Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей заснаваны ў 1968 г. як школьны ў вёсцы Дукора, а ў 1974 годзе стаў дзяржаўным. Арганізатарам і першым дырэктарам быў Аляксандр Прановіч.
З 1993 года музей размяшчаецца ў аграгарадку Блонь у сядзібным доме асветніка і рэвалюцыянера Анатоля Бонч-Асмалоўскага. Гэты нашчадак старажытнага дваранскага роду быў ахвярадаўцам мінскай друкарні “Чорны перадзел”, актыўным членам партыі эсэраў, прамоўцам на Першым Усебеларускім з’ездзе. Менавіта ў будынку драўлянага аднапавярховага маёнтка створаны экспазіцыі першага філіяла музея: “Жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх”; “Народны побыт краю”; “Паселішчы Пухавіччыны”; “У гады ліхалецця. Вайна”; “Знакамітыя людзі краю”; “Літаратурная Пухавіччына”; “Мемарыяльны пакой Глеба Бонч-Асмалоўскага (археолага, сына Анатоля Восіпавіча)”.
Тут знаходзяцца археалагічная калекцыя з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў розных падзей гісторыі Пухавіччыны, прылады працы і хатняга ўжытку, інтэр’ер сялянскай хаты, вырабы саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі і нацыянальныя строі.
У 2012 г. шматлікія нашчадкі роду Бонч-Асмалоўскіх наведалі Блонь, каб пазнаёміцца з гісторыяй свайго роду. 30 чалавек прыехалі з самых розных краін: Расіі, Злучаных Штатаў, Канады, Германіі. Ініцыятарам такой сустрэчы ў гонар 500-годдзя роду стала ўнучка Глеба Бонч-Асмалоўскага Марына Андрэеўна, член Саюза пісьменнікаў Расіі. Яна ж склала генеалагічнае дрэва ўсёй сям’і, якое ёсць у музеі.
Шматлікія карціны беларускіх творцаў і работы скульптараў экспануюцца ў другім філіяле Пухавіцкага музея, мастацкай галерэі ў райцэнтры — Мар’інай Горцы. Тут заснаваны залы “Якуб Колас і Пухавіччына”, дзе можна ўбачыць асабістыя рэчы песняра, даваенныя выданні. Таксама тут зала ўраджэнца Пухавіччыны, заслужанага дзеяча культуры БССР, паэта, перакладчыка, журналіста Алеся Бачылы. На завяршэнне ў філіяле можна прайсціся па зале прыроды роднага краю. Адметна, што на фота ў экспазіцыі пра Якуба Коласа людзі пазнаюць сваіх родных! Аднойчы гэты філіял музея наведала ўнучка Клемуса Жука, мясцовага жыхара, блізкага сябра класіка, і пазнала дзядулю на выяве.
Аддзел музея “Героі і подзвігі” змяшчаецца ў гарадской школе №3, дзе шырока прадстаўлены матэрыялы аб Героях Савецкага Саюза — ураджэнцах Пухавіччыны і людзей, звязаных лёсам з гэтым краем.
У базавай школе аграгарадка Блужа працуе музей Героя Савецкага Саюза Мікалая Чэпіка. Матэрыялы, сабраныя тут, апавядаюць пра кароткае жыццё героя і іншых воінаў-інтэрнацыяналістаў. У школе, дзе вучыўся Герой, створаны роспіс мастаком Сяргеем Крыштаповічам агульнай плошчай 250 кв. метраў.
Пра партызанскае мінулае раёна можна даведацца ў вёсцы Гарэлец. Экспануюцца ў мясцовым аддзеле музея матэрыялы пра барацьбу рудзенскіх падпольных райкамаў партыі і камсамола, партызанскіх брыгад “Беларусь”, “Буравеснік”, 2-й і 3-й Мінскіх, асобных атрадаў “Мсцівец” і імя Сталіна.
Агульная плошча музея і яго аддзелаў складае 1092 квадратных метраў. У 2021 г. у музеі было адкрыта больш за 30 выстаў, прайшло больш за 40 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў.