“Ведала яго амаль уся Літва”
Перад тым як мы кінемся у вадакрут дат, імёнаў і падзей, варта трошкі распавесці пра Міхала Грушвіцкага і тое, як адбывалася рэстаўрацыя памяці аб ім. У 1904 годзе вядомы беларускі гісторык і пісьменнік Аляксандр Ельскі напісаў у некралогу Грушвіцкага: “Дзякуючы захапляльнай дэкламацыі, дапоўненай адухоўленай музыкай, сп. Міхал стаў улюбёнцам дамоў, таму ведала яго амаль уся Літва”. Магчыма, вам падасца дзіўным, але праз нейкіх 60 год іншы беларускі літаратуразнаўца, Адам Мальдзіс, у сваёй кнізе “Падарожжа ў XIX стагоддзе” ўсе веды пра кампазітара змясціў у адзін радок: “Пра Міхала Грушвіцкага — што жыў у Выганічах ля Ракава”. У наступнай кнізе, “Таямніцы старажытных сховішчаў”, спадар Мальдзіс распавёў трошкі больш: “Адна з іх прысвечана памяці зусім забытага кампазітара Міхала Грушвіцкага. Нарадзіўся ён 29 лістапада 1828 года ў Выганічах ля Ракава (насамрэч такая інфармацыя змешчана ў некралогу. — З.Ю.). Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. У музычных кампазіцыях Грушвіцкага “гучала свойская, чуллівая мелодыя”. Напісаў ён музыку да “Дзядоў” Міцкевіча, “Вясковага лірніка” Ул. Сыракомлі. Часта выступаў з аўтарскімі канцэртамі. Памёр у Ракаве 5 сакавіка 1904 года”. У 1976 годзе натхнёны гэтымі кнігамі Язэп Янушкевіч, будучы літаратуразнаўца і пісьменнік, а тады яшчэ вучань 10 класа, разам са сваім братам Феліксам Янушкевічам адшукаў магілу Грушвіцкага на ракаўскіх могілках і прысвяціў свайму земляку невялічкі артыкул у раённай газеце. Сапраўдны ж прарыў адбыўся ў 2011 годзе. У той год выйшла брашура “Ars longa... Patria longa...” Язэпа Янушкевіча, прысвечаная Грушвіцкаму, а таксама заснаваны адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі імя М. Грушвіцкага. Ён ад таго часу штогод праводзіцца ў Ракаве. А ў 2016 годзе ўсё, што ўдалося сабраць на той момант з музычных твораў Грушвіцкага, было надрукавана ў серыі нотных выданняў “Музыка старажытных сядзіб”, заснаванай “Беларускай капэлай” у 1995 годзе. Разам з нотамі быў надрукаваны першы грунтоўны жыццярыс Грушвіцкага, які падрыхтавала музыказнаўца Святлена Немагай. Пісала пра Міхала Грушвіцкага і культуролаг Ірына Шумская. Вось так, малымі крокамі, імя Міхала Грушвіцкага вярнулася на старонкі музычнай гісторыі Беларусі. Нельга абмінуць згадкай два тамы “Гербоўніка беларускай шляхты” (ГБШ), у якіх былі апублікаваны радаводы Грушвіцкіх і Вайдзевічаў, з якіх паходзіла маці кампазітара. Чамусьці гэта інфармацыя прайшла для даследчыкаў незаўважанай.
Карані роду
У радаводным дрэве Грушвіцкіх, прадстаўленым у іх дваранскай справе (захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі), усе продкі кампазітара, як салдаты, пашыхтаваныя ў стройны шэраг. Заснавальнікам роду Грушвіцкія лічылі Яна (магчыма, гэты прыхадзень з Валыні меў падвойнае імя: Ян Міхал ці Міхал Ян), які ў 1693 годзе атрымаў у валоданне Ваўковічы ў Брэсцкім ваяводстве. Сёння гэта вёсачка ў Камянецкім раёне, пры самай мяжы. Ад таго часу Русвіцкія (Ruswicki), а тады іх прозвішча амаль заўсёды пісалася так, сталі парафіянамі касцёла ў мястэчку Высокае. Па метрычных кнігах гэтага касцёла ўдалося прасачыць гісторыю роду, больш шырокую, чым тая, якая прадстаўлена ў ГБШ. 19 сакавіка 1702 года Міхал і Ганна Грушвіцкія ахрысцілі сына, якога назвалі Казімірам (прапрадзед кампазітара). У наступным, 1703 годзе ў іх нарадзіўся сын Станіслаў (яго хросным стаў Ян Сапега). А за ім — Францішак (1705) і Юзаф (1707). 5 лютага 1728 года Казімір ажаніўся з Ганнай Кругельскай. А 19 лютага 1730 года ў Высокім быў ахрышчаны іх сын Людвік, прадзед кампазітара. Русвіцкія падтрымлівалі вельмі добрыя стасункі з родам Матушэвічаў, з якіх паходзіў вядомы грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ Марцін Матушэвіч. Вядомы ён яшчэ і як аўтар перакладаў літаратурных твораў з лацінскай мовы і вельмі цікавых мемуараў, у якіх вельмі падрабязна апісаў жыццё Берасцейшчыны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Разам з Матушэвічамі Русвіцкія знаходзіліся ў палітычнай арбіце роду Сапегаў. Праз нейкі час род Русвіцкіх падзяліўся. Частка засталася на Берасцейшчыне, а Людвік адправіўся шукаць шчасця ў Навагрудскім і Мінскім ваяводствах. Ажаніўся ён з Зафеяй Яварынскай (або Яварскай), з якой меў двух сыноў — Юзафа і Міхала (дзеда кампазітара). Калі і з якой прычыны адбылася канчатковая перамена прозвішча Русвіцкі (Грусвіцкі) на Грушвіцкі, пакуль не зусім зразумела. Пра Міхала вядома не так ужо і шмат. У пачатку ХІХ стагоддзя ён быў суддзёй 2-га Дэпартамента Галоўнага Мінскага суда, жыў у Веркалах, ажаніўся з Юліяй Каменскай. У іх нарадзіліся сын Рудольф і дачка Міхаліна. Рудольф з’явіўся на свет 14 (26) чэрвеня 1807 года і ў той самы дзень быў ахрышчаны, атрымаўшы яшчэ дадатковае імя Людвік, у гонар дзеда, які стаў яго хросным бацькам. Рудольф, як і яго бацька, зрабіў неблагую судовую кар’еру і стаў старшынёй Мінскага павятовага межавага суда. Да пераезду пад Ракаў быў парафіянінам Уздзенскага касцёла. Таго самага, дзе за некалькі год да яго нараджэння хрысцілі старэйшых сястру і брата Ігната Дамейкі. Пазней тут былі ахрышчаны дзед і бацька Янкі Купалы. Дарэчы, у 2019 годзе закінуты касцёл займеў гаспадара. І самы час нам наведацца туды, каб даведацца, як ідзе яго аднаўленне.
У Выганічы да Вайдзевічаў
18 (30) мая 1827 года ва ўніяцкай царкве ў Выганічах адбыўся шлюб парафіянкі ракаўскага касцёла Феліцыяны Вайдзевіч і Рудольфа Грушвіцкага, яшчэ уздзенскага парафіяніна. Было ім тады па 19 год. З бацькамі Рудольфа мы ўжо знаёмыя. Час распавесці пра Вайдзевічаў герба “Яліта”, якім належалі Выганічы.
Бацька Феліцыяны — Фелікс Мацей Вайдзевіч — быў сябрам Міхала Грушвіцкага і суддзёй 2-га Дэпартамента Галоўнага Мінскага суда. А маці — Марыя з Рыльскіх, дачка Францішка Ксаверыя, былога лідскага лоўчага. Дзяды Феліцыяны, Францішак Вайдзевіч і яго жонка Ганна Пшаздзецкая, займалі даволі высокае сацыяльнае становішча сярод мінскай шляхты. Францішак у часы ВКЛ быў мінскім гарадскім суддзёй, а яго жонка, калі не памыліліся генеолагі, паходзіла з вядомага роду Пшаздзецкіх, графаў на Заслаўі. Згадаю, што адміністратарам часткі маёнткаў Аўгуста Дамініка Пшаздзецкага, які меў стасункі з Францішкам Вайдзевічам, у тыя часы быў дзед Ігната Дамейкі. Дарэчы, жонка гэтага Пшаздзецкага, Ганна з Радзівілаў, была вельмі неардынарнай асобай і мецэнаткай. Дадам, што іх сын, граф Дамінік, верагодна, быў узяты Адамам Міцкевічам у якасці прататыпа Графа ў паэме “Пан Тадэвуш”.
Вельмі цікавыя звесткі пра Вайдзевічаў, гаспадароў Выганавічаў, пакінуў у сваіх лістах Аляксандр Бястужаў (Марлінскі) (1797–1837), вядомы расійскі публіцыст, крытык, пісьменнік, адзін з пачынальнікаў расійскага рамантызму. Увосень 1821 года полк, у якім служыў Бястужаў, на “зімовыя кватэры” размясціўся на Міншчыне. Малады дзекабрыст абраў месцам жыхарства сядзібу Вайдзевічаў. Так ён пазнаёміўся з Феліксам і Марыяй Вайдзевічамі і іх дочкамі — Феліцыянай (будучая жонка кампазітара) і Цэцыліяй. Да апошняй Бястужаў меў вельмі моцныя пачуцці, аб чым пісаў сваім сябрам. Але, нягледзячы на прыхільнасць бацькоў дзяўчыны, да шлюбу не дайшло. У 1822 годзе служба закінула Бястужава далёка ад Выганічаў і паступова сувязь з Вайдзевічамі абарвалася. Цікава, што адным са станоўчых герояў аповесці “Наезды” (1831 г.) Бястужаў зрабіў нейкага Вайдзевіча, які не толькі спрытна абыходзіўся з шабляй, але і быў абазнаны ў судовай справе, што наводзіць на думку аб магчымым прататыпе гэтага героя.
Пра дачок Вайдзевічаў маюцца ў лістах Бястужава такія радкі: “Они не испортили бы ни одного петербургского дома: скромны, как англичанки, довольно читали, одарены природным умом, хорошо играют и танцуют, а что лучше всего — непохожи на полек кокетством и с добрым сердцем”.
Памяць аб кароткім побыце ў Выганічах вядомага расійскага дзеяча Аляксандра Бястужава зафіксавана не толькі ў яго лістах і творах. У Выганічах яму ўсталяваны невялічкі помнік. А вось аб тым, што тут жыў беларускі кампазітар Міхал Грушвіцкі, можна прачытаць толькі на невялічкім стэндзе, які прытуліся ля гэтага помніка. Ад сядзібы Вайдзевічаў-Грушвіцкіх засталіся толькі ледзь бачныя падмуркі, вакол якіх высяцца калгасныя пабудовы і пануе атмасфера закінутасці. Аб тым, што тут калісьці была шляхецкая сядзіба, нагадвае старая ліпа і драўляная гаспадарчая пабудова, відавочна не савецкіх часоў. Чаму б не усталяваць там, на месцы сядзібы, які-небудзь памятны валун ці інфармацыйны стэнд?
У наступнай частцы нас чакае знаёмства з сям’ёй Міхала Грушвіцкага, яго нашчадкамі і творчай спадчынай.
На здымках: Міхал Грушвіцкі, фота ХІХ ст., касцёл на фотаздымку 1936 г. (з архіва Ротаў) Высокае, герб Прагоня, падворак сядзібы ў Выганічах, лістапад 2021.