Функцыя і эстэтыка
Субардынацыя ў нашых адносінах з Вальменам Мікалаевічам трохі парадаксальная. З аднаго боку, я — ягоны маладзейшы калега. У той час, калі я яшчэ быў студэнтам, ён ужо паспеў стварыць буйны і паспяховы інстытут. Але з іншага — потым здарылася так, што гэты мэтр працаваў на той кафедры БНТУ, якую я пару дзесяцігоддзяў узначальваў. Зразумела, “камандаваць” ім мне не давялося — дый проста ніколі не ўзнікала патрэбы. Ён выкшталцона ведаў сваю справу, разумеў, што робіцца навокал, жыва ўсім цікавіўся… Проста ідэальны выкладчык!
І што самае важнае — проста неверагодны чалавек. Ён уражваў сваёй інтэлігентнасцю і добразычлівасцю, заўсёды меў час і ўвагу, каб цябе выслухаць, дапамагчы, даць добрую параду… Мы хутка пасябравалі, нягледзячы на вялікую розніцу ў гадах.
На зломе эпох
Памятаю, Вальмен Мікалаевіч дужа шкадаваў, што недзе згубіў адзін невялічкі аркуш паперы. Там, здавалася б, нічога надзвычайнага — нейкая крэмзаніна. Але сама гісторыя… Крэслячы гэтыя лініі, ужо тады легендарны бацька савецкага неакласіцызму Іван Жалтоўскі (дарэчы, наш — з Пінска) тлумачыў яму, маладзенькаму студэнту, што такое эркер. Той аркушык сёння быў бы музейным рарытэтам!
Аладаў атрымаў дыплом у 1953 годзе ў Маскве. Тут няма нічога дзіўнага, бо ў Мінску першы набор на архітэктурную спецыяльнасць быў толькі ў 52-м. Жалтоўскі пастаянна ў яго не выкладаў, але сам факт зносінаў з лідарам архітэктурнага працэсу ўсяго СССР, вядома, сыграў сваю ролю ў станаўленні маладзёна.
Вярнуўшыся ў Мінск, ён літаральна рваўся ў бой — аднаўляць зруйнаваны ў вайну родны горад. Але раптам наступіў злом эпох: пачалася “барацьба з празмернасцямі”. Пакрыўджаныя мэтры-класіцысты кідалі недаробленыя праекты, і даводзіць іх да ладу давялося ўжо маладняку — у тым ліку і ўчарашняму студэнту Аладаву. Прыгледзьцеся да тых дамоў на праспекце, якія за цыркам у бок Кастрычніцкай. Унізе — руст, квадры, абрамленне, карнізы… Але з кожным паверхам вышэй — усё прасцей і прасцей. Вось яна — бачная воку эвалюцыя стылю! Ды і дом з “Акіянам” такі самы.
У той час адбылася не толькі змена напрамку, але і змена пакаленняў. Трэба было адчуць новыя павевы, знайсці месца архітэктара ў новым свеце. Старое пакаленне проста не хацела гэтым займацца, у іх былі ўжо ўсталяваныя погляды на жыццё. А моладзі — куды падзецца? Хоцькі-няхоцькі, але давялося прыстасоўвацца! Яны шукалі шляхі спрашчэння, але пры гэтым дбалі пра тое, каб унёсак папярэднікаў захаваўся. Гэта было сур’ёзнае выпрабаванне.
І ўнутраная загартоўка таксама. Час быў такі, калі ніхто не пытаў, што табе падабаецца. Ёсць задача — і трэба яе выконваць. Калі мэтр, дык можаш ужо павышаць голас, а калі малады, трэба сцвердзіцца, сябе праявіць. І ў Аладава гэта атрымалася.
Філасофія бульбасховішча
Іншая справа — як выконваць!
У Аладава ёсць адна ўзнагарода, пра якую мала хто ўзгадвае. Прэмія Савета Міністраў СССР, атрыманая за… бульбасховішча. Канешне, ад такога несамавітага аб’екта ён (на той час ужо архітэктар з імем) мог бы адмовіцца: гэта ж рэч чыста ўтылітарная. Але Аладаў узяўся. І ў выніку такія сховішчы сталі рабіць па ўсім СССР.
Або ягоны опус magnum — распрацаваная з навуковай дбайнасцю лінія “Эфект”. Ён казаў, што па ўсім СССР яе выкарыстоўвалі каля трох тысяч сталовак, хаця дакладны лік вам не назаве ніхто. А справа тут у чым: уяўляеце завод, дзе ў змену працуе 10 тысяч чалавек? Абед у іх наступае ў адзін час, і ўсім хочацца есці. Як хутка накарміць такую армію? Вось Аладаў і прыдумаў адмысловую схему, дзе былі ўзятыя пад увагу ўсе дробязі. Улічыў ён нават калорыі і склад страў! Ён наогул меў звычку паглыбляцца літаральна ва ўсе нюансы, нават непасрэдна яго не датычныя.
Я задаваўся пытаннем: што ж рухала майстрам у гэтых праектах? І ўрэшце зразумеў: ствараючы тое ж бульбасховішча, Аладаў думаў не пра караняплод у скрынях, а пра краіну, пра людзей, якія тую бульбу будуць есці. Ён разумеў, што для калектыву, які павінен працаваць паспяхова, абедзенны адпачынак і сам пасілак — гэта важны момант.
Ён заўсёды ставіў перад сабою высокія мэты — нават вырашаючы цалкам утылітарныя задачы.
І менавіта такі падыход Аладаў культываваў у створаным ім інстытуце з абрэвіятурай “Белгипроторг”. Калектыў ён сабраў вельмі добры: малады, імпэтны... Памятаю, з нашага выпуску многія туды хацелі патрапіць. А ўзнік гэты інстытут праз разуменне, што праектаванне аб’ектаў гандлю і харчавання патрабуе адмысловага падыходу.
Адзін з вынікаў працы — першы ў Мінску ўніверсам “Фрунзенскі”. Вы нават не ўяўляеце, якая на той час гэта была рэвалюцыя! І наколькі яна адпавядала патрэбам простага чалавека, наколькі ўплывала на яго лад жыцця!
Бо раней было як: стомлены пасля працоўнага дня, ты заходзіш у краму. Спярша ідзеш у мясны аддзел, просіш узважыць і загарнуць кавалак кілбасы, потым валачэшся ў малочны — па сыр, потым яшчэ кудысьці, урэшце адстойваеш чаргу ў касу ды ідзеш свае пакупкі забіраць... Шмат лішніх рухаў. А тут усё арганізавана так, што твой час на наведванне крамы скарачаецца ў разы — і значыць, ты можаш патраціць гэты час на нейкую цікавую кнігу!
…Вальмен Мікалаевіч дужа засмучаўся, што той “Фрунзенскі” нядаўна да непазнавальнасці перарабілі. Калі ён мне пра гэта сказаў, я пад’ехаў туды, каб зрабіць пару фота — на памяць пра нашу гісторыю. І падумаў тады, што першы ўніверсам у Мінску мог бы стаць таварам сам па сабе — ледзьве не турыстычнай адметнасцю.
Цяпер там красуе новенькі супермаркет. Але мне той будынак падаўся нейкім… бяздушным. Лічу, ён не адлюстроўвае нават наш час, не кажучы ўжо пра іншыя катэгорыі. Ды ніхто пра гэта, пэўна, і не дбаў: ну, збудуем, ну, потым знясём…
Няспынная цікавасць да жыцця
Універсамы хутка сталі множыцца па ўсім СССР — скажам, Вальмен Аладаў спрычыніўся да яго стварэння ў Белгарадзе. Здавалася б, ён мог да скону ляпіць аднолькавыя аб’екты, як бліны, ды атрымліваць за іх прэміі. Але як тады захаваць цікавасць да жыцця? А для яго гэта было самым важным.
Вось таму ён не раз ішоў на рызыку. Калі ўзнікла патрэба спраектаваць павільён БССР для міжнароднага кірмашу ў Плоўдзіве, усе архітэктары ад такой замовы адпіхваліся. Па-першае, тэрміны сціслыя, па-другое,начальства будзе прэсінгаваць, па-трэцяе, незразумела, што наогул трэба рабіць. Але Аладаў кажа: “А мы зробім”. І ўсё атрымалася. Эксперымент, выклік — гэтага ён не баяўся.
Падобная сітуацыя была і са спартыўным комплексам у Раўбічах. Ад яго таксама ўсе адмаўляліся: нашто брацца за аб’ект, за які ты можаш атрымаць па шыі?
Зразумейце, гэта цяпер можна лёгка знайсці ў інтэрнэце фота падобных біятлонных трас з усяго свету. Тады, паўстагоддзя таму, ніхто нават не ўяўляў, як яны павінны выглядаць, — аналагаў проста не было!
Але Аладаў узяўся за гэтую справу, і ўзначалены ім калектыў яе зрабіў настолькі цікава, што нават сёння ты ўражваешся: дык гэта ж вельмі сучасная архітэктура! Хаця столькі часу прайшло! Не так і шмат нашых твораў маюць гэтую ўласцівасць не састарвацца.
Да ўсяго Аладаў адстаяў і касцёл у Раўбічах, які тады стаяў у руінах і яго збіраліся зносіць. Падтрымала яго і маці, Алена Васільеўна — знакамітая дырэктарка Мастацкага музея. Атрымаўся вельмі цікавы сімбіёз: помнік спадчыны арганічна ўпісаўся у сучасны спартыўны аб’ект, а наведвальнікі спаборніцтваў сёння могуць пазнаёміцца і з традыцыйнай беларускай культурай.
І гэтая цяга да навізны не пакідала яго ніколі. Калі здарыўся новы злом эпох, Аладаў праектуе царкву ў Дастоева. Вы не ўяўляеце, які гэта на той час прафесійны выклік! Калі трэба зрабіць той жа ўніверсам, ты бярэш з шафы тэчку з будаўнічымі нормамі і правіламі ды іх выкарыстоўваеш у працы. А для царквы ж такіх нормаў не знойдзеш! Той жа купал — не такая і простая насамрэч справа ў тэхнічным плане. Таму па-новаму даводзілася нешта вынаходзіць, падымаць старую літаратуру…
Альбо яшчэ больш свежы прыклад. Прыйшоў аднойчы па справе ў адно міністэрства. І яго супрацоўнік мне кажа: “Вось, ад Аладава па электронцы ліст атрымаў. Цікава, колькі ж яму гадоў?” Я кажу: “87, здаецца”. — “І ён у такім веку ўмее карыстацца камп’ютарам? Ды не можа быць!” Прапанаваў праверыць. Яны стэлефаноўваюцца. Службоўца ветліва пытае: “Ці не маглі б вы ўключыць камп’ютар, каб атрымаць мой мэйл з заўвагамі і ўнесці пару карэкціровак?” Заслужаны архітэктар адказвае: “Я ўжо перад маніторам, зараз унясу і дашлю вам праз хвілінку”. У таго ажно сківіца адвісла…
Аднойчы здарыўся такі смешны момант. Аладаў выступіў супраць нарматываў у праектаванні грамадскіх будынкаў. І тут яму кажуць: “Вальмен Мікалаевіч, вы ж самі тыя нарматывы і стваралі — сярод іншых”. Ён пасміхаецца: “Дык гэта ж было пятнаццаць гадоў таму! А за такі час свет паспеў ужо сто разоў перакуліцца”.
Сапраўды, у свой час мы пісалі для праекціроўшчыкаў нарматывы: якой павінна быць школа, якім дзіцячы садок... Тады ў прафесію прыйшло шмат людзей недасведчаных, і яны прымалі не надта ўдалыя самастойныя рашэнні. Але ў выніку нарматывы разрасліся ў цэлы талмуд, ды і сітуацыя змянілася. Калісьці абмежаванні былі патрэбныя, каб дысцыплінаваць архітэктараў, а потым, наадварот, сталі іх стрымліваць. Аладаў гэтыя нюансы цудоўна разумеў.
Часта сустракаў яго ў горадзе ў пінжаку і з матыльком. Значыць, ён рушыць на нейкую культурную імпрэзу, заўсёднікам якіх з’яўляўся. Апранаў той матылёк Вальмен Мікалаевіч і на пасяджэнні кафедры — каб прыўнесці ў рабочую атмасферу трохі ўрачыстасці. І гэтая эстэтыка ўзаемаадносінаў была заразлівай. Гледзячы на яго, я і сам стаў іначай ставіцца да свайго гардэробу.
* * *
…І самае галоўнае — ён заўсёды настойваў, што архітэктура — гэта найперш мастацтва. Так, сваёй функцыі яна павінна адпавядаць: як жа іначай? Крама не зможа працаваць, калі ты дрэнна яе спраектуеш. І тым больш бульбасховішча. Але адной функцыі замала: павінна быць яшчэ і эстэтыка.
Добра было б, каб і ў наш прагматычны век архітэктары пра гэта заўсёды задумваліся.
Сяргей СЕРГАЧОЎ, доктар архітэктуры, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне"