Калі гарыць храм, у першую чаргу ратуюць абразы. Калі аджывае вёска, ратаваць трэба словы. Яны, як вядома, не вераб’і, адпусціш — не зловіш. Калісьці рэкамендавалася зніжаць адзнаку вучню, які пры адказе выкарыстоўваў дыялектызмы. Якая лухта! Калі моўная сітуацыя далёкая ад ідэалу, дык нават трасянка, як падаецца, можа палепшыць сітуацыю. А дыялектызмы дык увогуле падаюцца дыяментамі чысцюткай расы на нашай лексічнай руні.
Так, слова трэба адшукваць і ратаваць. У мінулым стагоддзі гэтым займаліся многія, у тым ліку Ян Станкевіч ды Вацлаў Ластоўскі. Згадваю толькі іх, бо карыстаюся слоўнікамі гэтых асветнікаў. Цікавая справа! Як вы думаеце, што меў на ўвазе Ластоўскі калі апісваў “вісячы ганак з балясамі”. Ён апісваў гаўбец. Так называлі нашы продкі балкон.
Сёння ж ніякіх дыялектолагаў не хопіць, каб зафіксаваць лексіку маланаселеных вёсак. Так што да справы павінны далучацца работнікі культуры. Ведаю, менавіта такім лексічным краязнаўствам займаюцца бібліятэкары Дзяржынскага раёна. Калі канкрэтна казаць, дык варта назваць Нэлю Янкоўскую са Скірмантаўскай сельскай бібліятэкі. У мяне ёсць яе каляровая кніжка-каляндарык, упрыгожаная мясцовымі слоўкамі. Вось хутка падмарозіць, таму кожнаму перад выхадам на вуліцу не пашкодзіць ашушкацца —захутацца ў цёплае. Хто яшчэ адшуквае сакавітыя напаўзабытыя словы? Адгукніцеся!
Вось у сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка (Ашмянскі раён) мясцовыя школьнікі наведалі музейны краязнаўчы пакой, а ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі прайшоў інтэрактыўны ўрок “Прадметы сялянскага побыту”, які наведалі вучні Райцаўскай школы. Вельмі спадзяюся, што падчас названых мерапрыемстваў гаворка ішла і пра старадаўнюю беларускую лексіку, звязаную з нашым колішнім побытам.
Пяройдзем да іншых тэм. Супрацоўнікі Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў назвалі свой допіс “Аўтакрама з сюрпрызам”. Раней машына прывозіла ў аддаленыя паселішчы толькі прадукты харчавання, цяпер — яшчэ і канцэрт, за якасць якога адказвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання.
Свята Святога Юзэфа “Птушынае вяселле” ў аграгарадку Беняконі Воранаўскага раёна ўпершыню прайшло 19 сакавіка 2017 года. З Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паведамляюць, што яшчэ зіма не прыйшла, а ў аграгарадку ўжо рыхтуюцца да падзеі. Не дзіва, бо Святы Юзэф быў апекуном самога Хрыста. Адрадзілі свята работнікі мясцовага цэнтра культуры з дапамогай старажылаў мясцовага сельскага савета. Менавіта яны сцвярджаюць, што ў гэты дзень птушачкі жэняцца. Напісаў гэтыя радкі і падумаў: мо зімы ўвогуле не будзе, а мо ўжо вясна на носе. Ну ды няхай птушачкі трошкі пацерпяць — колькі той зімы.
Яшчэ пра абрады. І зноў з Воранаўскага раёна. “Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку — сей памаленьку”. Яніна Мікавоз з вёскі Пяткаўшчына ўсё ведае пра абрад “Багач”. Пасля ўсіх сельскагаспадарчых работ кожны вясковы двор абыходзілі з сявенькай, запоўненай зернем, у якім стаяла свечка. Гэта і быў Багач, які цягам года заставаўся на покуці ў самага прызнанага гаспадара і гарантаваў добры агульны ўраджай. Дык вось, Яніна Янаўна яшчэ дзяўчынай удзельнічала ў такіх абыходах. Цяпер абрад адноўлены ў сцэнічным варыянце… А вось абрад “Пярэпыты” ідзе перад абрадам “Заручыны”. У аднаўленні дапамагла Браніслава Гаркоўская. Кума-перапытчыца ўдакладняла ў бацькоў нявесты, ці згодныя тыя аддаць дзеўку замуж. Так што на Воранаўшчыне не толькі птушачкі жэняцца.
Піша бібліятэкар Манькавіцкай сельскай бібліятэкі з Пастаўскага раёна Алена Савончык: “30 кастрычніка ў нас панавала жудасна вясёлая атмасфера. Happy Halloven вяла вясёлая вядзьмарка Кацярына Перашч. Перад пачаткам мерапрыемства загадчыца бібліятэкі Алена Ворах размалявала дзіцячыя твары аквагрымам”. Мяркуючы па здымках, юным чытачам было сапраўды весела. Але асабіста я за тое, каб дзеці ведалі не пра “ліхтар Джэка”, а пра фантастычныя апавяданні Яна Баршчэўскага. Пра гэта страшнае можна таксама весела.
А вось допіс загадчыцы філіяла гарадской дзіцячай бібліятэкі Ваўкавыска Таццяны Халецкай: “Для вучняў 3 “Б” класа СШ № 4 наша бібліятэка арганізавала інтэлектуальную гульню “Мая зямля, мая Радзіма — Беларусь”. Яна складалася з 6 раўндаў: “Флора і фаўна”, Гісторыя”, “Беларусь гераічная”, “Літаратура”, Наша краіна на карце”, “Беларускі арнамент”. Сумаваць удзельнікам не было калі”.
І яшчэ адна інфармацыя з Ваўкавыска. Відаць, самае папулярнае на сёння слова — “вакцына”. 3 лістапада пра яе распавёў галоўны ўрач цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ваўкавыска Максім Жуковіч. Сустрэча з грамадскасцю адбылася ў раённым цэнтры культуры.
Нізка навін са Смаргонскага раёна. Аўтар — метадыст РЦК Вольга Крывянкова. “Днямі на сцэне раённага цэнтра культуры адбылася чарговая прэм’ера аматарскага тэатра “Смолт”. Гледачы пабачылі цыкл аднаактовых п’ес Валянціна Краснагорава пра каханне і яго адсутнасць. Лёгкія дыялогі, спісаныя з жыцця сюжэты трымалі прысутных у пастаянным напружанні”. У другім допісе Вольга Крывянкова паведамляе, што адкрыццё многакватэрнага дома для шматдзетных сем’яў суправаджалася тэатралізаванай дзеяй, падрыхтаванай салістамі народнай эстраднай студыі “Міраж” Смаргонскага раённага цэнтра культуры.
Некалькі гадоў сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці рэалізоўвае сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”. Мэта праекта — ушанаванне чалавека працы. Днямі 80-годдзе адзначыла палявод, жывёлавод і вышывальшчыца Алена Яраш з вёскі Накрышкі. Да Алены Аляксееўны завіталі работнікі культуры Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Марына Варган. Яшчэ адзін юбіляр — Ганна Болтач з вёскі Уланаўшчына. І зноў гучалі словы віншаванняў, спяваў баян і сонейка ўсміхалася жанчыне, якая пачала працаваць у калгасе з 16 гадоў.
Распавядае Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра: “Завяршыўся двухдзённы III Міжнародны фестываль-конкурс мастацтваў “Залатая мара”, што ладзіўся ў Магілёве. Гран-пры ўзнагароджаны: у жанры “Музычна-інструментальнае мастацтва” — вучань ДШМ № 1 Бабруйска Ігар Урбановіч, “Вакальнае мастацтва” — фальклорны ансамбль “Травень” Магілёўскага каледжа мастацтваў, “Харэаграфічнае мастацтва” — вучаніца ДШМ Рагачова Марыя Шашкова, “Тэатральнае мастацтва” — узорны тэатральны калектыў СШ № 1 Віцебска”.
Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Грэчка распавядае пра чэлендж “Мой любімы літаратурны герой”. Для ўдзелу ў конкурсе трэба было альбо пераапрануцца ў любімага героя, альбо выступіць у сацыяльнай сетцы з ягоным маналогам. 50 дзяцей і падлеткаў прапанавалі 40 публікацый. Дыплом першай ступені атрымала Ксенія Літвінка (аграгарадок Белауша), што ўпадабала вобраз казачнай сястрыцы Алёнушкі.
Беражыце сябе. Сустрэнемся праз тыдзень.
На здымках: Артысты са Смаргоні, абрад “Пярэпыты” на Воранаўшчыне, юныя краязнаўцы ў бібліятэцы Мураванай Ашмянкі, шанаванне і віншаванне Алены Яраш з Дзятлаўшчыны, падчас фестывалю “Залатая мара” ў Магілёве, удзельнікі інтэлектуальнай гульні з гарадской дзіцячай бібліятэкі Ваўкавыска, Ганна Болтач з Уланаўшчыны таксама адсвяткавала 80-годдзе, пераможца конкурсу “Мой любімы літаратурны герой” Ксюша Літвінка са Століншчыны.