5 лістапада адбылося афіцыйнае адкрыццё першай чаргі аднаўлення Гарадзенскага Старога замка, а наступным днём музейныя залы ўжо адкрытыя для грамады. Падзея доўгачаканая. Распачалася праца над вяртаннем гарадзенскай славутасці былой велічы ў 2017 годзе. Праект зыходна ўспрымаўся грамадствам справаю не рэгіянальнага, але нацыянальнага маштабу.
Усюды, дзе экспанаваўся праект адбудовы, ён трапляў у цэнтр увагі. Было зразумела, што адроджаны Стары замак не проста становіцца ў адзін шэраг з іншымі нацыянальнымі брэндамі — Мірскім замкам, Нясвіжскім і Косаўскім палацамі, але, хутчэй за ўсё, мусіць узначаліць агульнабеларускі рэйтынг. Рэч у тым, што згаданыя шэдэўры дойлідства ад самага пачатку былі ўласнапрыватніцкімі ўладаннямі. Яны — сведчанні наяўнасці ў беларускім грамадстве даўніх часоў нацыянальнай эліты, моцнай культурна і эканамічна. А Гарадзенскі Стары замак — каралеўскі. Гэта рэзідэнцыя Стэфана Баторыя. Гародня падчас ягонага каралявання фактычна была сталіцай федэратыўнай дзяржавы. Гэты замак — матэрыяльны аргумент на карысць сцвярджэння, што зямля, якая сёння называецца Беларуссю, была дзяржаваўтваральнай і для Вялікага княства, і для Рэчы Паспалітай.
Пачатак гісторыі Старога замка — з ХІ стагоддзя. Напрыканцы XIV гэта адна з асноўных рэзідэнцый Вітаўта. Пры ім на тэрыторыі замка была пабудаваная Ніжняя царква. Яе падмурак і рэшткі сцен захаваліся па сённяшні дзень. Той замак быў гатычным. Каля 1580 года вялікі князь і кароль Стэфан Баторый вырашыў перабудаваць яго ў стылі Рэнесансу. На каралеўскую замову зрабіў гэта італьянскі архітэктар Скота з Пармы.
У 1655 годзе Стары замак быў цалкам разбураны падчас вайны з Масковіяй. Адбудоўваў яго стараста гарадзенскі і канцлер літоўскі Кшыштаф Жыгімонт Пац. З 1678 год тут праводзіўся адзін з трох дзяржаўных сэймаў. Потым былі Паўночная вайна і чарговыя разбурэнні, вялікі пажар 1735 года, пасля якога замак на стагоддзі страціў велічнае аблічча. У сярэдзіне XVII стагоддзя пры Аўгусце ІІІ побач са старым будынкам замка паўстаў новы, які з’яўляўся летняй каралеўскай рэзідэнцыяй.
ХХХ
Цяпер Старому замку вяртаюць рэнесансны выгляд. Першая чарга рэканструкцыі доўжылася чатыры гады. Для наведвальнікаў адкрытыя вежа ўязной брамы, галерэя з памяшканнямі рознага прызначэння: камяніца, дзе жыў, гаворачы сучаснай мовай, абслугоўваючы персанал, і яшчэ адна вежа. Усё даводзілася рабіць фактычна з нуля. Першая чарга — гэта сем экспазіцыйных залаў. Частка прысвечана ўтварэнню Гарадзенскага княства і развіццю Вялікага Княства Літоўскага, частка — асобе Стэфана Баторыя. Ёсць і візуалізаваны аповед пра Гародню ХVI — XVII cтагоддзяў. У памяшканнях замка адноўлены аздобленыя кафляй печы.
Гэта ўсё стала магчымым дзякуючы творчай супрацы навукоўцаў, рэстаўратараў, мастакоў. Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, чыя спецыялізацыя — манументалістыка, распавёў нашаму карэспандэнту пра непасрэдны ўнёсак ягоных калег у адраджэнне Гарадзенскага Старога замка.
Фрагмент адноўленага фасада.
Старыя артэфакты ў новых інтэр'ерах.
З гэтай пляцоўкі адкрываецца цудоўны від на горад.
Нашы сталыя чытачы ведаюць, што ў свой час нацыянальная праграма “Замкі Беларусі” была ініцыяваная кіраўніцтвам Міністэрства культуры, а газета “Культура” забяспечвала інфармацыйную падтрымку праграмы, распавядаючы пра мінулае і сучасны стан каменных сведак велічнай і драматычнай гісторыі нашай краіны. Тады, напачатку, шмат хто не верыў, што яна будзе рэалізаваная, бо, маўляў, няма грошай, прынамсі ў патрэбнай колькасці, матэрыяльных рэсурсаў, зрэшты — адпаведнага досведу. Але, як бачым, цуды здараюцца. І гэты цуд цяпер упрыгожвае замкавую гару ў старажытным Гродне.
Фота аўтара
Мінск — Гродна — Мінск