КОНКУРС ЯК ЛЮСТЭРКА
Творчае спаборніцтва, дзе і як яно ні адбывалася б, заўжды дае красамоўны зрэз развіцця абранага віда мастацтва. Да таго ж сама конкурсная сітуацыя заўсёды скіравана на пошук флагманаў у пэўнай галіне, на якіх будуць раўняцца астатнія. Ці ж выканала сёлетняя прэмія гэтую адказную місію? Пытанне не марнае. Бо калі абапірацца выключна на конкурсныя прагляды, дык складзенае з іх люстэрка нашага тэатральнага мастацтва атрымалася можа і не зусім крывое, але ж дакладна вельмі і вельмі маленечкае, у якім немагчыма агледзець усё цалкам: бачны хіба асобныя моманты. У чым справа? Патлумачу.
Пачнём з таго, што шорт-ліст вылучаных на прэмію спектакляў складаецца на аснове заявак, дасланых тэатрамі. Ён быў сфарміраваны год таму. Але з-за пандэміі конкурс перанеслі і пачалі збіраць заяўкі нанова. У выніку некаторыя тэатры (і найперш абласныя, дзе колькасць прэм’ер за сезон бывае вялікай), апынуліся перад няпростым выбарам: зноў вылучыць заяўленае раней (а некаторыя з тых самых выбітных спектакляў сталічная публіка паспела пабачыць) ці прапанаваць штосьці новае. Вядома, частка цікавостак знікла.
Сцэна са спектакля “Ганна Карэніна”.
Яшчэ адным бар’ерам стаў даволі традыцыйны адбор намінантаў спецыяльнымі камісіямі. Прызнацца, ён быў вельмі дзіўным, часам незразумелым. Але асабіста мяне вымусіў згадаць некаторыя акадэмічныя музычныя конкурсы выканаўцаў, што праходзяць у тры туры. Калі ўдзельнікаў вельмі многа і праслухоўванні першага туру ідуць цягам некалькіх дзён без анлайн-трансляцый, на другі этап, здараецца, не праходзяць самыя моцныя канкурэнты, затое трапляюць куды слабейшыя. Гэта значна спрошчвае далейшую працу журы: адбіраць пераможцаў сярод тых, хто застаўся, становіцца куды прасцей. І публіка, што прыйдзе толькі на трэці тур (ну хто вытрымае суцэльны тыдзень з ранку да вечара, калі ва ўсіх праца?), будзе пераканана, што патрапіла на самых-самых.
Штосьці падобнае было і тут. Да прыкладу, у праграме не аказалася такіх адметных, цікавых на пастаноўчыя прыдумкі спектакляў для дзяцей і юнацтва, як “У краіне нявывучаных урокаў” сталічнага тэатра лялек (памятаеце такі мульцік яшчэ савецкіх часоў?), “Пінокіа” Вялікага тэатра. Так, згаданыя калектывы трывала былі ў лідарах. Маўляў, наспеў час даць дарогу іншым? Мэта неблагая, асабліва задача максімальна падтрымаць рэгіёны. Цудоўна! Але ж тут заўсёды ёсць два шляхі: паказаць, куды і як трэба рухацца, — ці проста рознымі спосабамі “пасунуць” папраўдзе моцных канкурэнтаў. Які варыянт абяром надалей? Хацелася б першы.
ВАМ ЯКУЮ КАРОНУ?
Яшчэ адным фактарам, што не дазволіў скласці адэкватную карціну развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва, стала праславутая пандэмія. На час правядзення конкурсных праглядаў прыпала чарговая хваля захворванняў, з-за чаго калектывы былі вымушаны пераносіць, а то і папросту адмяняць запланаваныя спектаклі. Іншымі словамі, замест кароны пераможцаў іх спасцігала іншая “карона” — каранавірус. І калі паказы былі запланаваны не на першыя, а на апошнія дні конкурсных праглядаў, гэта была сапраўдная катастрофа: пераносіць іх кудысьці было немагчыма.
Сцэны са спектакля “Джэк-патрашыцель”.
З-за гэтага практычна знікла канкурэнцыя ў секцыі “Тэатр лялек”: з пяці заяўленых спектакляў журы прагледзела толькі два. Не прыехаў Брэсцкі тэатр лялек з выдатным спектаклем “Сотнікаў” паводле В.Быкава, не былі паказаны сталічныя “Нататкі юнага лекара” і “Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі”. З “…Лекарам” хвароба ўвогуле расправілася жорстка. Спачатку спектакль быў перанесены, але і той паказ адмянілі, прычым літаральна за паўгадзіны да пачатку, бо артыстцы тэрмінова выклікалі “хуткую дапамогу”.
Дый у секцыі “Тэатр драмы” ўдзельнікаў стала меней. І, што асабліва крыўдна, мінскія гледачы не ўбачылі ніводнага з двух заяўленых спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа з Віцебска.
Вядома, на конкурсах здараюцца неспадзяванкі. Але, магчыма, надалей трэба падумаць пра розныя варыянты паказаў? Улічваючы сённяшнюю няпростую сітуацыю, многія конкурсы і фестывалі свету сыходзяць у анлайн-фармат ці сумяшчаюць яго з “жывымі” праглядамі. Зразумела, ніякая самая добрая трансляцыя не параўнаецца з дыханнем сцэны, але ў цяперашніх умовах такі пад ыход мог бы пашырыць уяўленне пра тое, што і як адбываецца ў нашых тэатрах: як яны развіваюцца, у які бок крочаць. Бо, мяркуючы па тым, што было рэальна паказана (і, адпаведна, узнагароджана), беларускае тэатральнае мастацтва застаецца пераважна на ранейшых пазіцыях традыцыяналізму: у канчатковай праграме конкурсу, асабліва сярод тэатраў лялек і драмы, практычна не засталося больш ці менш авангардных пастановак, разлічаных найперш на маладзёжную аўдыторыю (некаторым выключэннем стала хіба перанесеная “Князёўна Мэры” Тэатральнага праекта “ТрыТфармаТ”).
Пры такім раскладзе самым прагрэсіўным выглядала напаўненне секцыі “Музычны тэатр”. Оперы Вялікага тэатра “Фаўст” у пастаноўцы Ганны Маторнай, “Вілісы. Фатум”, дзе ўпершыню выступіла рэжысёрам знаная оперная прымадонна Аксана Волкава, мюзікл-дэтэктыў “Джэк-патрашыцель” Маладзёжнага тэатра эстрады — гэта папраўдзе новы для нашай тэатральнай прасторы крок, адпаведны найноўшым сусветным тэндэнцыям. Але ж калі ўлічваць цалкам усю карціну развіцця беларускага мастацтва, дык наперадзе апынуцца з’явы, больш шчыльна звязаныя з разнастайным сінтэзам усяго магчымага і немагчымага: “Шлюб з ветрам” РТБД, “Мяшчанскае вяселле” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, “Пікавая дама” Магілёўскага абласнога драмтэатра, згаданыя “Нататкі юнага лекара” і многія-многія іншыя памкненні (і, дададзім, маладзёжныя эксперыменты на малой сцэне), што пашыраюць тэатральныя межы.
ЗМЕНА ПРАВІЛАЎ ГУЛЬНІ
У час урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў, якая праз два дні транслявалася тэлебачаннем на ўсю краіну, пытанняў узнікала шмат. І адно з галоўных — поўны склад журы ўсіх секцый, а таксама адборачных камісій. Членаў журы, кіраўнікоў тэатраў і некаторых іншых удзельнікаў пасадзілі наўпрост на сцэну. Але разгледзець абсалютна ўсіх ды яшчэ здагадацца, якую менавіта секцыю той ці іншы член журы прадстаўляе, было немагчыма. Запомніліся хіба тыя, хто выходзіў уручаць памятныя статуэткі і дыпломы. А тых, хто сядзеў не наперадзе, а крыху далей, на экране ўвогуле бачна не было. Дый вядучыя называлі толькі тых, хто падыходзіў да мікрафону.
Сцэна са спектакля “Варшаўская мелодыя”.
Між тым, поўны склад “судзейскай калегіі”, які абвяшчаецца калі не ў час конкурсных праглядаў, дык у фінале спаборніцтва, — адна з цалкам заканамерных традыцый. Памятаю, што раней, нават калі не называлі ўсіх, дык давалі імёны на экране: гэта сапраўды вельмі важная дэталь любой падобнай імпрэзы.
Але, падобна на тое, у нас “умовы гульні” любяць змяняцца. У тым ліку ў час самога конкурсу. З аднаго боку, разглядаюцца непасрэдна толькі тыя спектаклі і, падкрэслю, у тым складзе, што быў на самім конкурсным праглядзе. З другога боку, найлепшым дырыжорам становіцца Аляксандр Анісімаў, які рыхтаваў балет “Пер Гюнт”, уклаў у яго нямала сіл, але ж не быў заяўлены Вялікім тэатрам у якасці намінанта на прэмію і, галоўнае, не кіраваў тым спектаклем, які ішоў у конкурснай праграме. Нічога не маю супраць самога шаноўнага дырыжора, але… Атрымліваецца нейкая “падвойная бухгалтэрыя”?
Гэты прыклад самы, бадай, яскравы, але не адзінкавы. Калі прытрымлівацца логікі, дык тады трэба было разглядаць і тыя спектаклі, што па ўважлівых прычынах не былі паказаны. Ці члены журы (а ў іх склад, канешне, уваходзяць самыя дасведчаныя спецыялісты ў адпаведнай галіне) па тэатрах не ходзяць? Нават па сталічных. І нават на самыя нашумелыя спектаклі, што атрымалі вялікі розгалас. Нейкая “нестыковачка”. Магчыма, трэба зноў вярнуцца да конкурсных умоў? І штосьці перагледзець, удакладніць, каб падобных незразумелых дзівацтваў надалей не было.
Так што галоўны вынік Нацыянальнай прэміі — усё той жа самы, як і раней: яна патрабуе ўдасканалення. І пачынаць трэба з самога складання праграмы. Дакладней, з пытання: нам патрэбна рэальная карціна ўсяго самага лепшага?
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ