Партытура Р. Шчадрына, насычаная меддзю з сурдзінамі і без і цудоўна выкананая аркестрам на чале з Мікалаем Калядкам, — папраўдзе царскі падарунак. Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз — выстава ў фае, падрыхтаваная да прэм’еры. Тут змешчаны афішы двух першых беларускіх “…Гарбункоў” на музыку Цэзара Пуні, тагачасныя фота, эскізы сцэнічных строяў Кацярыны Булгакавай да цяперашняга балета. Экспанаты моўчкі распавядаюць больш, чым мог бы расказаць які-небудзь мастацтвазнаўца.
Версія харэографа Льва Крамарэўскага і вядомага расійскага мастака Міхаіла Бобышава, што меў багаты еўрапейскі вопыт і шырокае прызнанне, — відавочна сатырычная. Як-ніяк 1936 год. Чаго вартыя вялікія штучныя насы, прылепленыя літаральна кожнаму мужчынскаму персанажу! Замест чалавечых твараў атрымліваюцца смешныя характарныя маскі.
Сцэна са спектакля "Канёк-Гарбунок"
Пастаноўка 1949 года, дзе балетмайстрам выступіў Канстанцін Мулер, а мастаком — Сяргей Нікалаеў (менавіта ён, дарэчы, афармляў большасць беларускіх нацыянальных опер і балетаў даваеннага і пасляваеннага часу), — зусім іншая, схільная да рэалізму, як яго на той час разумелі. Канёк-Гарбунок — у нязграбным плюшавым камбінезоне з грувасткай маскай-галавой, падобны да роставай лялькі. На яго “конскай” спіне — Іван, якога танцаваў сам харэограф (маўляў, асядлаў жарэбчыка): у лапцях замест звыклага балетнага абутку, у парыку з валасамі-паклямі, што робіць героя падобным да вясёлага дамавіка. А вось рыбкі з падводнага царства — на пуантах, у празрыстых адтапыраных ззаду “фраках”, якія нагадваюць тоўсценькія рыбіны хвасты.
Ну а сучасныя каляровыя эскізы дазваляюць прасачыць сам творчы працэс па стварэнні касцюмаў. На лістах пакінуты напісаныя алоўкам заўвагі, ёсць магчымасць параўнаць першасную задуму з канчатковым варыянтам, які мы бачым на сцэне.
Не проста цікавая, а яшчэ і інфармацыйна насычаная выстава кампенсуе выхаваўча-асветніцкі складнік, якога бракуе самому спектаклю. У новай пастаноўцы акцэнтуецца відовішча, імклівыя змены рэальнага і некалькіх казачных сусветаў. Сцэнаграфію Любові Сідзельнікавай са спасылкамі на рускі акадэмічны жывапіс, традыцыі беларускага авангарду, уласцівыя абодвум народам разьбярства па дрэве, мастацкую кафлю цягам усяго спектакля можна разглядаць асобна. Не менш фантазіі ў касцюмах, прыдуманых К. Булгакавай, дзе самымі яркімі атрымаліся абліччы казачных істот.
Акрамя сумесі элементаў класічнага і народнага танцаў з маленечкім дадаткам неакласікі, вялікае месца аддадзена пантаміме, побытавым рухам. На жаль, такая “тлумачальная” пластыка і ўласна харэаграфія не ўтвараюць непадзельнага сінтэзу, як гэта бывае ў сучасных балетах, а знаходзяцца на розных полюсах, як у харэадраме: пантаміма рухае дзеянне, танец жа робіць у ім прыпынак, накшталт: “Спыніся, імгненне”. Асабліва прайграе ад гэтага сцэна кірмашу. На паліцах — адметны “хэд мэйк”, а за прылаўкамі і каля іх — нікога. Бо ўсе танцуюць, стройнымі шэрагамі разгарнуўшыся ў глядзельную залу, як на звычайным канцэрце. А тут можна было столькі напрыдумваць! Гандляры маглі б рэкламаваць свае раптоўна “ажылыя” вырабы, пакупнікі — дзівіцца, неяк рэагаваць на прапановы. Каб кірмаш папраўдзе віраваў, а не выглядаў гэткім музеем без наведвальнікаў.
Сямён Дрэчын і Станіслаў Грахоўскі
Пантаміма забяспечвае такую зразумеласць зместу, што ні саму казку, ні балетнае лібрэта, надзвычай падрабязна выкладзенае ў праграмцы, можна папярэдне не чытаць. А вось на пытанне, пра што гэты спектакль, адказаць цяжкавата. Пра тое, што старым не след жаніцца? Што жывое жарабя лепей за цацачнае, на якім цар катаецца? Што добра мець вернага сябра, які ўсё зробіць за цябе?
Трэба прызнаць, Юрый Траян імкнецца пазбегнуць некаторых клішэ. У прыватнасці, аспрэчвае азначэнне “младший вовсе был дурак”. Паводле спектакля, менавіта Іван (вытанчана інтэлектуальны Канстанцін Геронік) прыдумляе, што рабіць, як снапы абараніць: прапаноўвае сцерагчы поле ад зладзеяў. Яго больш “інтэлігентны” выгляд, у параўнанні са сваякамі, падкрэслены пластыкай. Калі бацька (артыстычна выразны Канстанцін Кузняцоў) ахарактарызаваны пераважна пантамімай, а браты (Ігар Мацкевіч, Андрэй Саркісаў і, у залежнасці ад складу, іншыя) — народнай лексікай, дык Іван пры першым з’яўленні пачынае круціць фуэтэ. Класічныя па ён захоўвае і надалей. А змяняецца, пабываўшы ў катле з малаком: становіцца больш заліхвацкім, ганарлівым, нават крыху фанабэрыстым — праз раней не ўласцівыя яму народныя прыёмы.
Для Канька-Гарбунка знойдзены не толькі капытцы (сціснутыя кулачкі), але і прыгожыя класічныя скокі, і рухі конніцы Будзённага. У Мікіты Шубы казачны герой атрымліваецца завадным, але больш грузнаватым ці то вослікам, ці то ўкормленым хатнім катком. У Тара Курачы — вельмі грацыёзным, гарэзлівым дзікім конікам. Цар-дзяўчына ў народнай артысткі Беларусі Ірыны Яромкінай — упэўненая, какетлівая, гуллівая. Зусім іншая — у Вікторыі Трэнкінай, якая больш спецыялізавалася на характарных партыях, а нядаўна ледзь не ўпершыню атрымала лірычную (Сольвейг у “Пер Гюнце”). Яе гераіня на нашых вачах ператвараецца з Жар-Птушкі-шчабятушкі ў па-дзявочы мяккую, зусім не “каранаваную” асобу. Папраўдзе царская Марская Царэўна — у Вольгі Гайко. У поўнай адпаведнасці, чараўнічая Чароўная Кабыліца — у Элізабэт Ігнатчык.
На кожную партыю прызначаны па пяць-шэсць выканаўцаў, якія будуць чаргавацца. Балет дае магчымасць вылучыцца не толькі салістам, карыфеям, але і артыстам кардэбалету.
Найбольш спрэчным застаецца фінал. Цар знікае ў вялізным катле, баяры здымаюць шапкі, пахавальная працэсія рушыць за кулісы. А Іван з Цар-дзяўчынай, станцаваўшы вясельнае па-дэ-дэ, зручна ўладкоўваюцца на царскай пячы, куды спрытна ўскоквае і Канёк-Гарбунок. Узнікае мастацкая арка: пачыналася дзеянне “ад печы”, адкуль па чарзе злазілі бацька, браты і Іван, — і заканчваецца печкай. Толькі царска-Ямелінай, якая ездзіць-перасоўвацца ўмее. Найбольш кемлівыя дзеці разгубленыя: навошта дзядулю пакрыўдзілі? Лічыце, забілі старога — і печку яго “экспрапрыіравалі”.
Тым больш што Цар у выкананні Антона Краўчанкі паўстае гэткім мілым, смешным, даверліва наіўным, як дзіця. Справа не толькі ў акцёрскіх здольнасцях артыста. Гэты герой, у адрозненне ад закаханай парачкі, надзелены куды больш індывідуальнай, адразу пазнавальнай пластыкай. І конік у яго, як у кватэрах многіх маленькіх гледачоў, — драўляны. А таму, па законах мастацтва, дзіўнаваты дзядок адразу выклікае спачуванне, эмпатыю. Дык што, спектакль атрымліваецца пра непаразуменне пакаленняў? Гэткія напаўжартоўна казачныя варыяцыі на тэму “бацькоў і дзяцей”? Звярніце ўвагу: гасцей на вяселлі Івана — процьма. Няма толькі ягонага бацькі з братамі.
Скажаце, дробязі? Але ж найлепшае сусветнае сучаснае мастацтва для дзяцей скарыстоўвае казку як моцны сродак выхавання. Тэатр сёння — больш чым цікавае відовішча. І тэатр балета — асабліва. Бо пластыкай можна ўзбудзіць думак нават больш, чым літаратурай і музыкай.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ і з архіва тэатра