На нашым Трыенале прадстаўлены асобныя работы, цэласныя праекты ў розных жанрах і тэхніках. У наяўнасці мастацтва выяўленчае і тое, якое назваць выяўленчым можна толькі ўмоўна, таксама дэкаратыўна-прыкладное, фота, інсталяцыі, арт-дызайн, відэа-арт, перформансы і іншыя мастацкія практыкі. Браць удзел у Трыенале мелі магчымасць усе, каму было што сказаць грамадзе, чым зацікавіць гледача, чым уразіць адмыслоўцаў, якія рабілі адбор твораў для экспазіцый. Такім чынам у адной кампаніі апынуліся дыпламаваныя мастакі, студэнты і таленавітыя дылетанты. Агульная колькасць — каля 200 аўтараў з усёй Беларусі.
Саюз мастакоў не першы раз ладзіць буйнамаштабную імпрэзу ў фармаце арт-фестывалю, калі пад тэматычны альбо канцэптульны праект адначасова задзейнічалі лепшыя экспазіцыйныя пляцоўкі сталіцы. Як паказала практыка, гэта зручна і мастакам, і аматарам мастацтва. А галоўнае — гэта магчымасць прадставіць для асэнсавання шырокую панараму той ці іншай з’явы ў нашым мастацтве з акцэнтам на вызначальныя чыннікі. Так яно атрымалася і гэтым разам.
Як звычайна, цэнтральная экспазіцыя ладзіцца ў Палацы мастацтва. Тут можна пабачыць праект гродзенскага мастака Аляксандра Балдакова “Luminarium”, дзе аб’яднаныя арт-аб’екты, графічныя кампазіцыі, прасторавыя скульптуры. Віцебская мастачка Валянціна Ляховіч скампанавала ў праекце “Залежнасць” жывапіс і аб’екты ў стылістыцы “трэш-арт”. Да рэалізацыі яе праекта спрычыніўся Віцебскі цэнтр сучасных мастацтваў.
Акрамя Палаца мастацтва, выставы разгорнутыя ў Нацыянальнай бібліятэцы (рэтраспектыва жывапісу з калекцыі Саюза мастакоў і новыя творы, спецыяльна адабраныя для Трыенале), Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (скульптура і графіка ў праекце “Designatum”), Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва (узор класікі нашага авангарду — “Аляксандр Салаўёў. Як ёсць…”), Арт-гасцёўні “Высокае месца” (эксперыментальны тэкстыль “Тex-experience”). Штосьці з прадстаўленага ў экспазіцыях можна было пабачыць раней, на іншых выставах сучаснага мастацтва, але новы кантэкст высвятляе і ў звыклым новыя грані..
Ставіць знак роўнасці паміж канцэптуальнасцю і канцэптуалізмам не варта. Гэта розныя рэчы. Першае — гэта здольнасць асобы мець сур’ёзнае, целаснае, гарманічнае, сістэмнае бачанне з’яў і падзей. А ў дачыненні да творчасці канцэптуальнасць прадугледжвае трансляцыю гэтага бачання на грамаду праз мастацкія вобразы. А што такое канцэптуалізм, згадвалася на пачатку нататкі. Недзе на мяжы 80—90-х канцэптуалізм быў у нас на слыху, а некаторыя беларускія творцы спрабавалі нават, гледзячы на маскоўскіх калег (там з канца 70-х фармавалася ўласная школа канцэптуальнага мастацтва), у гэтым напрамку шчыраваць. Нейкага заўважнага следу ў гісторыі нашай культуры і змен у ментальнасці нашай грамады тыя высілкі не пакінулі. Тут справа ў тым, што не кожную замежную страву можна якасна згатаваць на нашай кухні, а тым больш зацікавіць ёй нашых спажыўцоў. У спрошчаным відзе канцэптуальнае мастацтва ў нас выглядала так, нібыта мастак замест таго, каб намаляваць нешта выразнае і пераканаўчае, выстаўляе ў раме нейкі тэкст з тлумачэннем сваіх поглядаў на рэчаіснасць. Інакш кажучы, карыстаецца не ўласцівымі выяўленчаму мастацтву кодамі. Гэта, падкрэслю, вельмі спрошчаны погляд, але прыблізна так яно тады ўспрымалася грамадою.
Што з сябе сёння ўяўляе беларускі канцэптуалізм, хай кожны вырашае сам, і фэст, пра які ідзе гаворка, яму ў гэтым дапаможа. А вось адносна канцэптуальнасці я скажу, што яе ў нашым мастацтве сёння бракуе. Канцэптуальнасць творчасці вынікае з жыццёвай і грамадскай пазіцыі мастака. А пазіцыя тая мае грунтам інтэлект, сумленне, а часам і мужнасць. Гэта калі адмысловец, а тым больш творца, дакладна ведае межы сваёй маральнай прасторы. Адну мяжу ён не пяройдзе, хоць ты яго азалаці, а за другую не адступіць, хоць ты з ім што рабі. З нечым падобным, хіба не ў такой экстрэмальнай форме, даводзіцца сутыкацца ці не штодня і так званым простым людзям, і тым, хто пазіцыянуе сябе выбраннікамі, элітай.
Зрэшты, можна не замарочвацца канцэптуальнасцю. Можна жыць паводле сваіх рэфлексій. І такое жыццё, такая творчасць у пэўным сэнсе могуць быць паўнавартаснымі. Усё залежыць ад кантэксту.
Фота Надзеі КУДРЭЙКІ