адкрыцця часовай экспазіцыі таксама адбыўся круглы стол з удзелам даследчыкаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з Расіі і Беларусі. З прывітальнымі словамі выступілі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў і першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, а таксама ў анлайн-рэжыме было прадэманстравана відэапрывітанне памочніка прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Мядзінскага.
Сустаршыня Расійскага гістарычнага таварыства, навуковы кіраўнік Інстытута ўсеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Чубар’ян у сваім дакладзе, прысвечаным ролі бітвы за Маскву ў гісторыі вайны, не толькі пераканаўча паказаў яе вырашальнае значэнне і ўплыў на ход падзей, але і падзяліўся ўласнымі ўспамінамі з тых лёсавызначальных дзён — дзесяцігадовым дзіцём ён трапіў з Масквы ў эвакуацыю ў Чалябінск разам з маці, якая працавала на трактарным заводзе, які падчас вайны быў перапрафіліраваны на выпуск танкаў. Яшчэ двое сваякоў дакладчыка былі байцамі Народнага апалчэння Масквы, ім пашанцавала выжыць на вайне.
Акадэмік падкрэсліў, што менавіта пасля бітвы за Маскву пачалося фарміраванне антыгітлераўскай кааліцыі, якая істотна дапамагла наблізіць перамогу над нацызмам. Бітва за Маскву была першым стратэгічным поспехам савецкага вайсковага камандавання пасля шэрагу пэўных пралікаў, памылак і недахопаў, дапушчаных у першыя месяцы пасля нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз. Менавіта гэтая аперацыя паказала, што савецкія войскі здольныя не толькі змагацца супраць акупантаў, але і перамагаць іх.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы і культуры Ігар Марзалюк падкрэсліў важнасць савецкіх абарончых аперацый і поспехаў, дасягнутых у іх цягам другой паловы 1941 года, якія заклалі падмурак для наступных перамог і зрабіліся залогам поспеху ў бітве за Маскву. Таксама гісторык звярнуў увагу на ўнёсак, які зрабілі на карысць абароны Масквы беларускія падпольшчыкі-чыгуначнікі Мінска, Воршы і Асіповічаў, якія актыўна дэзарганізоўвалі транспартную сістэму акупантаў, ладзячы дыверсіі ды сабатаж на чыгунцы і выводзячы са строю паравозы ды воданапорную сетку, што дазволіла сарваць планы гітлераўцаў па дастаўцы зброі, боепрыпасаў і войск на фронт.
Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза дадаў, што ў бітве за Маскву ўдзельнічалі каля трох дзясяткаў генералаў-беларусаў, а намеснік дырэктара Дэпартамента навукі і адукацыі Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Канстанцін Пахалюк звярнуў увагу, што менавіта перамога Савецкага Саюза ў бітве за Маскву вымусіла нацыстаў адмовіцца ад планаў стварэння ў Магілёве велізарнага лагера смерці, аналагічнага па маштабах сумнавядомым лагерам у Сабіборы і Трэблінцы. Удзельнікі круглага стала пагадзіліся ў меркаванні, што ўнёсак ураджэнцаў Беларусі ў справу агульнай перамогі сапраўды цяжка пераацаніць.