Пытанняў сапраўды было шмат, прычым самых разнастайных. Перш-наперш прысутныя пацікавіліся, ці не будзе перашкодай да атрымання Прэзідэнцкай стыпендыі адзнака за пэўны акадэмічны прадмет ніжэй за шасцёрку, бо бываюць здольныя ў творчасці навучэнцы, каму іншыя дысцыпліны даюцца цяжэй. Работнікі міністэрства адказалі, што існуюць пэўныя нормы, але падыход да заахвочвання студэнтаў падчас вучобы пры пэўных абставінах можа быць індывідуальным. Падалося важным пытанне аб выкарыстанні класічнай музыкі ў патрыятычным выхаванні. На дзяржаўнае свята Дня Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі прапанавалі выкарыстоўваць творы Шастаковіча, які жыў у той цяжкі час і разумеў усю сутнасць народнай барацьбы падчас вайны.
Дзяўчына-музыка, якая займаецца таксама валейболам і лёгкай атлетыкай, спытала, ці магчыма праводзіць спартакіяды сярод студэнтаў галіны мастацтва. Валерый Грамада адказаў, што гэта пытанне абавязкова будзе ўдакладняцца з міністрам Анатоліем Маркевічам, які, дарэчы, таксама любіць спорт і актыўна ўдзельнічае ў спаборніцтвах сярод работнікаў культуры.
Студэнт, які хоча звязаць жыццё з дызайнам адзення, запытаў, як супрацоўнікі міністэрства ставяцца да гэтага віду творчасці. Марына Юркевіч сказала, што аддае перавагу беларускаму адзенню і абутку, канкурэнтаздольнаму з замежнымі брэндамі, і заахвоціла юнака займацца любімай справай. Марыну Браніславаўну таксама спыталі, як яна знаходзіць агульную мову з творчымі людзьмі і падбірае да кожнага чалавека свой падыход. Прадстаўнік Міністэрства культуры адказала, што, па-першае, навучылася шмат чаму пры атрыманні вышэйшай адукацыі, а па-другое, гэта прыходзіць з вопытам. Марына Браніславаўна падкрэсліла, што, каб якасна камунікаваць, трэба быць гатовым пастаянна развівацца.
Прысутная оперная спявачка і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Анастасія Масквіна выказала спадзяванне, што конкурсы сярод таленавітай моладзі не будуць спыняцца.
У ходзе сустрэчы навучэнцы гімназіі-каледжа выконвалі музычныя творы. У завяршэнні прысутную моладзь узнагародзілі падзячнымі граматамі і падарункам ад Міністэрства культуры — бесправаднымі навушнікамі. Пасля ўсіх прысутных запрасілі на экскурсію ў Палац Незалежнасці. На заканчэнне сустрэчы Валерый Грамада пажадаў моладзі не спыняцца ва ўдасканаленні свайго майстэрства, каб служыць роднай зямлі і беларускаму народу.