Жаданне паведаміць пра беларускі перыяд жыцця Яна Рустэма, як мне падаецца, самы светлы ў яго жыцці, паступова перарасло ў намер распавесці нашым чытачам пра шмат што іншае. Бо, як аказалася, нягледзячы на яго важны ўнёсак у гісторыю беларускага мастацтва, у нас яму не прысвечана аніводнай манаграфіі, а змястоўных папулярных публікацый зусім не шмат (гл. “Мастацтва” № 3, 2008). У Літве Рустэм не-не ды і з’яўляецца персанажам доктарскіх дысертацый і юбілейных выстаў. У Беларусі ж ён пакуль больш вядомы ў якасці настаўніка такіх вядомых мастакоў ХІХ стагоддзя, як Юзаф Аляшкевіч, Валянцін Ваньковіч, Ян Дамель, Напалеон Орда, Канут Русецкі, Іван Хруцкі, Вінцэнт Дмахоўскі і многіх іншых.
Добрай нагодай звярнуць пільную ўвагу на асобу Рустэма ў 2022 годзе стане не зусім класічны юбілей — 260 год з дня нараджэння мастака. Спадзяемся, што Нацыянальны мастацкі музей Беларусі зверне ўвагу на гэтую цудоўную нагоду распавесці пра далёка не ўсім вядомага мэтра.
Беларускімі сцежкамі Яна Рустэма
Ну а мы распачнем з таямніц яго жыцця.
Загадкі паходжання
Амаль 200 год мінула, як пайшоў у іншы свет наш герой. Але і да гэтага часу не высветлена, кім дакладна былі яго бацькі. На гэта пытанне не змаглі адказаць нават куратары віленскай выставы “Ян Рустэм. Мастак і настаўнік” (2012 год). І гэта нягледзячы на тое, што рыхтавалася яна Віленскай мастацкай галерэяй у супрацы з Бібліятэкай Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, Бібліятэкай Віленскага ўніверсітэта і Дзяржаўным гістарычным архівам Літвы — вядомымі скарбонкамі архіўных таямніцаў. Вось, што было напісана ў тэксце анатацыі да выставы: “Мастак пакінуў супярэчлівыя сведчанні аб сваім паходжанні. У адных крыніцах бацька ўзгадваецца як былы грэцкі купец, у іншых — як армянскі купец, а маці — францужанка”.
Аўтар самай поўнай біяграфічнай даведкі пра Рустэма Анджэй Рышкевіч сцвярджае, спасылаючыся на літоўскага даследчыка Уладаса Дрому (а той, у сваю чаргу, на ўніверсітэцкія акты датычныя мастака), што маці Яна Рустэма звалі Францішка Вілюазэн (Villoisin). А бацька, які запісаны як “армянскі купец па імені Францішак”, верагодна, быў туркам. Такім чынам, кім быў той Францішак Рустэм — “грэк, турак або армянін”, не вядома і дагэтуль. Паходзіў Рустэм з Пера, хрысціянскага прыгарада Канстанцінопаля (Стамбула). Так напісаў у 1838 годзе ў першым буйным нарысе жыцця і творчасці мастака яго вучань Вінцэнт Смакоўскі.
Партрэт Караліны Солтан, Ян Рустэм (1790-я гады).
Даследчыкі сцвярджаюць, што “дзесяцігадовы” сірата Ян Рустэм быў узяты пад апеку князем Адамам Казімірам Чартарыскім недзе ў 1772–1774 гадах. Але згодна з вельмі добра распрацаванай біяграфіяй Чартарыскага пра “Стамбульскі трып” князя нічога невядома. Так, у 1768 гозе, калі ў Рэчы Паспалітай выбухнула Барская канфедэрацыя (паўстанне супраць караля Панятоўскага і расійскага ўмешвання ў справы краіны), бацькі князя адправілі яго ў Еўропу (Саксонія, Англія, Аўстрыя). Другое турнэ ён здзейсніў у 1772 годзе (Галандыя, Англія), у 1773 пабываў у Пецярбургу, прысягаючы на вернасць Кацярыне ІІ, потым адправіўся ў Бельгію, а напрыканцы 1773 года апынуўся ў Парыжы, дзе звёў знаемства з Жанам-Жакам Русо, славутым філосафам. У маі ж 1774 года Чартарыскі ўжо быў у Варшаве, у 1775 пабываў у Расіі. І ўсе гэтыя геаграфічныя перасоўванні праходзілі пад “сцягам” насычанай палітычнай і грамадскай дзейнасці. Іншымі словамі, вандроўка ў Стамбул… застаецца пад пытаннем.
Еўрапейскія дарогі Рустэма
Як лічыў Станіслаў Лорэнц, польскі мастацтвазнаўца, з’яўленне Рустэма ў Рэчы Паспалітай выглядала даволі таямнічым. І адбыцца магло не раней за 1774 год, а хутчэй было ў 1775–1776 гадах. Далей ён патрапіў пад апеку мастака-француза Жана-П’ера Норбліна, у якога атрымаў першапачатковую мастацкую адукацыю. Норблін (будучы прыдворны каралеўскі мастак) у Рэчы Паспалітай апынуўся ў 1774 годзе дзякуючы запрашэнню Адама Чартарыскага і спярша быў у дзяцей князя выкладчыкам малюнка. Атрымаўшы першую мастацкую адукацыю ў Норбліна, Рустэм нейкі час працаваў у каралеўскім атэлье Марчэла Бачарэлі, другога каралеўскага мастака, італьянца родам.
Пра Рустэма таксам вядома, што ў 1788 годзе ён апынуўся ў Берліне, дзе працягваў мастацкую адукацыю.
Цікава, што далей у біяграфіі Рустэма ізноў пачынаюцца рознагалоссі.
Берлін-Трэптаў-Слонім-Варшава-Дзятлава
Пішучы да 100-й гадавіны смерці Яна Рустэма сваю публікацыю, Станіслаў Лорэнц карыстаўся сярод іншага г.зв. “штамбухам” мастака. Такія альбомы, дзе знаёмыя ці сваякі пакідалі свае аўтографы, вершы ці малюнкі, былі ў тыя часы ў вялікай папулярнасці. Так з’явілася меркаванне, што побыт у Нямеччыне быў толькі завяршальным этапам “замежнага курса навучання” Рустэма. Не выключаем такой мажлівасці, бо звестак пра ранейшы перыяд вельмі мала.У 1790-м годзе, рухаючыся ў бок Рэчы Паспалітай, Рустэм “адзначыў” у шмтамбухе горад Трэптаў (сёння Тшэбятаў, на захадзе Польшчы, каля самага Балтыйскага мора). У тым самым годзе Ян Рустэм нібыта працуе ўжо ў ВКЛ, у Слоніме, над дэкарацыямі ў тэатры князя Міхала Казіміра Агінскага. А вось тое, што ў 1792 годзе, як сведчаць даследчыкі “malarz Rustin” жыў “самотна” ў Варшаве на вуліцы Лешна, дом нумар 657, гэта факт. У гэты ж час Рустэм працягвае вучобу і працу ў сваіх старых знаёмых Норбліна і Бачарэлі. Крыху пазней пачынаюцца вандроўкі па сядзібах ВКЛ, дзе таленавітага мастака, якога падтрымліваў князь Чартарыскі, заўсёды прымалі ахвотна. Такім чынам “мэтр Рустэм” і патрапіў у Дзятлава, з якім дарэчы звязаў свой лёс на пяць год.
Русцін-Рустэн-Рустэм
Уласна, тое, што Рустэм бываў і працаваў у Явары і Дзятлава ў Солтанаў, не было таямніцай. І нават тое, што ў Дзятлава ён ажаніўся з нейкай Ганнай, з якой меў дачку, таксама было вядома з крыніц, якія даводзілі некаторыя даследчыкі.
Адам Казімір Чартарыскі (Мары Элізабет Луіза Віжэ-Лебрэн, 1793).
Але ж прыйшоў час больш падрабязна распавесці пра гэтыя акалічнасці “ў фарбах”. Метрычныя кнігі дзятлаўскага парафіяльнага касцёла за 1793–1797 гады, хоць і даюць адказы на некаторыя пытанні, але адначасова ставяць новыя. Дзякуючы метрыкам, у якіх згадваецца імя Яна Рустэма і яго будучай жонкі, становіцца вядомым кола добрых знаёмых Рустэмаў. Магчыма, дзятлаўцам ці краязнаўцам пададуцца знаёмымі прозвішчы Урбановічаў, Хілінскіх, Тумілоўскіх, Лахніцкіх, Сульжынскіх (Шульжынскіх), Радзішэўскіх, Сабалеўскіх, у якіх Рустэм і яго жонка былі хроснымі бацькамі дзетак. У гэты час Рустэм знаходзіўся пад апекай сваіх патронаў — славутага палітычнага і грамадскага дзеяча ВКЛ Станіслава Солтана і яго жонкі Францішкі-Тэафілы Радзівіл.
Метрыка дапаўнення хросту Ганны Рустэм.
Цяпер пра прозвішча Рустэм. Такую форму яно набыло, падаецца, не адразу. У Варшаве ён быў вядомы як Русцін (1792). У метрыках Дзятлава ён выступае як Rustin, Rusten (па-французску — ржавець), Rusent (па-французску — хітрасць), Rustim, Rustym і Rustem. Такія метамарфозы не могуць не здзівіць. Апошні варыянт, дарэчы, які стаў кананічным, з’яўляецца цюрскай транслітэрацыяй імя персідскага міфалагічнага героя Рустама. А вось ці было такім прозвішча Яна Рустэма да пераезду ў ВКЛ, варта было б спраўдзіць.
Ажаніўся мастак недзе ў 1795-1796 гадах. Калі нарадзілася і была ахрышчана адной вадой іх дачка, пакуль невядома. Але дапоўнілі хрост святым алеем Ганны-Францішкі-Фларыяны дачкі Вяльможных Яна і Ганны з Кунертаў Рустэмаў 4(15) лістапада 1796 года.
Хроснымі бацькамі яе сталі Яснавяльможны Ігнат Лахніцкі, палкоўнік войска ВКЛ, Канстанцыя Солтан, дачка літоўскага надворнага маршалка Станіслава Солтана, асіставаў Яўхім Кміта, Наваградскі земскі суддзя, Антаніна Лахніцка (жонка Ігната), Міхал Дашкевіч, Гарадзенскі земскі пісар, Ганна Солтан (сястра Канстанцыі, будучая жонка Антона Ваньковіча), Адам Есьман, Слонімскі земскі суддзя, Францішка Солтан (жонка Станіслава), Ян Сухадольскі, Тарэза Солтан, Элеўтэры Семірадскі, Наваградскі земскі суддзя і Тэкля Сухадольская, жонка Яна.
Кампанія, што і казаць, падабралася пачэсная. Можна ўявіць сабе, колькі прагучала віватаў за доўгае і шчаслівае жыццё дзяўчынкі і колькі было выпіта венгерскага ў той дзень у палацы Солтанаў.
(Працяг будзе)